5 спосабаў паглыбіць сваё духоўнае жыццё ў жніўні

Жнівень — месяц, прысвечаны Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Ён напоўнены цудоўнымі святамі ў гонар Багародзіцы і вялікіх святых, якія фармавалі сваё жыццё на яе прыкладзе.

Наша лета будзе значна больш плённым, калі мы адзначым гэтыя дні асаблівым чынам, ушаноўваючы нашу Найсвяцейшую Маці і жнівеньскіх святых. Давайце дадамо іх у свой асабісты каляндар прама зараз!

6 жніўня: Зрабі новыя пастановы ў свята Перамянення Пана

“Пасля гэтых словаў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца. Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым” (Лк 9, 28-29).

“Сыны грому”, Якуб і Ян, разам з Пятром былі бласлаўлёнымі, каб быць сведкамі змены твару і адзення Езуса; як Ён размаўляў са старазапаветнымі прарокамі; як сам Бог Айцец сказаў з неба: “Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце” (Лк 9, 35).

Гэта цудоўны дзень, каб папрасіць Госпада змяніць нас усімі спосабамі, якімі Ён лічыць патрэбным. Калі мы молімся ў гэтай інтэнцыі, давайце складзем спіс пастаноў. Што нам трэба, каб насычаць душу: больш пасціць і менш есці? Больш дзяліцца з бедным і купляць менш? Больш хваліць іншых і менш скардзіцца? Мы можам гэта зрабіць!

10 жніўня: Падзяліся з беднымі са святым Лаўрэнціем

Святы Лаўрэнцій — выдатны прыклад ахвярнасці, варты нашых ведаў і прыняцця ў якасці аднаго з нашых заступнікаў. Калі яму было загадана прынесці ўсе скарбы Касцёла лютаму імператару Валерыяну, ён прывёў да яго натоўп бедных, сірот і хворых, прадэманстраваўшы, што іх пакуты, прынесеныя ў ахвяру Богу, былі сапраўдным багаццем Касцёла. За гэты ўрок кіраўніку яго катавалі, а ён з радасцю прыняў смерць у імя Пана.

Давайце ўшануем памяць гэтага святога, зрабіўшы ахвяраванне на дабрачыннасць і прапанаваўшы Богу прыняць нашы пакуты і цяжкасці як дар любові да Езуса, збаўлення душ і адплаты за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі.

15 жніўня: Cвяткуй і любуйся аблокамі на свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

У многіх культурах гэтае свята — дзень традыцыйнага бласлаўлення пладоў зямлі, вырашчаных летам. Садавіна і зёлкі, якія бласлаўляюць у гэты дзень, становяцца сакраманталіямі, якія можна з’есці адразу або высушыць і ўжываць на працягу ўсяго года падчас хваробы і выпрабаванняў.

Пасля нядзельнай Імшы 15 жніўня святкуйце дома, паставіўшы плады зямлі на стале. Асабліва добра, калі яны паходзяць з вашага ўласнага саду або агароду. Зрабіце свежы салат з гародніны і зеляніны, прыгатуйце фруктовы дэсерт, спячыце просты торт і прапануеце дзецям упрыгожыць яго зефірам або ўзбітымі сліўкамі, якія будуць сімвалізаваць аблокі, на якія ўзнялася Багародзіца.

Паглядзіце на неба ў гэты дзень — незалежна ад надвор’я — і звярніце ўвагу на аблокі. Забудзьцеся на час пра зямныя клопаты, абярыце воблака, якое асабліва прыцягне вашу ўвагу, і ўявіце, як бы выглядала Марыя, калі Гасподзь узняў яе на неба.

22 жніўня: Аддай сваё сэрца Богу, ушаноўваючы Беззаганнае Сэрца Марыі

Гэта не толькі ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, але і традыцыйнае свята Беззаганнага Сэрца Марыі. Папа Пій XII устанавіў гэтае свята, прызначыўшы дату ўшанавання Беззаганнага Сэрца 22 жніўня, бо гэта была актава яшчэ аднаго важнага марыйнага свята — Унебаўзяцця. У рамках літургічнай рэформы Паўла VI ранг свята быў паніжаны, і ён быў пераведзены ў ранг абавязковага ўспаміну ў суботу пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Аднак жнівень застаўся месяцам, прысвечаным асабліваму шанаванню Беззаганнага Сэрца Марыі.

Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы нагадвае нам, што мы павінны шанаваць нашу нябесную Маці як Каралеву, нягледзячы на ​​тое, што ўсе мы яе дзеці.

Выдатны спосаб паглыбіць нашу адданасць Беззаганнаму Сэрцу — прысвяціць сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, Яе Сына, таму што гэтая сувязь набліжае нас да Марыі. Знайдзіце час, каб кожны дзень маліцца да Найсвяцейшага Сэрца, разважаць над таямніцамі Яго любові, чытаць разважанні святых ці нават разважаць над творамі каталіцкага мастацтва. Жнівень — ідэальны час для пачатку гэтай духоўнай справы.

28 жніўня: Размаўляй пра веру са святым Аўгустынам

Святы Аўгустын вядомы многімі рэчамі: яго глыбокім навяртаннем пасля грэшнага жыцця, напісаннем сваёй духоўнай аўтабіяграфіі “Споведзь” і яго роляй аднаго з найвялікшых мысляроў у гісторыі хрысціянства.

Аўгустын таксама меў моцную сувязь са сваёй маці, святой Монікай, якая плакала і малілася аб навяртанні сына. Ён не толькі дзякаваў ёй малітвы аб навяртанні, але і любіў гаварыць з ёй пра Бога. Маці і сын шмат гадзін праводзілі разам у духоўных размовах і дыскусіях. Незадоўга да смерці святой Монікі яны абмяркоўвалі вялікія ўзнагароды, якія чалавек можа атрымаць у небе, і ўсе задавальненні гэтага жыцця — нічога, акрамя радасці вечнага жыцця.

З кім вам больш за ўсё падабаецца размаўляць пра веру? Чаму б не адправіць паведамленне, не патэлефанаваць гэтаму чалавеку, а яшчэ лепш, пасядзець разам за кубкам гарбаты ці кавы? Пагаварыце пра рэчы, якія важнейшыя за палітыку, надвор’е і «што новага». Абмяркуйце свае духоўныя думкі і ідэі. Гэта стане ежай для вашай душы.

Не ведаеце, з чаго пачаць? Прачытайце разам літургічныя чытанні дня, абмяркуйце любімыя біблейскія эпізоды або шукайце ў Інтэрнеце інфармацыю пра святых. Арганізуйце сумесны абед — бо самыя цікавыя размовы часта адбываюцца на кухні.

Няхай святы Аўгустын і Беззаганнае Сэрца Марыі абараняюць і благаслаўляюць вас і вашу сям’ю!

Пераклад Марыны Сінкевіч па матэрыялах credo.pro

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі