Новыя рэкамендацыі для Узброеных Сіл Канады абмяжоўваюць згадкі пра Бога падчас афіцыйных мерапрыемстваў. Біскуп Скот Маккейг, ваенны ардынарый Канады, папярэджвае, што гэтае пытанне выходзіць далёка за межы вайсковай сферы. Ён лічыць, што гэта можа стварыць прэцэдэнт для вызначэння месца рэлігіі ў грамадскіх месцах.
Новыя правілы былі апублікаваныя 29 ліпеня. Яны распаўсюджваюцца не толькі на ваенных святароў розных канфесій, але і на іншых асоб, якія займаюцца духоўнымі разважаннямі падчас афіцыйных мерапрыемстваў, звязаных з дзяржаўнай дзейнасцю. Яны павінны ўстрымлівацца ад выкарыстання мовы, якая адносіцца да Бога.
Улады тлумачаць, што гаворка ідзе пра павагу свабоды сумлення і разнастайнасці перакананняў салдат. Аднак біскуп Скот Маккейг адзначае, што для верніка духоўнае жыццё, яго сэнс і мэта непарыўна звязаны з Богам. Такім чынам, загад аб выдаленні рэлігійных спасылак можа паставіць святароў у становішча, якое супярэчыць іх сумленню і вызнанай веры.
Нейтралітэт ці выдаленне рэлігіі?
Ваенны ардынарый падкрэслівае, што спрэчка па сутнасці тычыцца разумення свецкасці дзяржавы. На яго думку, нейтралітэт не павінен азначаць выключэнне рэлігіі з грамадскай сферы, а забяспечваць месца як для вернікаў, так і для няверуючых.
«Для некаторых гэта азначае свабоду ад рэлігіі. Для нас гэта свабода веравызнання або нявер’я, а значыць, і абарона свабоды і магчымасці яе выказваць», — адзначае біскуп Маккейг.
Іерарх занепакоены тым, што правілы, якія тычацца вайскоўцаў, могуць стварыць прэцэдэнт для іншых дзяржаўных інстытутаў. Таму пытанне не толькі ў тым, як святар павінен праводзіць ваенную цырымонію, але і ў тым, якое месца рэлігія будзе займаць у грамадскім жыцці Канады.
Апазіцыя гэта не толькі католікі. Біскуп Маккейг уваходзіць у склад міжканфесійнага камітэта, які займаецца канадскай ваеннай капеланскай службай. Яго члены хочуць працягнуць дыялог з уладамі, патрабуючы мадэлі свецкасці, якая сапраўды абараняе свабоду сумлення.
«Хрысціянскі свет сышоў»
Ваенны ардынарый разглядае цяперашнюю спрэчку як частку значна глыбейшай трансфармацыі заходніх грамадстваў. Як ён адзначае, за вельмі кароткі час мадэль, у якой хрысціянскія каштоўнасці, маральнасць і бачанне чалавецтва былі натуральным арыенцірам для грамадскага жыцця, развалілася.
«Мы знаходзімся ў новым кантэксце. Гэта свецкі кантэкст. Хрысціянскі свет памёр. Мы знаходзімся ў працэсе пераасэнсавання месца рэлігіі ў грамадскім жыцці», — кажа біскуп Маккейг. Аднак, падкрэслівае ён, гэта не азначае, што хрысціяне павінны сысці з грамадскай сферы. Біскуп бачыць цікавасць да Бога і практыкавання веры сярод канадскіх салдат.
«Пазбаўцеся Бога…»
Іерарх таксама спасылаецца на прынцыпы сучаснай культуры, згодна з якімі ліквідацыя рэлігіі прынясе людзям большую свабоду і самарэалізацыю. «Эпоха Асветніцтва давала абяцанні: пазбаўцеся ад Бога, і ў вас будзе больш свабоды, больш радасці і больш самарэалізацыі. Адбылося адваротнае», — лічыць ён.
Нягледзячы на крытыку новых правілаў, біскуп хоча працягваць перамовы з уладамі. Ён адзначае, што на баку дзяржаўных устаноў ёсць людзі, якія гатовыя выслухаць аргументы і перагледзець рэкамендацыі. Мэта — знайсці рашэнне, якое паважае разнастайнасць, дазваляючы святарам рэагаваць на рэальныя духоўныя патрэбы канадскіх салдат.
ekai.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!