5 — 6 верасня адбудзецца ХІ пешая пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы (+праграма пілігрымкі)

5–6 верасня адбудзецца традыцыйная ХІ пешая пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы, якая сёлета будзе доўжыцца два дні. Вернікі Магілёўскага рэгіёна зноў накіруюцца да святыні, вядомай цудадзейным абразом Маці Божай Бялыніцкай.

Бялынічы — месца, якое на працягу стагоддзяў славілася асаблівай пашанай да Маці Божай. Мясцовы абраз быў другім на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які атрымаў папскія кароны — яго каранацыя адбылася ў 1761 годзе, пасля Жыровіцкай іконы.

Праграма пілігрымкі:

5 верасня, субота

  • 09:00 — урачыстая святая Імша ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава (Магілёў, вул. Камсамольская, 4);
  • 10:00 — благаслаўленне і выхад пілігрымаў ад магілёўскай катэдры;
  • 14:00 — абед для пілігрымаў;
  • 19:00 — прыпынак у вёсцы Вялікі Нежкаў (вячэра, малітоўны вечар).

6 верасня, нядзеля

  • 06:30 — сняданак;
  • 07:00 — выхад з Вялікага Нежкава;
  • 11:30 — прыпынак на абед;
  • 14:15 — сустрэча пілігрымаў каля капліцы Маці Божай Бялыніцкай (Бялынічы, вул. Калініна, 37);
  • 15:00 — урачыстая святая Імша. Цэлебрацыю ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа ў канцэлебры з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.

Пілігрымам неабходна мець з сабой спальнік і карымат.

Для ўдзельнікаў пешай пілігрымкі будзе арганізаваны даезд у Магілёў 6 верасня пасля ўрачыстасці. Аўтобус ад’едзе ад капліцы Маці Божай Бялыніцкай.

Увага: анлайн-рэгістрацыя трывае да 1 верасня. Зарэгістравацца можна ТУТ>> Таксама на афіцыйным плакаце пілігрымкі размешчаны QR‑код для рэгістрацыі, праз які кожны жадаючы можа хутка і зручна запісацца на ўдзел.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за Магілёўскі рэгіён, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, сардэчна запрашае ўсіх вернікаў Беларусі прыняць удзел у ХІ пешай пілігрымцы і ў адпустовай урачыстасці ў Бялынічах.

для друку для друку