«Усё рабіце з любоўю». Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант бежмавання ў Дзеркаўшчыне

9 мая біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч наведаў парафію Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне, якая ў гэты дзень адзначала патройнае свята.

Па-першае, гэта парафіяльны адпуст ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, па-другое, 9 мая адзначаецца як памяць аб перанясенні рэліквій святога арцыбіскупа Мікалая з Малой Азіі ў у італьянскі горад Бары ў 1087 годзе. Святы Мікалай лічыцца патронам Дзеркаўшчынскай парафіі, гэтага святога ўшаноўваюць тут з даўніх часоў. А па-трэцяе, 64 вернікі з Дзеркаўшчыны і Канстанцінава падрыхтаваліся да прыняцця сакраманту канфірмацыі.

Пастыр дыяцэзіі адзначыў, што арцыбіскуп Мікалай прызнаны святым як у католікаў, так і ў праваслаўных, гэта тая асоба, якая можа яднаць усіх хрысціян.

Падчас гаміліі ардынарый звярнуўся да кандыдатаў: “Вы павінны быць сведкамі Езуса”. Гэтыя словы актуальныя і сёння, асабліва для тых, хто прымае сакрамант бежмавання, бо гэты шлях не вядзе да знішчэння жыцця, але да прабывання ў Нябесным Валадарстве. Потым біскуп Алег у жывой размове з вернікамі  ў пытаннях і адказах паразважаў над дарамі Духа Святога і заклікаў усё рабіць з любоўю. “Шукайце Духа Божага ў вашым жыцці, бо Дух паказвае кім ты ёсць і куды ідзеш, і прасіце, каб ваша хрысціянскае жыццё прыносіла найлепшы плён — любоў”.

Пасля іерарх удзяліў падрыхтаваным кандыдатам сакрамант хрысціянскай сталасці, бо чалавек прымае яго не ў дзяцінстве, але ўжо свядома.

Падчас малітвы вернікаў узгадалі таксама просьбу аб вечным супакоі для душаў, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне, а таксама аб тым, каб больш на свеце не было такіх кровапралітных войнаў.

Напрыканцы Імшы парафіяне звярнуліся са словамі падзякі да біскупа Алега, які ўдзяліў ім сакрамант канфірмацыі, і да свайго пробашча кс. каноніка Валерыя Орсіка і спадарыні Алены Татун, які рыхтавалі да сакраманту.

Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, ушанаваннем рэліквій святога Мікалая і агульным фотаздымкам закончылася ўрачыстае святкаванне ў касцёле, а на вуліцы прысутных чакаў яшчэ салодкі пачастунак і невялічкі канцэрт.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі