Санаторый ці санатор? Гербарый ці гербар? Георгій ці Георг? Якія формы варта выкарыстоўваць у беларускай мове?

Тэму сённяшняга моўнага артыкула падказаў нам спадар Георгій К. з Лепельшчыны. Адразу зазначым, што сам аўтар адрасаванага нам пытання, як прызнаецца, не з’яўляецца сталым чытачом “Каталіцкага весніка”, але час ад часу праглядае газету, якую атрымлівае па падпісцы яго жонка. У прыватнасці, сп-р Георгій цікавіцца моўнымі матэрыяламі, паколькі беларуская мова стала для яго цяпер асноўнай.

“Я ваенны пенсіянер, – піша ён, – гадоў з дзесяць назад неяк нечакана для сябе захапіўся беларускай гісторыяй, культурай, а потым і мовай… А нядаўна адпачываў, папраўляў здароўе у санаторыі. Разам са мною ў адным пакоі жыў філолаг з Мінска (не буду называць яго прозвішча, бо гэта, можа, не зусім карэктна). З ім мы гаварылі па-беларуску, ну як атрымлівалася… Дык вось ён называў мяне Георг, а не Георгій. А таксама казаў санатор, а не санаторый, прафілактор, а не прафілакторый, як мы прывыклі чуць. І пераконваў мяне, што толькі так і павінна быць, што і маё імя – Георгій – гэта не беларуская форма, а ўзятая з рускай мовы. Таму ў мяне і ўзнікла пытанне: можа, маё імя і сапраўды па-беларуску павінна было б гучаць як Георг?”

Прызнаемся, такое пытанне стала для нас досыць нечаканым, бо наўрад ці можна казаць, што мы часта сутыкаемся ў камунікацыі з падобнымі формамі, а таксама з такімі сітуацыямі, якую апісаў аўтар ліста. Але паспрабуем асвятліць узнятую праблему.

Напрыканцы 90-ых гадоў мінулага стагоддзя сапраўды асобнымі лінгвістамі рабіліся спробы пашырыць і нават замацаваць у беларускай мове ужыванне іншамоўных слоў, назваў без фінальнай часткі –ій (-ый). Таму тады нярэдка можна было сустрэць на старонках перыядычнага друку формы кшталту сцэнар, крытэр, каментар, а таксама усечаныя назвы хімічных элементаў: гель (замест гелій), рад (замест радый), алюмін (замест алюміній) і г.д. (Дарэчы, у “Перыядычнай сістэме хімічных элементаў” Дз. Мендзялеева налічваецца 61 назва зна –ій, -ый). Матывавалася гэта тым, што фіналь –ій (-ый) ніколі не ўжывалася ў беларускай мове, што яна ёсць толькі ў рускай мове і перанесеная ў нашую мову адтуль. Адразу скажам, што гэта не зусім прафесійны падыход да праблемы, а толькі павярхоўны погляд на сутнасць названага лінгвістычнага факта. На ўсякі выпадак заўважым, што формы з фіналлю –ій (-ый) пашыраныя і ў блізкароднаснай украінскай мове (санаторій, солярій, гербарій, Андрій, Олексій). У беларускай мове ўжывалася і ўжываецца вялікая колькасць тэрмінаў і спецыяльных паняццяў іншамоўнага паходжання з заканчэннем на –ій (-ый). Напрыклад, біялагічныя паняцці (пескарый, сімподый), геалагічныя (алювій, дылювій), гістарычныя (карбанарый, патрыцый), літаратуразнаўчыя (амфібрахій, пірыхій) і г.д. Мы ўжо не кажам тут пра вядомыя ўсім назоўнікі кшталту мараторый, планетарый, кафетэрый, гербарый.

Яшчэ адзін вялікі пласт лексікі з фіналлю –ій (-ый) – гэта ўласныя імёны: Авідзій, Вергілій, Гарацый, Юлій Цэзар, Везувій, Меркурый і інш. І вось цікава, як бы тады гучалі названыя ўласныя назоўнікі, калі б мы не ўжывалі канцавога –ій (-ый)? Зразумела, што гэты аспект наўрад ці варта абмяркоўваць усур’ёз. Увогуле тут мы маем справу не з аб’ектыўным разуменнем асаблівасцяў выкарыстання ў мове падобных іншамоўных назваў, а з прыватным меркаваннем асобных лінгвістаў. Хоць дзеля справядлівасці адзначым, што і цяпер формы кшталту сцэнар ці каментар часам фіксуюцца і ў вуснай камунікацыі, і ў публіцыстычных тэкстах. Але ўсё ж было б няправільным лічыць іх асноўнымі, дамінантнымі. Бо ў адваротным выпадку парушыўся б прынцып сістэмнасці, упарадкаванасці беларускай словаўтваральнай мадэлі.

Таму, адказваючы на пытанне сп-ра Георгія К., канстатуем, што правільнымі ў нашай мове сёння з’яўляюцца формы санаторый, гербарый, як і імя Георгій.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял дапаможа разабрацца ў магчымых спрэчных сітуацыях, звязаных з ужываннем асобных назоўнікаў грэцкага ды лацінскага паходжання ў сучаснай беларускай мове.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі