Колькі гадоў было св. Юзафу?

– Хвала Хрысту! Колькі на самай справе меў гадоў св. Юзаф, калі сустрэўся з Марыяй? Дзякуй за адказ.

Ян

– Шаноўны Ян! На гэтае пытанне адказаць дакладна немагчыма, паколькі няма верагодных звестак, акрамя кананічных Евангелляў, а яны ў сваю чаргу не даюць указання на ўзрост св. Юзафа. Аднак паразважаць над “магчымым” узростам апекуна Божага Сына на падставе евангельскіх апісанняў і апакрыфічнай традыцыі можна, і пэўныя вынікі такі занятак дасць. Пачнём з функцыі, г.зн. з мэты, дзеля якой асобныя евангелісты ўводзяць у свой аповед постаць Юзафа.

Што кажа св. Евангелле пра Юзафа?

Найбольш важнай характарыстыкай Юзафа з’яўляецца яго законнае бацькоўства ў дачыненні да Езуса.

Менавіта Юзаф забяспечыў Давідава паходжанне Езуса, яго месіянскую ідэнтычнасць.

Бацькоўства Юзафа надзвычай моцна падкрэслівае Мацвей, асабліва ў вымярэнні клопату пра Езуса і Яго Маці Марыю. Лука прадстаўляе дзяцінства Езуса больш з пункту гледжання Марыі, а Мацвей – з пункту гледжання Юзафа. Мы можам з упэўненасцю казаць аб звеставанні анёлам Марыі, аб нараджэнні Езуса ў Лукі (1,26-38) і звеставанні анёлам Юзафу аб нараджэнні Езуса ў Евангеллі ад Мацвея (1,18-25). Паводле Лукі, Юзаф называецца бацькам як мінімум чатыры разы (2,33.48; 2,23; 4,22). Аднак у кожнай сцэне ён паказаны як цалкам адданы Богу чалавек. Характэрна, што ў кульмінацыйны момант апавядання, г.зн. пры знаходжанні дванаццацігадовага Езуса ў святыні, бацькоўства Юзафа адыходзіць на другі план, бо адзіным і сапраўдным бацькам Езуса з’яўляецца Бог (2,49). Юзаф застаецца ў цені Божага айцоўства, паслухмяна выконваючы волю Айца.

Падобная выснова вынікае з чытання Евангелля паводле Мацвея пра дзяцінства Езуса. Юзаф у ім ніколі не называецца бацькам. Цікава, што вешчуны з Усходу не знаходзяць Езуса, Яго Маці і Юзафа, а толькі Езуса і Марыю: “Дзіця з маці” (2,11). Юзаф застаўся ў цені. Такім чынам, вельмі свядома падкрэсліваецца, што ён не быў біялагічным бацькам Езуса. На працягу ўсяго апавядання Юзаф атрымлівае загады, звязаныя з “дзіцяці і яго маці” (2,13.14.20.21), але ніколі не гучаць яны адносна “твайго дзіцяці”, “твайго сына” і нават “вашага сына”. Напрыклад, Юзаф бярэ ў Егіпет не “сына свайго і маці яго, жонку сваю”, але “дзіця і маці” (2,14). Роля Юзафа ў Евангеллі паводле Мацвея – гэта сапраўдны custos (лац. апякун, абаронца) Езуса і Марыі. Езус заўсёды асацыюецца са сваёй маці Марыяй, але ніколі з Юзафам. Таму роля Юзафа ў апавяданні Мацвея абмяжоўваецца законным бацькоўствам, уключэннем Езуса ў род Давіда, што таксама рэалізуецца ў штодзённым клопаце пра Езуса і Яго Маці.

Увогуле адзіныя тэксты, якія гавораць пра Юзафа, датычаць дзяцінства Езуса. Два выключэнні Лукі (3,23; 4,22) прынцыпова не змяняюць нашую выснову. Гэта можа азначаць раннюю смерць Юзафа, дзесьці паміж візітам 12-гадовага Езуса ў святыню ў Ерузалеме і Яго хростам у Ярдане – пачаткам Яго публічнага служэння.

Марк, які нічога не гаворыць пра жыццё Езуса да пачатку Яго публічнай дзейнасці, зусім не згадвае Юзафа. Дадзены факт можа пацвярджаць гіпотэзу аб ранняй смерці Юзафа. Гэтая традыцыя прысутнічае ў апокрыфах Новага Запавету. Згодна з Протаевангеллем Якуба 9,2, Юзаф быў ужо ў сталым узросце, калі ажаніўся з Марыяй. У святле гісторыі Юзафа-цесляра ён пражыў 111 гадоў, ажаніўся ва ўзросце 40 гадоў і пражыў у шлюбе яшчэ 49 гадоў, нарадзіўшы шасцярых дзяцей. Калі памерла яго першая жонка (а Юзафу ўжо 90!), ён ажаніўся з Марыяй за два гады да нараджэння Езуса. Ён памёр, калі Езусу было больш за 20 гадоў. Гэта паводле апокрыфаў.

Дадаючы гады Юзафу, апокрыфы імкнуліся абараніць некранутасць і дзявоцтва Марыі, “падрываючы” не толькі здольнасць Юзафа захоўваць цноту, але і здаровы сэнс.

Чаму? Пажылы ўзрост Юзафа не дазволіў бы яму выканаць заданні, якія Бог даручыў яму, і ніхто не паверыў бы Марыі, што Яна зачала сына ад такога саюзу. Яе, напэўна, палічылі б па меншай меры нецнатлівай, а Езус, будучы незаконнанароджаным, не мог бы быць прызнаным Месіяй. Апокрыфы, як бачым, кіраваліся пераважна сэрцам (“добрым сэнсам”), а не логікай. Дык які ж быў насамрэч узрост Юзафа, калі ён ажаніўся з Марыяй? Адзінае, што можам сказаць, паводле тагачаснага звычаю мужчына жаніўся ва ўзросце ад васямнаццаці да дваццаці чатырох гадоў. Аднак і выключэнні з гэтага правіла таксама здараліся.

«Пад аховай св. Юзафа», аўтар мастацкага твору Эмбер Нор (Amber Knorr). Капіраванне і распаўсюд толькі з дазволу аўтара твору.

Што кажуць апокрыфы пра вяселле Юзафа і Марыі?

Як жа адбывалася абранне Юзафа мужам Марыі? Першая падзея, звязаная са св. Юзафам і апісаная ў Евангеллях (акрамя ўзгадвання яго імя ў радаводах, пар. Мц 1,16 і Лк 3,23), – гэта яго шлюб з Марыяй, коратка апісаны ў Мц 1,18: “Пасля заручынаў яго маці, Марыі, з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, яна была знойдзена цяжарнай ад Духа Святога”.

Евангелле нічога не кажа пра тое, як адбылося вяселле, у адрозненне ад апокрыфаў, якія шмат увагі надаюць выбару Юзафа ў якасці мужа Марыі, пачынаючы з аднаго з самых старажытных апокрыфаў (і найбольш марыялагічных), якім з’яўляецца Протаевангелле Якуба. Там чытаем, што пасля дасягнення дванаццаці гадоў, гэта значыць узросту, калі Марыя павінна была пакінуць Ерузалемскую святыню з-за небяспекі апаганьвання святыні менструацыяй, у храме адбылася нарада святароў аб яе далейшым лёсе. Падчас малітвы каля алтара Пана першасвятар Захарыя атрымаў загад ад анёла паклікаць у святыню ўдаўцоў з усёй Юдэі. Кожны з іх таксама павінен быў прынесці посах, і Марыя павінна была стаць жонкай таго, каму Бог пакажа знак.

У тагачасным Ізраэлі не існавала інстытуту дзявоцтва, не было кангрэгацый дзеваў, а сам ідэал прысвячэння дзявоцтва Богу не шанаваўся і не практыкаваўся.

Такім чынам, калі ўдаўцы прыйшлі ў храм, першасвятар узяў іх посахі і ўвайшоў з імі ў святыню. Пасля завяршэння малітвы ён аддаў кожнаму яго посах, але ніводнаму з іх не спадарожнічаў боскі знак. Калі Юзаф узяў апошнім свой посах, з яго вылецеў голуб і сеў Юзафу на галаву. Першасвятар убачыў у гэтым выраз Божай волі і заахвоціў Юзафа “ўзяць дзеву Пана і захаваць яе для Яго”. Юзаф адмовіўся, патлумачыўшы, што ён стары і мае сыноў, а Марыя маладая. Ён баяўся стаць пасмешышчам для людзей. Першасвятар перасцерагаў яго ад дзеяння супраць Божай волі, нагадваючы пра трагічны лёс тых, хто гэта рабіў. Падахвочаны страхам, ён узяў Марыю пад сваю апеку.

У храналагічна пазнейшай “Гісторыі Юзафа-цесляра” ён быў адным з дванаццаці мужчын, абраных з калена Юды, і менавіта яму было “выбрана” стаць мужам Марыі. У армянскім “Евангеллі дзяцінства” (VII стагоддзе) Марыі было пятнаццаць гадоў, калі ёй шукалі мужа, а бацькі яе ўжо памерлі. Анёл загадаў Захарыі паклікаць Марыю і адзінаццаць іншых дзяўчат з храма, і ўсіх нежанатых мужчын горада. Кожная з іх павінна была прынесці таблічку, на якой Захарыя напісаў імя мужчыны, і занесці яе ў храм. Пасля малітвы першасвятара кожная з дзеваў павінна была выйсці замуж за чалавека, якога прызначыў ёй Бог, “напісаўшы” (рукою святара) імя дзяўчыны на таблічцы мужчыны. Калі першасвятар падаваў табліцу Юзафу, на ёй было напісана імя Марыя, а з самой таблічкі вылецеў голуб і сеў на галаву Юзафу. Юзаф адмовіўся спачатку ўзяць Марыю, спасылаючыся на вялікую сям’ю і сталы ўзрост. Ён таксама баяўся насмешак: на яго думку, Марыя была яшчэ дзіцём. Першасвятар спрабаваў пераканаць яго, што Марыя – сірата і патрабуе абароны, а выбар мужа для яе законны. Юзаф не паддаваўся. Першасвятар запэўніў яго, што ніхто не будзе прымушаць яго прыняць Марыю, але ён здзіўлены, што Юзаф прыйшоў у храм з таблічкай. Юзаф патлумачыў гэта невуцтвам, якое вынікае са старасці. Нарэшце, першасвятар нагадаў яму пра пакаранне, якое спасцігла тых, хто не паслухаўся Бога. Пачуўшы гэтыя словы, Юзаф упаў перад святаром і людзьмі, затым узяў Марыю і павёў да сябе ў Назарэт.

У Евангеллі ад ЛжэМацвея прыкладна таго ж часу (VI ст.) Марыя застаецца ў храме да чатырнаццаці гадоў, і пытанне аб яе выхадзе з храма ўздымаецца фарысеямі. Калі ні з аднаго з посахаў не злятае голуб, анёл паказвае першасвятару, што ён прапусціў у скініі маленькі посах, якіх належаў Юзафу (сам ён, будучы старым чалавекам, не шукаў свой посах, каб не прыйшлося клапаціцца пра Марыю). Калі Юзаф нарэшце ўзяў свой посах, з яго вылецеў голуб. Ён доўга кружыўся пад дахам храма і паляцеў у нябёсы. Людзі віншавалі Юзафа з выбарам на мужа, але ён адмовіўся, патлумачыўшы, што Марыя можа быць яго ўнучкай. Аднак пад уплывам папярэджанняў першасвятара ён вырашыў прыняць яе і пазней выдаць замуж за аднаго са сваіх сыноў. Тады першасвятар нагадаў яму, што ніхто іншы не можа ажаніцца з ёй.

Як няцяжка заўважыць, амаль ва ўсіх апокрыфах, што апавядаюць пра выбар Юзафа ў мужы Марыі, фігуруе тэма посаха (у Армянскім Евангеллі дзяцінства ён заменены таблічкай). З посаха вылятае або прызямляецца на яго голуб, пацвярджаючы выбар Юзафа. Такім чынам, тут мы маем выразную спасылку як на хрост Хрыста ў Ярдане (пар. Мк 1,9-10), так і на посах Аарона (пар. Ліч 17,16-26) і на прароцтва Ісаі (пар. Іс 11,1-2). Іншая тэма, якая з’яўляецца тут, – супраціўленне Юзафа жаніцьбе з Марыяй і пастаянны акцэнт на яго сталым узросце, які павінен быў пацвердзіць некранутасць Марыі пасля родаў, адначасова пазбаўляючы яго гераічнага практыкавання цноты чысціні.

Мы молімся “Юзэфе найчысцейшы”. Ці ж чысціня св. Юзафа – гэта “заслуга” яго старасці, ці ўсё ж такі добраахвотная ахвяра Богу дзеля справы збаўлення свету Панам нашым Езусам Хрыстом?

Кс. Валерый Марціноўскі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі