Ці варта верыць, што, калі ажаніцца ў маі, то ўсё жыццё будзеш “маяцца”?

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP

Старажытныя кельты на пачатку мая адзначалі свята Белтэйн (Beltane), падчас якога заключаліся г.зв. “пробныя сужэнствы”. Сужэнцы маглі скасаваць такі саюз без усялякіх наступстваў, адсюль існуе меркаванне, што майскія шлюбы нетрывалыя.

Паводле традыцыі старажытных рымлянаў, у маі праходзілі г.зв. лемураліі (Lemuralia) – святы памерлых. Лічылася, што падчас іх на зямлю сыходзяць злыя духі, а вясельныя ўрачыстасці могуць іх угнявіць, у выніку чаго духі нават могуць забраць з сабой аднага з сужэнцаў… Адсюль лацінская прымаўка: “Mense Maio malae nubent”, або “Дрэнна, што яны жэняцца ў маі месяцы”.

Звязаныя з вяселлем забабоны супярэчаць хрысціянскаму разуменню сакрамэнту сужэнства. Такія забабоны моцна трымаюцца на невуцтве, а значная частка іх мае паганскае паходжанне. Любы забабон распаўсюджваецца як вірус – самастойна, без асаблівых намаганняў. Спачатку ён робіцца модным, а затым абавязковым. А чаму? Таму што забабон – гэта грэх. Хіба сямейнае шчасце залежыць ад канкрэтнага месяца? Не! Тым не менш такія забабоны – выдатны спосаб уцячы ад рэальнасці.

Як хрысціяне мы павінны добра ўсведамляць, што “ніхто не можа служыць двум гаспадарам” (Мц 6, 24). Езус казаў: “Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8, 32). Толькі праўда Хрыстова робіць чалавека свабодным не толькі ад грахоў, але і ад непатрэбных, шкодных забабонаў.

Для шчаслівага сямейнага жыцця важнымі з’яўляюцца: цнатлівасць, вернасць, давер адно аднаму, гатоўнасць дараваць і прымаць іншы пункт гледжання, уменне ісці на кампрамісы і разам духоўна і інтэлектуальна развівацца.

Для католікаў май – прыгожы Марыйны месяц, які з’яўляецца вельмі добрай нагодай, каб даручыць Марыі сваё сужэнскае жыццё.

З пашанай, а. Аляксандр

grodnensis.by

для друку для друку