«Не баяцца і ісці наперад»: сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў прайшла ў Шуміліне

8 мая 2024 года санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне сабраў прэзбітэрый Віцебскага касцёла разам з манаскімі асобамі на чарговую сустрэчу з Пастырам дыяцэзіі.

Па традыцыі, якая склалася, духавенства напачатку вырашае розныя свае справы і пытанні паміж сабой, з прадстаўнікамі дыяцэзіяльнай курыі і біскупам, каталіцкімі выдавецтвамі, а пасля ўсе збіраюцца на тэматычныя канферэнцыі і малітоўную частку.

Манахіні разам з а. Анджэем Юхневічам ОМІ разважалі над тым, як плённа жыць Божым словам у штодзённым жыцці і як па прыкладзе Найсвяцейшай Марыі дазволіць Божаму слову, каб яно нас фармавала.

Перад святарамі выступіў афіцыял Біскупскага суда, пробашч парафіі ў Лёзне кс. канонік Аляксей Ляшко, які ў пачатку мая прадстаўляў Беларусь на Міжнароднай сустрэчы “Пробашчы для Сінода” у Рыме. Святар падзяліўся сваімі ўражаннямі ад удзелу і адчуваннем асаблівай прысутнасці там Духа Святога, а таксама пракаментаваў Ліст да пробашчаў, які напісаў Папа Францішак і які ў хуткім часе з’явіцца ў доступе ў беларускім перакладзе. Сярод іншага там Святы Айцец сфармуляваў тры прапановы, якія могуць натхніць лад жыцця і дзейнасць пастыраў: запрашэнне жыць сваёй асаблівай харызмай служэння на службе разнастайным дарам, які сее Дух у народзе Божым; прапанова вучыцца і практыкавацца ў мастацтве распазнання супольнасці; рэкамендацыя засноўваць усё на дзяленні і братэрстве паміж сабой і з біскупамі.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта ў цішыні і сузіранне Езуса ў Эўхарыстыі, магчымасць споведзі і Маёвае набажэнства паспрыялі малітоўнаму настрою спаткання.

Так як дыяцэзіяльная сустрэча праходзіла напярэдадні ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, біскуп Алег Буткевіч у гаміліі паразважаў над дзеяннем Духа Святога ў касцёле. “Вельмі часта гэта дзеянне ў нас атаясамліваецца з харызматамі і рознымі дарамі (малітва мовамі, аздараўленне людзей), але Езус супакойвае нашы думкі і кажа, што Дух Святы ёсць Тым, Хто навучае і адкрывае праўду. І ты жывеш гэтай праўдай, якой з’яўляецца Езус.”

Пасля Імшы біскуп Алег аб’явіў будучыя запланаваныя мерапрыемствы і падзеі, які пройдуць у бліжэйшыя месяцы ў дыяцэзіі і не толькі:

  • 22 мая – сустрэча катэхетаў у Віцебску
  • 1 чэрвеня – Сусветны дзень дзіцяці ў Будславе
  • 2 чэрвеня – працэсія Божага Цела ў Віцебску
  • 5-6 ліпеня – урачыстасці ў Будславе
  • 11 ліпеня — адкрыты турнір па міні-футболе сярод міністрантаў у Мёрах
  • 19-21 ліпеня – агульнабеларуская сустрэча моладзі ў Браславе

У хуткім часе сваю працу ў дыяцэзіяльнай курыі і служэнні Касцёлу на Віцебшчыне заканчвае айцец Кляменцій Верт SJ, якога кіраўніцтва ордэна езуітаў скіроўвае ў Кыргызстан. Іерарх шчыра падзякаваў святару за адданую і шчырую працу ў нашай дыяцэзіі.

Біскуп Алег і бліжэйшыя супрацоўнікі павіншавалі сабратоў у святарстве, для якіх месяц май у юбілейным годзе для дыяцэзіі таксама стаў штодрым на памятныя даты:

  • 50 год з дня нараджэння адзначае кс. канонік Эдвард Нарадоўскі
  • 35 год святарскага пасвячэння адзначае кс. Зенон Шчонхар MS
  • 35 год святарскага пасвячэння адзначае кс. Альфрэд Пяхота MS
  • 25 год святарскага пасвячэння адзначае а. Чэслаў Курэчка МІС
  • 25 год святарскага пасвячэння адзначае а. Браніслаў Дашкевіч ОР
  • 20 год святарскага пасвячэння адзначае кс. канонік Віктар Місевіч
  • 20 год святарскага пасвячэння адзначае кс. Станіслаў Мжыглуд SDS
  • 20 год святарскага пасвячэння адзначае а. Яраслаў Славамір Банасяк OFMConv
  • 20 год святарскага пасвячэння адзначае кс. Генадзь Рэйшэль
  • 10 год святарскага пасвячэння адзначае кс. канонік Аляксей Ляшко
  • 10 год святарскага пасвячэння адзначае кс. Іван Кароткін
  • 10 год святарскага пасвячэння адзначае а. Павел Мажэйка ОР

З нагоды 25-годдзя заснавання Віцебскай дыяцэзіі словы падзякі за шматгадовую паслугу ў дыяцэзіі, кветкі і невялікія падарункі атрымалі ўсе законныя сёстры і брат.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі