У Віцебскай дыяцэзіі выйшла кніга In Sinu Jesu – малітоўны дзённік святара

In Sinu Jesu – гэта малітоўны дзённік ірландскага святара, які перажыў асабістую сустрэчу з Хрыстом і дзеліцца ў гэтай кнізе сваімі перажываннямі і словамі Хрыста, пачутымі падчас малітвы.

Як Бог звяртаецца да чалавека — гэта вялікая таямніца. Вядома, што лепш за ўсё Ягоны лагодны голас, напоўнены айцоўскай і сяброўскай любоўю можна пачуць у цішыні. І менавіта цішыні гэты свет найбольш баіцца. Бог прамаўляе асцярожна, ад сэрца да сэрца. Кніга In Sinu Jesu — плён такіх адносін. Адзін бенедыктынскі манах чуў Яго голас падчас малітваў і адарацый і запісаў на бумазе. Да сённяшняга часу гэты дзённік аказаў уплыў на мноства людзей, даў падтрымку і надзею ў цяжкіх сітуацыях, умацаваў у пытаннях веры і навучанні Касцёла, у разуменні сакрамантаў і літургіі, стаў правадніком у духоўным жыцці. Кляштар манахаў стаў месцам, куды прыязджаюць святары ў крызісе ці з намерам адыходу, і тут нанова адчыняюць для сябе дар святарства.

Змест кнігі цалкам згодны з пісаннем і традыцыяй Касцёла. Але самае галоўнае — гэты дзённік у цішыні і адарацыі крок за крокам вучыць вельмі блізкім адносінам з Панам, якія меў апостал Ян, які спачываў in sinu Jesu (Ян 13,23), што значыць каля грудзей, каля сэрца Езуса. Гэта і з’яўляецца шляхам аднаўлення духоўнага жыцця, Касцёла і, асаблівым чынам, святарства.

Такім чынам, чытачу асабліва карысным будзе малітоўнае чытанне, дзе кожнае слова можна ўспрымаць як асабісты зварот Езуса альбо Маці Божай. На старонках кнігі Езус звяртаецца канешне ж у першую чаргу да святароў. Сакрамант святарства, па Яго словах, можна параўнаць са шлюбнымі адносіны ў нябесным вымярэнні. І яны найбольш квітнеюць, калі ёсць шмат часу з жаніхом – з Хрыстом. Але і кожны свецкі пры хросце становіцца часткай агульнага святарства Хрыста, таму словы кнігі будуць актуальнымі і для свецкіх. Кніга можа стаць асабітым малітоўным дзённікам чытача. На кожнай старонцы ёсць некалькі радкоў для прыватных запісаў. Бо малітва — гэта дыялог, дзе трэба вельмі шмат слухаць і потым адказваць.

Дзе набыць кнігу?

  • праз інтэрнэт-сайт chitatel.by;
  • у Акадэмкнізе;
  • у Чырвоным касцёле;
  • скласці замову ў рэдакцыі “Каталіцкага Весніка” праз электронную пошту katalickivesnik@gmail.com з пазнакай: In Sinu Jesu, ці па тэлефоне: +37529 736-53-07 (з 10.00 да 17.00, акрамя суботы і нядзелі). Кніга будзе высылацца Белпоштай накладзеным плацяжом. УВАГА! Кошт кнігі 25 руб + кошты па перасылцы, якія аплочвае замоўца.
для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі