Фразеалагізмы рэлігійнага паходжання ў сучаснай беларускай мове

У апошніх мінулагодніх нумарах “Каталіцкага весніка” мы абмяркоўвалі асаблівасці ўжывання ў беларускай мове некаторых фразеалагізмаў. Гэтая тэма аказалася дастаткова цікавай для нашых чытачоў. Аўтар матэрыялу атрымаў цэлы шэраг канкрэтных пытанняў адносна асаблівасцяў функцыянавання ў камунікацыі розных устойлівых спалучэнняў. Але сёння мы паспрабуем крыху асвятліць тэму, узнятую нашай чытачкай са Шчучыншчыны спадарыняй Вандай К.

У прыватнасці, яна пытаецца, як часта выкарыстоўваюцца ў беларускай літаратурнай мове ўстойлівыя спалучэнні, што маюць рэлігійны характар, паходзяць з тэкстаў Святога Пісання? Так, сп-ня Ванда піша: “Неяк апошнім часам я стала больш услухоўвацца ў казанні нашага святара, стала заўважаць, што ён нярэдка прыводзіць у прыклад тыя ці іншыя словы, што ёсць і ў Бібліі, і ў Евангеллі, нават калі проста размаўляе з парафіянамі. Дык вось у мяне і ўзнікла пытанне: а ці часта ўжываюцца ў беларускай літаратурнай мове фразеалагізмы рэлігійнага паходжання? І якія з іх найбольш папулярныя?” Нам згаданае пытанне падалося сапраўды цікавым і актуальным, таму паспрабуем крыху пагаварыць пра гэта.

Безумоўна, у сучаснай беларускай мове рэгулярна ўжываюцца ўстойлівыя канструкцыі, што прыйшлі з мовы царкоўнаславянскай, з перакладаў Бібліі, з Евангелля, Псалтыра. Спынімся на найбольш частотных, найбольш папулярных выслоўях.

Мяркуем, практычна ўсім носьбітам нашай мовы вядомыя наступныя спалучэнні: час раскідваць камяні і час збіраць камянідля ўсяго свой час; чакаць, як манны нябеснайчакаць з вялікім нецярпеннем; зямля абяцанаяпрывабнае, прыцягальнае месца, куды чалавек марыць трапіць; камень спатыкненнянейкая цяжкасць, перашкода; святая святых нешта таемнае, недаступнае іншым; несці свой крыжмужна пераносіць цяжкасці лёсу; соль зямлінайлепшыя, самыя таленавітыя людзі; хлеб надзённынешта жыццёва важнае, неабходнае для існавання і інш. Названыя фразеалагізмы часта выкарыстоўваюцца і ў сродках масавай інфармацыі, і ў публічных дыскусіях на розныя тэмы.

Дзеля лепшага разумення асаблівасцяў ужывання падобных спалучэнняў непасрэдна ў тэксце прывядзём колькі ілюстрацый з мастацкай літаратуры. Так, напрыклад, спалучэнне альфа і амега мае значэнне “аснова ўсяго, нешта самае значнае”: Уся сіла каўпакоўцаў, можна сказаць, альфа і амега іх стратэгіі і тактыкі заключалася ў няспынным руху – усё наперад і наперад (Алесь Краўчанка). Яшчэ адна дастаткова частотная канструкцыя – на векі вечныя, якая мае значэнне “назаўсёды, навечна”: Я, прызнацца, думаў спачатку астацца тут на векі вечныя, спадабалася мне тут і зямля, і людзі (Кузьма Чорны). Заўважым, што даволі актыўна ўжываюцца ў нашай мове і іншыя фразеалагізмы з названымі кампанентамі, як, напрыклад, век вечны, век-вяком, па векі вякоў, на векі вякоў, па век вечны. Выразна бачна, што на аснове канцэпта век пабудаваны цэлы шэраг фразем з блізкім значэннем.

Хіба кожны адукаваны чалавек знаёмы з фразеалагізмам кесарава кесараві (кесару) са значэннем “кожнаму належнае, тое, чаго хто-небудзь заслужыў”: Я хацеў бы прасіць вас, калега, пазнаёміць мяне з вашай грамадою, бо трэба ж, як кажуць, аддаць кесарава кесараві (Якуб Колас). Канстатуем, што найчасцей хіба дадзенае спалучэнне ўжываецца ў мастацкіх тэкстах у маўленні прадстаўнікоў інтэлігенцыі, у слоўніках звычайна падаецца з паметай “кніжнае”.

Яшчэ адзін досыць частотны фразеалагізм – косць ад косці. Тут таксама можна казаць пра адметны ўзнёслы яго семантычна-стылістычны характар. Звычайна ў мастацкіх тэкстах ці ў вусным маўленні праз яго ўжыванне рэалізуецца значэнне “кроўная роднасць, роднае дзіця, дзецішча каго-небудзь”: І мы, настаўнікі, цела ад цела і косць ад косці народа, павінны спытаць сябе: што ж нам рабіць? (Якуб Колас).

Мы разгледзелі толькі некаторыя ўстойлівыя спалучэнні, якія паходзяць з тэкстаў Святога Пісання. Гэта акурат тыя фразеалагізмы, якія на слыху ў носьбітаў беларускай мовы, якія можна пачуць ці прачытаць практычна штодня. Выразна бачна, што ўсе яны валодаюць пэўнай экспрэсіўнай афарбоўкай, маюць адмысловы семантычна-сімвалічны складнік. Яшчэ раз падкрэслім, што ўсе яны выкарыстоўваюцца падчас пэўных інтэлектуальных гутарак, дыскусій, абмеркаванняў. Згаданыя канструкцыі трывала замацаваліся ў лексічнай сістэме беларускай мовы, дадаючы ёй адмысловай адметнасці і паказваючы на шматвяковыя традыцыі.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі