Паесці – не значыць пад’есці: пра некаторыя семантычныя адценні агульнавядомых дзеясловаў

Ілюстрацыйнае фота

У сённяшнім выпуску нашай лінгвістычнай старонкі мы пагаворым пра ўжыванне ў беларускай мове дзеясловаў паесці і пад’есці. На першы погляд, тэма досыць дзіўная) Ну якія праблемы могуць быць з выкарыстаннем названых вышэй слоў? Сапраўды, а якія тут могуць узнікаць цяжкасці, непаразуменні, калі абедзве словаформы знаёмыя кожнаму?

Прызнаемся, што і нам пытанне, агучанае чытачкай “Каталіцкага Весніка” спадарыняй Таццянай С. з Мінска, падалося спачатку штучным, нецікавым. Але толькі напачатку. Сп-ня Таццяна, у прыватнасці, гаворыць: “Мая сяброўка – настаўніца рускай мовы са шматгадовым стажам – заўсёды мяне крытыкуе, калі чуе з маіх вуснаў фразы кшталту Ці пад’еў ты?; Трэба пад’есці, а ўжо потым ісці на двор; Калі не пад’ясі, дык і сілы не будзе вучыцца. І гэтак далей. Так я звяртаюся да свайго васьмігадовага ўнука. Яна ж сцвярджае, што слова пад’есці – размоўнае, яго не варта ўжываць у беларускай літаратурнай мове. Акрамя таго, пад’есці – гэта значыць, “толькі крыху паесці, часткова”. А іншае значэнне, паводле меркавання маёй сяброўкі, – “нешта адкусіць”, і тут неабавязкова гаворка можа ісці пра чалавека. Умоўна, і сабака можа нешта “пад’есці”, гэта значыць, “крыху адкусіць ці крыху з’есці”. Больш за тое, настаўніца паказвала мне слоўнік, дзе дзеяслоў пад’есці сапраўды суправаджаецца паметай разм. – размоўнае. Для мяне гэта стала надта нечаканым.

Разумею, што маё пытанне, магчыма, недзе і смешнае, і наіўнае, але ўсё ж хацелася б ведаць, ці варта выкарыстоўваць у нашай літаратурнай мове названую форму? Буду ўдзячна за адказ нават у прыватным парадку”.

Перачытаўшы пару разоў ліст сп-ні Таццяны, мы ўсё ж прыйшлі да высновы, што ўзнятае пытанне мэтазгодна асвятліць на старонках газеты, каб усе ахвотныя маглі пачытаць, разабрацца ў некаторых семантычных нюансах. І шчыра дзякуем нашай чытачцы за ўвагу да такіх лінгвістычных тонкасцяў! Якраз гэта і выхоўвае наш моўны густ, удасканальвае яго, робіць нас больш адчувальнымі да кожнага словаўжывання.

Адразу звернем увагу на тое, што сяброўка нашай чытачкі – настаўніца рускай мовы з вялікім досведам – мае рацыю ў тым, што ў слоўніку дзеяслоў пад’есці падаецца з паметай разм. – размоўнае. Гэта ўтрымлівае “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 1979, Т. 3, с. 526) і дае наступную дэфініцыю да слова пад’есці: “Наталіць голад, наесціся (Маці паклікала Андрэя снедаць. Дзядзька Марцін і Якуб у хату не пайшлі, спаслаўшыся на тое, што яны нядаўна добра пад’елі. Якуб Колас). І другое значэнне, зафіксаванае названым слоўнікам, – “аб’есці, абгрызці знізу; сапсаваць” (Пад’есці дрэва). Як бачым, фармальна настаўніца-філолаг мела рацыю. Але толькі фармальна. Можна смела сцвярджаць, што ў згаданым слоўніку пазнака “размоўнае” не адпавядае рэальнаму стылістычнаму статусу слова пад’есці, не ўлічвае характару яго функцыянавання ў штодзённай вербальнай практыцы. Пры складанні слоўніка адбыўся звычайны, механічны перанос стылістычнай характарыстыкі з рускай формы подъесть, якая мае там прастамоўныя рысы. Але ж прычым тут нашая мова?

Несумненна, у беларускай мове абодва дзеясловы – паесці і пад’есці – нарматыўныя, разглядаюцца як стылістычна нейтральныя. І хоць абодва маюць закончанае трыванне, адрозніваюцца семантычнымі адценнямі: паесці не значыць пад’есці. Паводле слоўніка, паесці – “з’есці чаго-небудзь у якой-небудзь колькасці, прыняць ежу (Ярохін быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Іван Шамякін; Адам адчуў голад. Нічога ў яго не было. Кілбасы і сыры ён даўно паеў. Кузьма Чорны). Як бачым, словаформа паесці не адлюстроўвае значэння “быць сытым, не быць галодным, не хацець есці”. А са словам пад’есці сітуацыя якраз адваротная: чалавек наеўся, ён не галодны ўжо, ён не хоча больш есці. Прывядзём тут яшчэ колькі фрагментаў з мастацкай літаратуры для ілюстрацыі: Пад’еў як належыць, / А потым з крыніцы / Празрыстай сцюдзёнай / Напіўся вадзіцы. Уладзімір Дубоўка; Дзеці мае! Вы пад’елі, заснулі, / І я вам спакою хачу. Аркадзь Куляшоў; Дай бо чаго пад’есці! Іван Мележ. Як няцяжка пераканацца, розныя айчынныя аўтары без праблем выкарыстоўваюць слова пад’есці, каторае надзвычай дакладна перадае сутнасць з’явы.

Разам з тым варта нагадаць, што для абазначэння працэсу спажывання ежы, акрамя названых вышэй слоў, у беларускай мове ёсць яшчэ сінонімы перакусіць, падсілкавацца, падмацавацца, а таксама дзеясловы, што абазначаюць сам працэс у розны час сутак: снедацьпаснедаць, абедацьпаабедаць, вячэрацьпавячэраць. Дарэчы, тое ж самае датычыць, паводле трапнай заўвагі вядомага айчыннага лінгвіста Алеся Каўруса, і формаў піцьпапіць – выпіць (Поўдзень. Духата. Адны пасажыры пабеглі пашукаць чаго папіць. Мікола Ракітны; На, выпі малачка, каток. Якуб Колас; Піліп Сямёнавіч пачаў агітаваць нас выпіць у вясковай цётачкі смятаны. Янка Брыль; Зайшоў у хату напіцца вады. Максім Танк).

Такім чынам, адказваючы на пытанне нашай чытачкі адносна мэтазгоднасці ўжывання ў беларускай літаратурнай мове словаформы пад’есці, заўважым, што названы дзеяслоў можа выкарыстоўвацца без абмежаванняў. Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял паспрыяе лепшаму разуменню некаторых семантычных нюансаў у практычнай камунікацыі.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку