Піць, курыць? Гэта толькі мая справа!

d1947099767«Я лічу, што злоўжыванне алкаголем, курэнне празмернай колькасці цыгарэт — гэта выключна мая асабістая справа. Аднак мяне раздражняюць і турбуюць засцярогі блізкіх. Хіба я не магу сам за сябе вырашаць? »

На пытанне адказвае а. Ежы Сермак SJ для deon.pl:

Тваё абурэнне, можа, было б абгрунтавана, калі б курэнне цыгарэт або злоўжыванне алкаголем было выключна тваёй асабістай справай, і калі б наступствы гэтых дрэнных звычак не мелі ніякага ўплыву на асяроддзе. Тады б ты мог сказаць, што гэта твой свабодны выбар. Ты ведаеш, што робіш, і сам панясеш усе наступствы. Аднак ужо тут з’яўляецца праблема, ці чалавек, які злоўжывае алкаголем, тытунем, наркотыкамі, сапраўды ведае, што менавіта ён робіць. Ці ты ўсведамляеш, што крыўдзіцца на людзей, якія імкнуцца ўтрымаць цябе ад залежнасці, гэта перш за ўсё дзеянні супраць сябе самога? Бо тыя, што звяртаюць табе ўвагу, каб ты гэтага не рабіў, хочуць абараніць ад залежнасці, якая цябе разбурае, бо нясе з сабой фізічнае і псіхічнае спусташэнне.

Кожная залежнасць з’яўляецца хваробай душы і эмоцый, а таксама мозгу і нервовай сістэмы. Гэтая хвароба заключаецца ў страце кантролю над сваім жыццём. Вядзе да таго, што залежны чалавек прымае дурманныя сродкі нягледзячы на наступствы, якія яны выклікаюць. Талерантнасць (цярпімасць) арганізма да гэтых рэчываў расце, з-за чаго для дасягнення такога ж эфекту трэба ўжываць кожны раз вялікія порцыі або перайсці на нешта мацней.

Дурманныя сродкі (алкаголь, тытунь, наркотыкі) выклікаюць у чалавека, які іх прымае, зманлівае перакананне, быццам гэта сродкі, якія дапамагаюць вырашаць нейкія жыццёвыя праблемы. Аднак яны толькі на кароткі час падтупліваюць эмоцыі, а калі перастаюць дзейнічаць — праблемы вяртаюцца з падвоенай сілай. Залежны чалавек часам усведамляе, што дурманлівы сродак стаў прычынай яго клопатаў і знішчае яго здароўе, але замест таго, каб спыніць яго ўжыванне, ён прымае ўсё больш. Так адбываецца таму, што ён больш не кантралюе сваё жыццё. Адзін непітушчы алкаголік калісьці мне прызнаўся: піў для таго, каб хоць на хвіліну забыць, што ён — алкаголік.

Гэтых асабістых пагроз залежны чалавек не бачыць. Ён толькі крыўдзіцца на тых, хто хоча яго перасцерагчы ад небяспекі або стараецца дапамагчы вырвацца з залежнасці.

На жаль, мы тут маем справу з вялікім парадоксам. Чалавек досыць лёгка паддаецца ўплыву тых, хто яго прыводзіць да залежнасці, і пры гэтым яму так цяжка прыняць меркаванне тых, хто хацеў бы яго з гэтага стану вызваліць.

Ёсць таксама другі элемент у напамінках людзей, якія бачаць празмернасць ужывання алкаголю або тытуню. Гаворка ідзе пра ўплыў на асяроддзе. Чаму ўся сям’я павінна адчуваць наступствы пражывання пад адным дахам з курцом? Чаму не раз нават маленькія дзеці падвяргаюцца небяспекі атручвання сваіх арганізмаў нікацінам бацькі-курца, які паліць у хаце? Наступствы т.зв. «пасіўнага курэння» не менш ад наступстваў актыўнага. Яшчэ цяжэй жыць з залежным п’яніцай. Верагодна, нікога не трэба пераконваць, што алкаголь знішчае не толькі таго, хто яго ўжывае, але нясе з сабой вялікую шкоду ў сямейным і грамадскім жыцці. Аб надзвычай грозныя наступствы ўжывання наркотыкаў ўжо і ўспамінаць не буду, яны жудасныя.

Таму перасцерагаць людзей, якія схіляюцца ў напрамку залежнасці, гэта не толькі права блізкіх, але нават іх абавязак. У гэтым брацкім настаўленні змяшчаецца клопат пра чалавека, які ўпадае ў небяспеку, а таксама неабыякавасць да тых, хто схільны на наступствы злоўжывання дурманлівымі сродкамі. Абурацца на заўвагі з боку блізкіх — гэта нішто іншае як прыкмета эгаізму, думак выключна пра сябе, нежаданне ўзяцца за працэс вызвалення ад залежнасці.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі