Тэму чарговага матэрыялу для традыцыйнай моўнай старонкі нам падказала разгорнутае, вельмі падрабязнае і паслядоўнае разважанне чытачкі “Каталіцкага Весніка” спадарыні Марыі К. з Пастаўшчыны. У лісце да аўтара рубрыкі сп-ня Марыя дзеліцца сваімі меркаваннямі адносна асаблівасцяў ужывання пэўных пластоў лексікі ў сучаснай беларускай мове. У прыватнасці, яна звяртае ўвагу, што “мова большасці вясковых жыхароў адрозніваецца ад мовы радыё і тэлебачання, ад мовы газет. Найперш жыхары старэйшага ўзросту, – піша наша чытачка, – маюць у сваім запасе шмат слоў, якіх мы нідзе больш не пачуем. І людзям, што прыехалі з іншых рэгіёнаў Беларусі ці нават з недалёкага горада, бывае часам няпроста зразумець, што гавораць мясцовыя. Дык вось у мяне і ўзнікла пытанне: а ці варта так трымацца за гэтыя рэгіянальныя выразы? Ці не трэба было б пазбягаць “мясцовых” слоў, імкнуцца ўжываць агульнавядомыя, якія ёсць у слоўніках і якія ведаюць усе беларусы? Зразумела, калі чалавек валодае адпаведнымі моўнымі ведамі, можа выказвацца больш-менш нязмушана. Бо тады б мы і нашу літаратурную мову пашыралі б”. Падкрэслім яшчэ раз, што сп-ня Марыя дастаткова падрабязна выклала свой пункт гледжання, падмацаваўшы ўласныя меркаванні згадкамі пра пэўныя жыццёвыя сітуацыі. Усё гэта сведчыць пра тое, што яна мае добрае разуменне асаблівасцяў ужывання беларускай лексікі, хоць і не называе галіну сваёй працы. Паспрабуем крыху асвятліць узнятую праблему.
Лексічны склад беларускай мовы падзяляецца паводле сферы ўжывання на лексіку агульнаўжывальную і лексіку абмежаванага ўжытку. У межах апошняй вылучаюцца яшчэ групы спецыяльнай, жаргоннай і дыялектнай лексікі. Дык вось менавіта пра дыялектную лексіку і згадвае наша чытачка, кажучы, што яе могуць не разумець жыхары іншых рэгіёнаў нашай краіны. Дыялектызмы (дыялектныя словы) знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы. Гэта значыць, што сапраўды мы іх не пачуем на радыё ці тэлебачанні, не ўбачым на старонках перыядычных выданняў. Але яны часта выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах як надзвычай важны, неад’емны элемент маўленчай характарыстыкі жыхароў пэўнага рэгіёна, як незаменны сродак стварэння мясцовага вербальнага каларыту. Прыгадаем тут раман Івана Мележа “Людзі на балоце”, дзе праз майстэрскае ўжыванне дыялектызмаў пісьменнік перадаў непаўторны моўны каларыт палешукоў. І яшчэ адзін вельмі істотны чыннік: дыялектная лексіка існуе ў вуснай форме, за выключэннем твораў мастацкай літаратуры.
У беларускай мове вылучаюць тры дыялектныя групы або дыялекты (ад грэцкага dialektos – гаворка): паўночна-ўсходні, паўднёва-заходні і групу сярэднебеларускіх (пераходных) гаворак. Зразумела, што на кожнай тэрыторыі пануюць свае дыялектызмы, значэнне якіх можа быць невядомае жыхарам іншых рэгіёнаў. Напрыклад, жыхару Віцебшчыны няпроста часам зразумець асобныя канструкцыі, пачутыя ад знаёмага з Палесся. Як, дарэчы, і наадварот. Прывядзём колькі прыкладаў з мясцовых гаворак Віцебшчыны: бацян – бусел, вараўня – невялікі будынак для захавання бульбы і іншай гародніны, які зімой ацяпляецца; другавей – другі ўкос травы; друкі – прыстасаванне для сушкі канюшыны, гароху, саломы; ісподкі – рукавіцы; карэлы – брудны, запэцканы; кофія – кава; лапсярдак – верхняя мужчынская вопратка (пінжак, паліто); наглюкацца – напіцца гарэлкі, быць моцна п’яным; упуд – моцны спалох і інш. Заўважым тут, што калектывам кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава быў падрыхтаваны і выдадзены “Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны” ў двух тамах (першы том – у 2012 годзе, другі – у 2014). Дык вось названы слоўнік змяшчае каля дзесяці тысяч слоў і словаформаў (!), якія ўжываюцца на тэрыторыі Віцебшчыны, гэта значыць, належаць да паўночна-ўсходняга дыялекта. Мы маем, без сумневу, вялізны лексічны рэсурс, каторы можна выкарыстоўваць у мастацкіх тэкстах і з якога папаўняецца часам літаратурная мова. Непасрэдна адказваючы на закранутае нашай чытачкай пытанне, адзначым, што было б неапраўданым крокам выкрасліць з камунікацыі рэгіянальную лексіку. Гэта азначала б, што мы адмаўляемся ад вялікага пласта слоў, якія стагоддзямі назапашваліся нашымі продкамі, каторыя жылі на пэўнай тэрыторыі. Больш за тое, наяўнасць сваіх адметных лексічных груп у розных рэгіёнах нашай краіны адлюстроўвае агульнае багацце беларускай мовы, падкрэслівае яе важнасць як этнакультурнага феномену ў жыцці нашага грамадства. Таму мы павінны вельмі абачліва, клапатліва ставіцца да гэтай часткі нашай вербальнай спадчыны, занатоўваць моўныя факты і даследаваць іх.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку