99-гадовы Луіс і 98-гадовая Марыя Луіза з Бразіліі адзначылі юбілей – 80 гадоў шлюбу. У касцёле, трымаючы ружанцы, яны аднавілі шлюбныя абяцанні перад алтаром. Іх прыклад крануў сотні тысяч вернікаў у свеце і стаў напамінам пра веліч сакрамэнту, які грунтуецца на штодзённым выбары любові.
У час, калі трывалыя адносіны сустракаюцца ўсё радзей, гісторыя Луіса і Марыі Луізы ззяе асаблівым святлом. Яны пабраліся шлюбам у 1946 годзе, калі яму было 19, а ёй – 18. Восем дзесяцігоддзяў яны прайшлі побач – праз радасці і выпрабаванні, праз змены і цяжкасці, якія нясе жыццё.
Сёлета, ва ўзросце 99 і 98 гадоў, пара ўрачыста адзначыла свой юбілей. На святкаванне яны ўвайшлі рука ў руку ў касцёл, трымаючы ружанцы, і перад Богам пацвердзілі вернасць, якую захоўвалі ўсе гэтыя гады. Імшу падзякі ўзначаліў біскуп Мурыла Крыгер. Іерарх прызнаўся, што ніколі раней не служыў Імшы з нагоды шлюбу такой даўжыні – гэты момант стаў асаблівым не толькі для сям’і, але і для ўсёй мясцовай супольнасці.
«Мы вельмі ганарымся тым, што з’яўляемся часткай гэтай сям’і», – напісала адна з праўнучак пары ў сацыяльных сетках. Яе пост сабраў больш за 240 000 праглядаў і сотні ўражаных каментароў. Людзі з розных куткоў свету дзяліліся сваімі эмоцыямі і ўспамінамі, бачачы ў гэтай пары жывы сімвал таго, што сапраўднае каханне не баіцца часу.
Для Каталіцкага Касцёла шлюб – гэта пакліканне да святасці, шлях, якім муж і жонка ідуць разам, сведчачы аб вернай любові Хрыста да Касцёла. Жыццё Луіса і Марыі Луізы – гэта канкрэтны доказ таго, што вернасць будуецца кожны дзень: праз дробныя крокі насустрач адно аднаму, праз клопат, цярпенне і гатоўнасць быць разам на любым этапе.
Асабліва кранальным стаў момант, калі падчас урачыстасці біскуп Мурыла нагадаў: шлюб, заснаваны на Богу, здольны вытрымаць любыя буры. Прыклад гэтай пары – не проста гістарычны факт. Гэта жывое настаўленне для маладых сем’яў, якія шукаюць трывалую аснову для сваіх адносін.
Сёння Луіс і Марыя Луіза, з ружанцамі ў руках, усё яшчэ разам – і іх сведчанне працягвае натхняць тысячы людзей. Няхай іх гісторыя абновіць у нашых сэрцах прыгажосць сакрамэнту шлюбу і нагадае, што любоў, вера і вернасць могуць доўжыцца ўсё жыццё.
Паводле матэрыялаў партала ChurchPOP і іншых крыніц
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


