У сённяшнім выпуску нашай моўнай старонкі мы крыху пагаворым пра фразеалагізмы – устойлівыя спалучэнні, якія вызначаюцца пастаянным лексічным складам і вядомым для носьбітаў канкрэтнай мовы значэннем, звычайна вобразна-пераносным.
Тэму нам падказаў чытач “Каталіцкага весніка” з Браслаўшчыны спадар Мікалай. Ён, у прыватнасці, піша: “Я шмат гадоў адпрацаваў настаўнікам, але выкладаў у школе дакладныя навукі, а не мову. Цяпер вось на пенсіі, вольнага часу стала значна больш, таму пакрысе ўдасканальваю сваё валоданне беларускай мовай. І неяк міжволі ўзнікла пытанне пра пэўныя словазлучэнні. Бо мая сваячка рэгулярна ўжывае, напрыклад, выразы ні рыба ні мяса або ў цябе не ўсе дома). Дык мяне цікавіць, у якіх сітуацыях названыя словазлучэнні могуць выкарыстоўвацца і ці могуць увогуле ў літаратурнай мове?”
На нашу думку, закранутая праблема будзе цікавая і для шырокага кола нашых чытачоў, таму паспрабуем разабрацца. Але найперш шчыра дзякуем спадару Мікалаю за паважлівае стаўленне да беларускай мовы, а таксама за падказаную тэму.
Адразу скажам, што такія словазлучэнні называюцца фразеалагізмамі. І яны ўжываюцца ў літаратурнай мове, бо надаюць выказванню істотную долю вобразнасці, экспрэсіўнасці. Што ж да канкрэтных, прыведзеных нашым чытачом устойлівых спалучэнняў, то яны пераважна фіксуюцца ў мастацкіх тэкстах ці ў вусным маўленні.
Выраз ні рыба ні мяса занатаваны ў мове беларусаў яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. У прыватнасці, ён згадваецца ў публікацыях нашых вядомых фалькларыстаў Я. Чачота, М. Федароўскага, І. Насовіча. Але гэта толькі час фіксацыі ў вывучаных пісьмовых крыніцах, бо ўжывалася гэтае выслоўе, несумненна, і значна раней. Мяркуецца, што дадзены фразеалагізм прыйшоў у нашу мову пад уплывам нямецкай, будучы беларускім эквівалентам нямецкага nich Fisch nich Fleisch. Спалучэнне вельмі арганічна знітавалася з беларускай лексічнай сістэмай, так што без адмысловых даследаванняў немагчыма яго ўспрымаць як небеларускае паводле паходжання. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (ТСБМ. – 1980. – Том 4. – С.732) так падае сэнс фразеалагізма: “Пра чалавека, які не мае характэрных індывідуальных якасцяў; ні тое, ні сёе”. Прывядзём для ілюстрацыі пару прыкладаў: Ён табе нічым не дапаможа: ні рыба ні мяса; Узяў бы ды сказаў сваё слова, а то сядзіш ні рыба ні мяса!; А муж твой табе і слова ўпоперак сказаць баіцца – ні рыба ні мяса…Як падаецца, сітуацыя досыць празрыстая, нам зразумела, калі мэтазгодна будзе выкарыстаць згаданы красамоўны фразеалагізм.
Цяпер што да іншага ўстойлівага спалучэння – не ўсе дома. ТСБМ (Том 5. – С. 604) падае значэнне – “Пра дзівака, чалавека ненармальнага, прыдуркаватага”. З гэтай дэфініцыі вынікае, што фразеалагізм мае дастаткова высокую ступень адмоўнай эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі, канатацыі. Заўважым разам з тым, што выслоўе часта фіксуецца ў розных творах мастацкай літаратуры, у тым ліку і ў класічных тэкстах. А ў Янкі Купалы ёсць нават верш, які так і называецца – “Не ўсе дома”. Выраз, вынесены ў загаловак купалаўскага верша, як рэфрэн ужываецца ў творы 14 разоў. А яшчэ прыгадаем яго ж камедыю “Паўлінка”, дзе галоўная гераіня гаворыць: “У Якіма не ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат”. Ці вось, да прыкладу, у Якуба Коласа чытаем: “Сам жа рэдактар для іх быў чалавекам, у якога не ўсе дома”. Як бачым, класікі нашай літаратуры выкарыстоўвалі аналізаванае ўстойлівае спалучэнне ў сваіх творах шмат разоў.
Такім чынам, адказваючы на пытанне нашага шаноўнага чытача спадара Мікалая заўважым, што ўжыванне двух прааналізаваных фразеалагізмаў у беларускай мове – з’ява цалкам нармальная. Разам з тым неабходна памятаць, што падобныя выразы істотна ўзмацняюць вобразны эфект, падкрэсліваюць эмацыйны, звычайна негатыўны характар выказвання. Таму ў вуснай камунікацыі варта быць асцярожным у выкарыстанні спалучэнняў ні рыба ні мяса і не ўсе дома, каб выпадкова не абразіць каго-небудзь, не закрануць чыіхсьці пачуццяў. Іншая справа, калі яны ўжываюцца з выразным адценнем іроніі, жартам, абсалютна незласліва. Дакладна так, як у сітуацыі з нашым чытачом.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
