- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Глядзіце ў вочы Езусу Хрысту”. У Паставах адбылася Імша падзякі за 25 год служэння сясцёр Маці Божай Міласэрнасці

[1]Нядзеля 9 жніўня 2026 года была надзвычайна цёплай і сонечнай. І здавалася, што яшчэ цяплей і святлей было на пляцоўцы ля пастаўскага касцёла Святога Антонія Падуанскага. Парафіяне і госці віталіся шчырымі ўсмешкамі і цёплымі абдымкамі, хтосьці завяршаў апошнія прыгатаванні, з акон парафіяльнага дома чуліся спевы – ішла рэпетыцыя хору. Сярод усёй гэтай перадсвяточнай мітусні немагчыма было не заўважыць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Менавіта яны сёння адзначалі 25-гадовы юбілей служэння ў Паставах.

Гэты шлях распачаўся ў жніўні 2001 года, калі па запрашэнні біскупа Уладзіслава Бліна ў Паставы прыехалі сястра Ева, сястра Клаўдзія і сястра Ларэта ZMBM.

Сёння сёстры Рэгіна і Канстанцыя аддана працягваюць распачатае служэнне ў катэхізацыі і фармацыі дзяцей і моладзі, апецы над беднымі, хворымі, старэйшымі людзьмі, а ў таксама дапамозе святарам у парафіі.

Асаблівы напрамак дзейнасці сясцёр — супольнасць Фаўстынум, якая аб’ядноўвае святароў, манахаў і свецкіх вернікаў з усяго свету. Яе чальцы штодня малітвай, словам і ўчынкамі ўдзельнічаюць у місіі абвяшчэння Божай Міласэрнасці.

[2]

Апоўдні распачалася Святая Імша падзякі. Галоўным цэлебрантам стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На пачатку Літургіі пробашч парафіі ксёндз Вадзім Прасяной SCJ прывітаў іерарха, дзекана Пастаўскага ксяндза Паўла Самсонава, прысутных святароў і сясцёр.

З цеплынёй святар звярнуўся да сясцёр Рэгіны і Канстанцыі, падзякаваў за прысутнасць, супрацоўніцтва і зазначыў, што сёння кожны бачыць плёны іх служэння ў парафіі.

Падчас гаміліі біскуп Алег заўважыў, што, можа, у касмічных вымярэннях 25 год – не такі доўгі час, але ў зямным жыцці, жыцці Касцёла і парафіі – гэта вялікі дар паслугі. І кожнаму ад малога да вялікага чвэрць стагоддзя сёстры нясуць праўду пра веліч і глыбіню Божай Міласэрнасці.

“У Евангеллі сёння Езус кажа вучням: “Не бойцеся – гэта я”. І паказвае, што толькі гледзячы Яму ў вочы, можна ісці па вадзе.

Калісьці, прыехаўшы ў Паставы, на зямлю, дзе 70 год панавала ліхалецце атэізму, сёстры пайшлі па вадзе. Сёння вы таксама глядзіце ў вочы Міласэрнаму Хрысту, у Ім бачыце падтрымку любоў і супакой сярод хваль і жыццёвых бур.”

[3]

Пасля гаміліі распачаўся хвалюючы момант – чын прыняцця кандыдатак у члены супольнасці Фаўстынум. Яны ўрачыста паабяцалі адказваць на ласку Святога Духа, засведчылі гатоўнасць выконваць волю Божую, чыніць учынкі міласэрнасці чынам, словам, малітвай, выказалі просьбу аб заступніцтве Маці Божай Міласэрнасці і святой Фаўстыны.

Пасля святой Імшы ў адрас сясцёр было сказана шмат шчырых слоў падзякі. Сёстры ж у сваю чаргу разам з моладдзю падрыхтавалі сюрпрыз: невялікую пантаміму, якая паказвае – калі чалавек давярае Богу і Яго волі – разам яны ствараюць неверагодныя шэдэўры. Кульмінацыяй пантамімы стаў твар Хрыста, які супольна намалявала моладзь.

[4]

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота