Штогадовыя ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў марыянаў у Росіцы, якія прайшлі 31 ліпеня – 1 жніўня, сталі сапраўдным выпрабаваннем веры і любоўю, якая не баіцца ні агню, ні дажджу.
Росіца – гэта месца, дзе Бог з намі не жартуе. Гэтыя словы айца Вадзіма Мізера, вымаўленыя з амбоны, гучалі не проста як тэалагічная думка, а як асабістае сведчанне, перажытае да глыбіні душы. Бо калі ў маленькай вёсцы на поўначы Беларусі, ля самай мяжы з Латвіяй, больш за 80 гадоў таму ў агні згарэла больш за паўтары тысячы чалавек – гэта не можа быць проста гісторыяй. Гэта выклік. Гэта пытанне, якое кожны з нас павінен задаць сабе: а ці здольны я на такую любоў?
Сцяжынкай веры – праз Полацк і Друю
Урачыстасці распачаліся прыбыццём ля брамы санктуарыя дзвюх пешых пілігрымак – з Полацка і Друі. Каля сотні чалавек пад кіраўніцтвам айцоў марыянаў Аляксандра Жарнасека і Вадзіма Мізера пераадолелі дарогу, каб у малітве і разважаннях унутрана абнавіцца перад святам. Іх сустракаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч – і гэта была не проста фармальнасць, а сапраўдная сустрэча пастыра са сваім статкам, які прагне духоўнай падтрымкі.
«Збіраемся ў гэтым асаблівым месцы»
Святую Імшу для пілігрымаў цэлебраваў біскуп Алег. На пачатку айцец Аляксандр Жарнасек МІС – кусташ санктуарыя – прывітаў усіх са шчырасцю, якая так неабходна ў Росіцы: «На пачатку нашага святкавання ў гэтым месцы запрашаю адпаведна перажыць святы, адпачыць духоўна і фізічна». Гэтыя словы – нібы клопат любячага бацькі, які ведае, што яго дзеці стаміліся і патрабуюць не толькі хлеба духоўнага, але і простага чалавечага цяпла.
Біскуп Алег у сваім звароце нагадаў, што Росіца – гэта месца, якое стала сведкам вернасці свайму пакліканню, адданасці і вытрываласці ў веры. «Гэтае месца заўсёды не толькі дае прыклад, а ўмацоўвае нас праз малітву бласлаўлёных мучанікаў, малітвай тых, для каго гэта месца стала брамаю ў неба».
Сведчанне пілігрыма
Казанне прамовіў айцец Вадзім Мізер МІС. Ён падзяліўся сваім сведчаннем як пілігрыма, пра сур’ёзнае дзеянне Бога ў гэтым месцы, пра цуд у жыцці, пра словы і момант, на якія чакаў восем гадоў. Яго словы ўрэзаліся ў памяць: «Росіца – гэта месца, дзе Бог з намі не жартуе. Гэта вельмі сур’ёзнае месца, тут няма жартаў, тут няма проста так. Тут няма так, што выходзім адсюль такія самыя». І яшчэ: «Росіца – гэта цуд у вачах Бога, хоць для нас гэта месца трагедыі».
Гэтае сведчанне – не проста словы. Гэта заклік. Бо кожны, хто хоць раз пераступіў парог гэтага санктуарыя, ведае: Росіца мяняе. Яна не пакідае ранейшым. Яна альбо набліжае да Бога, альбо выкрывае пустэчу ў сэрцы.
Малітва праз мяжу чалавечага болю
Асаблівым момантам стала выкананне акафіста росіцкім мучанікам вернікамі грэка-каталіцкай Царквы на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам. Гэты спеў – нібы мост паміж Усходам і Захадам, паміж трагедыяй мінулага і надзеяй будучыні.
Разважаючы над балеснымі таямніцамі Святога Ружанца, якія перапляталіся з успамінамі сведкаў росіцкай трагедыі, пілігрымы перажывалі не проста малітву – а суперажыванне, супольны боль, які праз 80 гадоў не страціў сваёй вастрыні.
Прастата, якой мы не ўмеем давяраць
А 22-й гадзіне адбылася канферэнцыя айца Аляксандра Жарнасека на тэму «прастата Бога і прастата ў духоўным жыцці» – з нагоды Юбілейнага года святога Францішка. Яго думка была простай і адначасова глыбокай: «мы, людзі, не ўмеем прымаць тое, што простае, і заўсёды хочам нешта ўскладніць». Хіба не ў гэтым карані нашых праблем? Мы шукаем складаных адказаў, калі Бог ужо даў нам самы просты – любоў. Пасля канферэнцыі адбылася Малітва праслаўлення перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам.
Апоўначы – калі гісторыя сустракаецца з вечнасцю
Роўна апоўначы распачалася святая Імша пад кіраўніцтвам біскупа Алега. У сваёй гаміліі іерарх звярнуўся да сучаснасці: «Сёння, у наш няпросты час, 21 стагоддзя, як кажа Папа Леў XIV, калі жывем у часы тэхнічнай рэвалюцыі, гэтыя сродкі ўплываюць і кіруюць намі і нашым жыццём. Адказваючы на пытанне, чаму такія трагічныя моманты здараюцца ў гісторыі чалавецтва, адказ ёсць вельмі просты – непрыняцце альбо памылковае разуменне той праўды, якую ў гэты свет прынёс Езус Хрыстус».
Ён нагадаў, што 80 гадоў таму была гэтая трагедыя, і сёння свет стаіць на парозе той самай небяспекі – з новымі сродкамі, з новымі тэхналогіямі, якія аблягчаюць чалавечае жыццё, але і нясуць небяспеку. Гэтыя словы – не пра мінулае. Яны пра нас. Пра наш выбар. Пра тое, ці гатовыя мы пачуць Хрыста сёння.
Праз дождж – да перамогі
Пасля Імшы адбылася працэсія на пляц мучаніцтва. Там маліліся літанію да бласлаўлёных Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, адаравалі Крыж. І ў гэты момант – калі здавалася, што неба само адгукаецца на малітву – абрынуўся моцны дождж з маланкамі.
Ніхто не чакаў такой залевы. Усе прамоклі да ніткі. Але замест расчаравання – у святыні загучаў спеў Te Deum. Гімн перамогі. Бо хіба не ў гэтым сапраўдная вера – калі нават пад дажджом, калі нават мокрыя і стомленыя, мы ўсё роўна праслаўляем Бога? Малітва працягнулася Крыжовым шляхам у святыні – і гэта было не проста набажэнства, а жывое перажыванне Хрыстовай ахвяры.
Вяртанне дадому – з цудам у сэрцы
Скончыліся росіцкія ўрачыстасці святой Імшой а 10-й. Стомленыя, але шчаслівыя пілігрымы вярталіся дахаты. Яны неслі з сабой нешта большае, чым успаміны. Яны неслі цуд – той самы, пра які казаў айцец Вадзім. Бо Росіца – гэта месца, дзе Бог не жартуе. І калі ты выходзіш адсюль такім жа, як прыйшоў – значыць, ты не дазволіў Яму дзейнічаць.
Але хіба можна супрацьстаяць Богу, калі Ён кліча праз кроў мучанікаў, праз дождж, які змывае і адначасна ачышчае? Росіца чакае. Росіца запрашае. І кожны раз, калі мы прыходзім сюды, мы адказваем на пытанне, якое гучыць ужо 80 гадоў: а ці ёсць у нас большая любоў?
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!




























































