1 жніўня ксёндз канонік Валерый Орсік асвяціў крыж на могілках каля вёскі Сакавічы, якой ужо няма на карце. На ўрачыстасць сабраліся дзеці, унукі і праўнукі тых, хто спачывае на гэтай зямлі.
Сакавічы – калісьці квітнеючая вёска ў Глыбоцкім раёне, сёння – толькі ўспамін. Яе няма. Апошнія хаты, якія яшчэ стаялі, закапаны ў кар’еры. А калісьці тут жылі руплівыя, працавітыя людзі, нашы продкі, а сама вёска патанала ў квецені садоў, агародаў і кветак.
1 жніўня на могілках, якія засталіся сведкамі мінулага жыцця, адбылася важная падзея. Крыж асвяціў ксёндз канонік Валерый Орсік – пробашч парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне.
На асвячэнне крыжа сабраліся людзі, для якіх гэта зямля – не проста месца на карце. Дзеці, унукі і праўнукі пахаваных тут сваякоў прыйшлі, каб ушанаваць памяць продкаў і памаліцца.
– Пане, прабач, што мы часта адракаемся свайго крыжа. Навучы нас пакорна несці ўсе жыццёвыя цяжкасці. Ведаем і верым, што Ты ніколі не дасі крыжа, цяжэйшага за нашы сілы, – гучала ў малітве.
Сёння вёскі Сакавічы ўжо няма. Але жыццё не стаіць на месцы. Падобна да Збаўцы, патомкі калісьці жыўшых тут людзей стараюцца спаўняць волю Бога праз жыццё і вернасць Касцёлу, служачы іншым у прастаце і пакоры, паказваючы такім чынам свету дабрыню і любоў Бога.
Асвячоны крыж на могілках стаў не толькі знакам памяці, але і сімвалам веры, якая перамагае час і смерць. Нават калі знікаюць вёскі, застаецца тое, што нельга знішчыць – малітва, памяць і любоў нашчадкаў да сваіх каранёў.
Сафія Юковіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

