“Як маешся?” – “Я не маюся, а жыву добра!” Ці ўсё правільна ў гэтых сказах?

У лістападаўскім нумары “Каталіцкага Весніка” мы гаварылі пра асаблівасці выкарыстання ў вуснай камунікацыі асобных фразеалагізмаў, у прыватнасці спалучэнняў ні рыба ні мяса і ў яго не ўсе дома. За апошнія тыдні аўтар матэрыялу атрымаў яшчэ некалькі дадатковых пытанняў адносна мэтазгоднасці ўжывання ў беларускай мове пэўных фразем. Мы паспрабуем асвятліць некаторыя ўзнятыя праблемы ў наступных нашых публікацыях. А сёння звернемся да пытання ад чытачкі з Маладзечна (на жаль, яна сябе не назвала), якая падзялілася такой вось гісторыяй. У тэлефоннай гутарцы са сваёй пляменніцай яна спытала: “Як ты маешся?” На што тая нервова, нават з нейкай крыўдай у голасе адказала: “Я не маюся, а жыву добра!” У выніку ўзнікла пэўная няёмкасць, бо суразмоўніца нашай чытачкі па-свойму ўспрыняла сэнс пытання, праз асацыяцыю з дзеясловам маяцца, які ў беларускай літаратурнай мове не ўжываецца, але фіксуецца ў гаворках, сустракаецца ў размоўным стылі і з’яўляецца сінанімічным да слоў “мучыцца, пакутаваць”. Дык вось пытанне чытачкі “Каталіцкага Весніка” датычыць таго, ці можна так сказаць па-беларуску: “Як ты маешся?”

Адразу падзякуем нашай чытачцы і за канкрэтнае пытанне, і за добрае адчуванне беларускай мовы, за такі адмысловы, можна сказаць, вытанчаны моўны густ. І паспрабуем разабрацца з гэтай канструкцыяй.

“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (ТСБМ. – Мінск. – 1979. – Т. 3) падае адно са значэнняў дзеяслова мецца як “адчуваць сябе” (с. 147). Прывядзём пару прыкладаў з тэкстаў мастацкай літаратуры: – Як маешся? – разглядаючы вільготнымі вачыма сябра, спытаўся Цімка (Уладзімір Карпаў); Раніцой, перад пачаткам урокаў, Клава заглянула ў школьны сад: як там маюцца яе бярозкі (Алесь Якімовіч). Ці іншыя прыклады выкарыстання згаданай канструкцыі ў кантэксце: – Здароў! Даўно не бачыліся. Ну раскажы, як маешся? – Ды дзякуй, нічога сабе маюся… Дзеці ўжо дарослыя, параз’язджаліся. А мы з жонкай удваіх цяпер… Або яшчэ: – Вітаю, сябры мае! Як маецеся? Столькі хачу вам расказаць!..

У прыведзеных фрагментах канструкцыя Як маешся? (Як маецеся?) выкарыстоўваецца са значэннем Як у цябе справы? (Як у вас справы?). Гэта дастаткова папулярны беларускі зварот да чалавека ці групы асобаў, з якімі мы не бачыліся ці не размаўлялі пэўны час, каб пацікавіцца іх справамі. У сэнсе, пытанне магло б так і выглядаць: Як у цябе справы? (Як у вас справы?). Калі ж аналізаваць абедзве сінанімічныя канструкцыі ў гістарычным кантэксце, то спалучэнне як маешся істотна даўжэй існуе ў нашай мове, чым фраза як справы. Ветлівы зварот як маешся зафіксаваны яшчэ ў пісьмовых крыніцах ХV стагоддзя, хоць у рэальнасці ён ужываўся ў старажытнай беларускай мове і раней. Тут прасочваецца непасрэдная асацыяцыя з падобнай польскай канструкцыяй Jak się masz?, што даслоўна так і перакладаецца: Як ты маешся? Але няма ніякіх сур’ёзных падстаў лічыць, што беларускі варыянт пазычаны з польскай мовы. Такое падабенства тлумачыцца блізкароднасцю дзвюх моў, агульнымі тэндэнцыямі ў фарміраванні лексічнага складу на пэўным гістарычным этапе. Таму па-беларуску фраза Як ты маешся гучыць не проста правільна, але яна яшчэ і перадае адмысловы шматвяковы дух нашых нацыянальных вербальных традыцый, падкрэслівае вытанчанасць і далікатнасць у пастаноўцы самога пытання.

Цяпер што датычыць непасрэдна адказу суразмоўніцы нашай чытачкі на яе пытанне “Як маешся?” – “Я не маюся, а жыву добра!” Відавочна, аўтарам гэтага адказу няправільна разумеецца сэнс пытання, ён зблытаны са значэннем размоўнага дзеяслова маяцца – “мучыцца, пакутаваць”. У сувязі з гэтым прыгадаем досыць распаўсюджаныя забабоны наконт таго, што нельга жаніцца ці выходзіць замуж у маі: будзеш усё жыццё “маяцца”. Ці варта верыць, што калі ажаніцца ў маі, то ўсё жыццё будзеш “маяцца”? На гэтае пытанне выдатна адказаў а. Аляксандр Махнач SP.

Такім чынам, у беларускай мове ўжываюцца дзве сінанімічныя канструкцыі: Як ты маешся? Як у цябе справы? Пры гэтым першая з іх, яшчэ раз падкрэслім, з’яўляецца больш старой і ў большай ступені перадае дух нашай мовы, яе этнакультурны складнік.

Спадзяёмся, што гэты матэрыял паспрыяе яшчэ шырэйшаму выкарыстанню аналізаванага спалучэння ў камунікацыі і павышэнню культуры маўлення ўвогуле.

 Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі