Старажытны і маляўнічы горад Паставы налічвае каля 20 тысяч жыхароў. Большасць — католікі. Да нядаўняга часу ўсе належалі да адной парафіі — Святога Антонія Падуанскага і наведвалі касцёл, якому больш за 100 гадоў.
Аднак час і духоўныя патрэбы вернікаў патрабавалі пашырэння. У 2019 годзе ў мікрараёне 5-га гарадка разгарнулася маштабная справа. Па ініцыятыве саміх жыхароў і з благаслаўлення біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча пачалося будаўніцтва новага каталіцкага храма, які атрымаў тытул Езуса Міласэрнага. Гэтая прыгожая святыня — плён шматгадовай сумеснай працы, шчырых малітваў, матэрыяльнай ахвярнасці і трывалай веры кожнага чалавека, які прыклаў свае намаганні і сэрца да ўзвядзення Божага дому.
Надышоў хвалюючы момант, да якога парафія ішла некалькі гадоў. 13 верасня а 15-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае асвячэнне касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага.
Ганаровым госцем свята будзе біскуп Алег Буткевіч, які і ўзначаліць урачыстую святую Імшу. Яго візіт і супольная малітва падкрэсліваюць гістарычную важнасць гэтай падзеі не толькі для Пастаўшчыны, але і для ўсёй каталіцкай супольнасці Віцебскай дыяцэзіі. Упэўненыя, што новы касцёл стане сапраўдным духоўным цэнтрам і архітэктурным упрыгожваннем Пастаў.
З радасцю, трапятаннем і хваляваннем у сэрцы запрашаем усіх жадаючых — мясцовых жыхароў, гасцей горада, вернікаў іншых канфесій з розных куточкаў Беларусі — далучыцца да нашай урачыстасці, якая стане новай яркай старонкай у духоўным і культурным жыцці рэгіёна.
Адкрыем разам дзверы нашай святыні для асаблівага Божага благаслаўлення для нашых сем’яў, горада і краіны. Будзем рады бачыць на нашым свяце кожнага!
Ксёндз-канонік Павел Самсонаў, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах і парафіяне
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!