“Глядзіце ў вочы Езусу Хрысту”. У Паставах адбылася Імша падзякі за 25 год служэння сясцёр Маці Божай Міласэрнасці

Нядзеля 9 жніўня 2026 года была надзвычайна цёплай і сонечнай. І здавалася, што яшчэ цяплей і святлей было на пляцоўцы ля пастаўскага касцёла Святога Антонія Падуанскага. Парафіяне і госці віталіся шчырымі ўсмешкамі і цёплымі абдымкамі, хтосьці завяршаў апошнія прыгатаванні, з акон парафіяльнага дома чуліся спевы – ішла рэпетыцыя хору. Сярод усёй гэтай перадсвяточнай мітусні немагчыма было не заўважыць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Менавіта яны сёння адзначалі 25-гадовы юбілей служэння ў Паставах.

Гэты шлях распачаўся ў жніўні 2001 года, калі па запрашэнні біскупа Уладзіслава Бліна ў Паставы прыехалі сястра Ева, сястра Клаўдзія і сястра Ларэта ZMBM.

Сёння сёстры Рэгіна і Канстанцыя аддана працягваюць распачатае служэнне ў катэхізацыі і фармацыі дзяцей і моладзі, апецы над беднымі, хворымі, старэйшымі людзьмі, а ў таксама дапамозе святарам у парафіі.

Асаблівы напрамак дзейнасці сясцёр — супольнасць Фаўстынум, якая аб’ядноўвае святароў, манахаў і свецкіх вернікаў з усяго свету. Яе чальцы штодня малітвай, словам і ўчынкамі ўдзельнічаюць у місіі абвяшчэння Божай Міласэрнасці.

Апоўдні распачалася Святая Імша падзякі. Галоўным цэлебрантам стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На пачатку Літургіі пробашч парафіі ксёндз Вадзім Прасяной SCJ прывітаў іерарха, дзекана Пастаўскага ксяндза Паўла Самсонава, прысутных святароў і сясцёр.

З цеплынёй святар звярнуўся да сясцёр Рэгіны і Канстанцыі, падзякаваў за прысутнасць, супрацоўніцтва і зазначыў, што сёння кожны бачыць плёны іх служэння ў парафіі.

Падчас гаміліі біскуп Алег заўважыў, што, можа, у касмічных вымярэннях 25 год – не такі доўгі час, але ў зямным жыцці, жыцці Касцёла і парафіі – гэта вялікі дар паслугі. І кожнаму ад малога да вялікага чвэрць стагоддзя сёстры нясуць праўду пра веліч і глыбіню Божай Міласэрнасці.

“У Евангеллі сёння Езус кажа вучням: “Не бойцеся – гэта я”. І паказвае, што толькі гледзячы Яму ў вочы, можна ісці па вадзе.

Калісьці, прыехаўшы ў Паставы, на зямлю, дзе 70 год панавала ліхалецце атэізму, сёстры пайшлі па вадзе. Сёння вы таксама глядзіце ў вочы Міласэрнаму Хрысту, у Ім бачыце падтрымку любоў і супакой сярод хваль і жыццёвых бур.”

Пасля гаміліі распачаўся хвалюючы момант – чын прыняцця кандыдатак у члены супольнасці Фаўстынум. Яны ўрачыста паабяцалі адказваць на ласку Святога Духа, засведчылі гатоўнасць выконваць волю Божую, чыніць учынкі міласэрнасці чынам, словам, малітвай, выказалі просьбу аб заступніцтве Маці Божай Міласэрнасці і святой Фаўстыны.

Пасля святой Імшы ў адрас сясцёр было сказана шмат шчырых слоў падзякі. Сёстры ж у сваю чаргу разам з моладдзю падрыхтавалі сюрпрыз: невялікую пантаміму, якая паказвае – калі чалавек давярае Богу і Яго волі – разам яны ствараюць неверагодныя шэдэўры. Кульмінацыяй пантамімы стаў твар Хрыста, які супольна намалявала моладзь.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку