На працягу амаль двух гадоў, з 2021 па 2022-і, пры касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку праходзіла «Біблійная школа “Профэтос”» (з гр. — прарок). Мэтай гэтых заняткаў была дапамога хрысціянскім вернікам лепш разумець і глыбей пазнаць Божае слова, каб навучыцца штодзённа жыць ім.
Біблійная школа ў Навагрудку — гэта падставовы курс, які ўводзіць слухачоў у пазнанне і разуменне тэкстаў Старога і Новага Запавету. Тут кожны можа знайсці адказы на найбольш актуальныя пытанні звязаныя з Бібліяй, з гісторыяй яе паўстання, а таксама з пасланнем, якое нясе ў сабе Божае слова для сучаснасці.
На ёй закраналіся розныя тэмы: “кім ёсць Пан Бог?”, “малітва як зварот да Таго, каго я ведаю” і шмат іншага. Гэтыя тэмы дапамагалі раскрыць святары тэолагі: кс. Юрый Жэгарын, кс. Валерый Марціноўскі, кс. канонік Юрый Санько, кс. Аляксандр Мацкевіч, кс. Сяргей Сурыновіч. Акрамя таго, удзельнікі разглядалі дакладны экзэгезіс нядзельнага Божага слова, працавалі са Святым Пісаннем у групах, дзе творчая і сяброўская атмасфера спрыяла плённай працы.
Усе разборы тэмаў з праграмы «Біблійнай школы» былі запісаны. Так як у сустрэчах у Навагрудку прымалі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек з розных куткоў Беларусі, то арганізатар школы кс. Юрый Жэгарын вырашыў запусціць анлайн-курс, каб кожны змог паглядзець і паразважаць над прадстаўленымі тэмамі ў зручны для сябе час.
Анлайн-курс складаецца са 110 відэазапісаў на Youtube-канале>>, якія будуць абнаўляцца 2 разы на тыдзень. Першае відэа будзе 1 сакавіка а 20-й гадзіне.
Будзь прарокам свайго часу! Вывучай і жыві Божым словам!
Марына Сінкевіч
для друку