Папа Леў XIV прыняў адстаўку архімандрыта Яна Сяргея Гаека і прызначыў новым апостальскім адміністратарам для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі айца-студыта Лявонція Тумоўскага.
Айцец Лявонцій (Аляксандр) Тумоўскі нарадзіўся 9 ліпеня 1973 года ў Полацку. 27 мая 1995 года ён уступіў у кляштар манахаў-студытаў пры Унеўскай Лаўры ва Украіне, дзе склаў першыя шлюбы ў 1997 годзе, а ўрачыстыя – у 2000 годзе. Філасофію і тэалогію ён вывучаў у Львоўскай вышэйшай духоўнай семінарыі і Украінскім каталіцкім універсітэце, атрымаўшы ступень магістра тэалогіі. З 2008 па 2018 год удасканальваў адукацыю ў Рыме, дзе атрымаў ліцэнцыят, а пазней – дактарат у тэалогіі ў Папскім усходнім інстытуце.
Дыяканскае пасвячэнне ён атрымаў у 2002 годзе, а святарскае – 18 мая 2003 года. За гэты час ён займаў шэраг пасад: настаяцеля манастыра святых Барыса і Глеба ў Полацку (2003-2008), віцэ-дэкана парафій Беларускай грэка-каталіцкай Царквы (2004-2006) і дэкана Усходняга протапрасвітэрыята (2006-2008), адказнага за душпастырства ўкраінскіх вернікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі (2015), а з 2022 года – адказнага за душпастырства вернікаў Беларускай грэка-каталіцкай Царквы ў Польшчы.
У 1994 годзе Папа Ян Павел ІІ прызначыў айца Сяргея Гаека апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі, а ў 1996 годзе ён атрымаў годнасць архімандрыта. 30 сакавіка 2023 года Папа Францішак заснаваў Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі і прызначыў яе пастырам архімандрыта Гаека.
Каталіцкая супольнасць візантыйскага абраду ў Беларусі з’яўляецца спадчынніцай Брэсцкай уніі 1596 года. Гісторыя гэтай супольнасці ў Беларусі сягае таксама 1798 года, калі была створана Мінская русінская епархія. У 1939 годзе Мітрапаліт Львоўскі, архіепіскап Андрэй Шаптыцкі заснаваў Беларускі экзархат, а ў 1941 годзе Пій XII зацвердзіў яго іерарха ў якасці апостальскага адміністратара.
Пачаткам адраджэння грэка-каталіцкай супольнасці ў Беларусі стаў 1988 год, калі вернікі пачалі грамадзянскую рэгістрацыю сваіх парафій.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
