Белы будынак прыгожага храма вітае людзей акурат на ўездзе ў Паставы. Сёння здаецца, ён ідэальна дапаўняе карціну маладога спальнага мікрараёна.
Але так было не заўсёды. Парафія Езуса Міласэрнага ў Паставах зарэгістраваная 17 снежня 2014 года. У 2019 годзе, дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча Анджэя Бульчака, з’явілася драўляная капліца і з благаслаўлення біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча пачалося будаўніцтва новага каталіцкага храма. Прайшло амаль 7 гадоў і вось надышоў важны дзень для кожнага парафіяніна.
13 верасня 2026 года, 15.00 – гадзіна Божай Міласэрнасці, званы велічна граюць мелодыю ўсім вядомага спева “Блаславі нас, добры Езу”, а да прыступак храма набліжаецца ўрачыстая працэсія на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам.
Перад дзвярыма зачыненага касцёла іерарха прывіталі парафіяне і з хваляваннем у голасе заўважылі, што доўга ішлі да гэтага дня, ахвяруючы малітвы, палаючыя сэрцы, фінансавыя сродкі і працу.
Пасля ўступных малітваў, біскуп заўважыў, што гэта вялікая падзея – мы сабраліся перад дзвярыма асаблівага месца сустрэчы чалавека з Богам.
І вось урачысты момант – тры ўдары ключом, расчыненыя дзверы, храм напаўняецца гукамі спеву і людзьмі.
На пачатку святой Імшы пробашч парафіі ксёндз Павел Самсонаў прывітаў прысутнага пастыра Віцебскай дыяцэзіі, святароў, сясцёр законных.
Таксама святар адзначыў, што вельмі рады бачыць сярод гасцей свята старшыню Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта Сяргея Васільевіча Чэпіка і яго намесніка Станіслава Уладзіміравіча Чымбурга, прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў і арганізацый, якія зрабілі асаблівы ўклад у будаўніцтва храма.
Словы асаблівага прывітання былі скіраваныя ў бок “вернага сябра і аднакурсніка” радцы Апостальскай Нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі ксяндза пралата Аляксандра Рагіні.
Ксёндз Аляксандр у сваю чаргу заўважыў, што прыехаў у парафію з асаблівым падарункам – пасланнем, прывітаннем і блаславеннем ад Папы Рымскага Льва XIV.
Таксама Святы Айцец перадаў парафіянам каштоўны падарунак – ружанец. Намеснік святога Пятра выказаў надзею, што ў гэтым храме будзе ўзносіцца малітва за Папу, Касцёл, Беларусь.
Пасля абрада благаслаўлення вады, акраплення вернікаў, сценаў касцёла і алтара, прагучаў гімн “Хвала на вышынях Богу”.
Падчас гаміліі біскуп Алег зазначыў, што храм – знак Божай прысутнасці на зямлі, месца Яго хвалы, а людзі ў касцёле – жывыя камяні Святыні Пана.
Ён засяродзіў увагу на тытуле парафіі Езуса Міласэрнага. Абраз, намаляваны мастаком Паўлам Кандрусевічам, і рэліквіі святой Фаўстыны, якія будуць змешчаныя ў алтар, нагадваюць кожнаму пра бязмежную Божую Любоў.
Біскуп пажадаў вернікам адчуваць гэтую Любоў і несці яе бліжнім.
Імша прадоўжылася літаніяй да ўсіх святых. Пасля галоўны цэлебрант прачытаў малітву асвячэння касцёла, намасціў алтар алеем хрызма. У гэты час ксёндз Павел і ксёндз Аляксандр намашчалі сцены новага храма і здзейснілі акаджэнне.
Парафіяне засцялілі алтар абрусом, упрыгожылі яго кветкамі і свечкамі. Пасля храм заяснеў святлом і ззяннем запаленых свечак.
Прыняўшы Святую Камунію, прысутныя заспявалі ўрачысты гімн “Цябе, Бога праслаўляем”, як знак радасці і праслаўлення Бога за дар новай святыні.
У гэты дзень прагучала шмат слоў падзякі Богу і людзям.
А напрыканцы гасцей свята чакаў смачны пачастунак і канцэрт, які падрыхтаваў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны ансамбль «Паазер’е».
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

























































