Мама і трывога: самадапамога

У мінулы раз мы разглядалі выпадкі, калі маме тэрмінова неабходная дапамога спецыялістаў. Сёння паразважаем, як мама можа дапамагчы сабе сама ў выпадку адчування павышанай трывожнасці.

  1. Аднаўленне базавых рэсурсаў

Хранічны недасып узмацняе трывожнасць у некалькі разоў, таму важна клапаціцца пра свой якасны сон. Важна за гадзіну перад сном выключыць тэлевізар і адкласці тэлефон, каб мозг і нервовая сістэма пачалі адпачываць.

Калі заснуць не атрымліваецца, паспрабуйце некалькі простых практыкаў:

— успомніце месца, дзе вам было добра, бяспечна і спакойна: бераг возера, лес, бабуліна хата, родны касцёл, утульная каплічка і гд.

Уявіце сабе ўсе, нават самыя дробныя дэталі, успомніце, чаму вам там падабалася, што давала адчуванне супакою.

Пачытайце папяровую кнігу, часопіс або газету. Калі на працягу дваццаці хвілін заснуць не атрымліваецца, не ляжыце ў ложку, ідзіце ў іншы пакой. Не ўключайце святло, пасядзіце ў крэсле, выпіце цёплы напой, памасіруйце мочкі вушэй, пальцы рук, ступні.

Вяртайцеся ў ложак толькі тады, калі адчуеце, што вочы заплюшчваюцца.

  1. Дэлегаванне абавязкаў

Насамрэч, дэлегаванне абавязкаў – такая ж базавая неабходнасць, як сон і ежа. Першы крок у клопаце пра дзіця – гэта клопат пра маму.

Да дэлегавання варта падысці з розумам. Пастарайцеся ўжываць мінімум крытыкі. Нічога страшнага не здарыцца, калі тата надзене дзіцяці не тыя шкарпэткі або пакорміць не той лыжкай. Ідзіце насустрач людзям, якія імкнуцца вам дапамагчы, прымайце дапамогу і абавязкова дзякуйце.

Важна прыняць простую ісціну: вашае дзіця не запомніць стэрыльную кватэру, абед са страў высокай кухні ці выпрасаваную пасцельную бялізну. Але назаўжды ў памяці застанецца шчаслівая і спакойная або стомленая і ўзбуджаная мама.

  1. Фільтрацыя інфармацыі

Падумайце, якая інфармацыі выклікае ў вас найбольшую трывожнасць? Актуальныя навіны? Пасты канкрэтных людзей у сацыяльных сетках? “Мамскія” форумы? Медынскія артыкулы? Наўмысна Пазбягайце такой інфармацыі, шукайце тое, што вас напаўняе, радуе, стварае добры настрой.

  1. Думкі па палічках

У мамінай галаве шмат думак, планаў, перажыванняў. Яны сапраўды перагружаюць мозг і спрыяюць трывожнасці. Варта завесці сабе прыгожы сшытак, куды штодня думкі, планы, перажыванні вы будзеце запісваць. Такім чынам, тая каша, што варыцца ў мамінай галаве, паступова будзе раскладвацца па палічках.

З часам, калі вы будзеце перачытваць папярэднія старонкі, убачыце, як шмат спраў атрымалася зрабіць, як клопаты, што вельмі трывожылі раней, цяпер здаюцца простымі перажываннямі.

  1. “План на экстранны выпадак” – галоўны вораг трывогі

Трывога баіцца канкрэтыкі. Калі мама перажывае, што рабіць у экстранных сітуацыях, неабходна напісаць план, гледзячы на які яна нагадае сабе: “Я гатовая да ўсяго. Зараз усё добра. Калі нешта здарыцца, вось мой алгарытм”.

Якую інфармацыю змясціць у гэты план? Неабходныя нумары тэлефонаў:

  • Хуткая дапамога.
  • Нумары паліклінікі, па якіх можна выклікаць педыятра або атрымаць даведку.
  • Адрасы інфекцыйнага шпіталю, кругласутачнай траўматалогіі, стаматалогіі.

Алгарытмы пешай дапамогі:

  • Спіс лекаў, якія трэба даць пры высокай тэмпературы, з дазіроўкай згодна з вагой дзіцяці.
  • Дзеянні і лекі пры атручванні або кішачнай інфекцыі.
  • План першай дапамогі пры траўме або падзенні.

Важныя рэчы, якія хвалююць менавіта вас. Алгарытм дзеянняў варта павесіць на бачнае месца.

Вікторыя Філіпенка – мама дваіх дзяцей

для друку для друку