Што азначае браць прыклад з Хрыста праз пост і пакаянне? На пытанне адказвае кс. Віктар Ханько.
Хрыстус вучыў, што пост і пакаянне – гэта перш за ўсё ўнутраныя змены. Само слова “пакаянне” з грэцкай мовы перакладаецца як “змены розуму” – метанойя.
Навошта патрэбны пост? Хрыстус сам перад тым, як распачаць публічнае навучанне, ідзе ў пустыню і сорак дзён захоўвае пост. Пост – гэта як зброя супраць сатаны. Пану пост не патрэбны – ён патрэбны мне.
Сэнс посту – у дабравольным самаабмежаванні, каб пачуць Хрыста. Калі я патураю свайму “хачу” – а часцей гэта жаданні цела, – то душа становіцца цвёрдай і глухой на голас Бога. Мы і не чуем, і не разумеем Яго.
Пасціцца азначае трэніраваць волю. Як спартсмен трэніруе сваё цела, адмаўляецца ад многіх рэчаў – не толькі ад дрэнных, але і ад добрых, калі яны могуць пашкодзіць выніку, перамозе. Наша перамога – гэта сустрэцца з Панам, жыць з Ім і ў Ім і вярнуцца ў рай. А пасля першароднага граху нашы цялесныя жаданні часта гэтаму перашкаджаюць. Калі зможаш адмовіцца ад кавалка каўбасы, то з часам зможаш адмовіцца ад гневу, падману і г.д.
Сапраўдны пост – гэта калі ты становішся цішэйшым, калі замест спрэчкі прамаўчыш і ўсміхнешся, калі замест набыцця новай рэчы дапаможаш тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, замест серыялу – разгорнеш Евангелле. Пост паказвае табе твае слабыя месцы, твае прывязанасці.
Пакаянне – гэта шлях вяртання да любімага Айца. У Вялікі пост мы часта чытаем прыпавесць пра міласэрнага айца (у яе ёсць і іншая назва – вяртанне марнатраўнага сына) і разважаем над ёй. Менавіта ў гэтай прыпавесці Езус закранае тэму пакаяння. Адзін з элементаў пакаяння – споведзь. Марнатраўны сын убачыў сябе, убачыў сваю віну і памылкі і, канешне, зрабіў важны крок – вярнуўся дадому. Усё гэта і адбываецца кожны раз, калі чалавек шчыра становіцца на калені ў сакрамэнце пакаяння.
Яшчэ адзін цудоўны момант у Евангеллі – размова Езуса з самаранкай. Пасля гэтай сустрэчы адбываецца перамяненне ўсяго яе жыцця. З той, якая баялася, хавалася і не ведала праўдзівага Пана, яна ператвараецца ў Яго вястунку. Гэта таксама цудоўны плён пакаяння.
Важна не проста адмаўляцца ад чагосьці на сорак дзён, а сапраўды сустрэць Бога. Маім шляхам, дарогай дадому да Пана з’яўляецца тое месца, дзе я цяпер знаходжуся. Не толькі ў разуменні матэрыяльным, геаграфічным, але і ва ўсіх значэннях.
У марнатраўнага сына гэта быў момант пройгрышу, страшнага голаду і крызісу, граху і пустаты. У самаранкі гэта цяжкія моманты адзіноты, крызісу сям’і і веры.
Там, дзе я зараз знаходжуся, ужо ёсць Езус. Ён Дарога, Ён Жыццё, Ён Праўда.
З малітвай, кс. Віктар
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!