11 мая вернікі з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах здзейснілі аўтобусную пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый у Будславе, каб скласці свае падзякі і просьбы да Маці Божай. Прыемнай нечаканасцю для пілігрымаў стала сустрэча і супольная малітва з арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.
Аўтобусная пілігрымка да цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай у маі, калі няма ніякіх урачыстасцяў, на першы погляд падаецца нязвыклай, аднак час для яе быў абраны невыпадкова. Па-першае, месяц май прысвечаны Багародзіцы, калі кожны дзень у святынях адбываецца маёвае набажэнства ў Яе гонар. Па-другое, падчас фэсту ў Будславе вельмі шмат людзей, таму не заўсёды ёсць магчымасць наблізіцца да абраза Маці Божай і пабыць сам-насам з Марыяй. І, нарэшце, на суботу, вольны ад працы дзень, выпала ў гэтым годзе гадавіна пажару ў Будслаўскім санктуарыі, які адбыўся 11 мая 2021 года.
У дарогу вырушылі раніцай. Уладкаваўшыся ў аўтобусе, распачалі ружанцовую малітву і не заўважылі, як праз дзве гадзіны былі ўжо на месцы. Да пачатку набажэнстваў быў яшчэ час, таму вернікі мелі магчымасць пазнаёміцца з ходам прац па аднаўленні Будслаўскай святыні, а таксама памаліцца перад абразом Маці Божай і адмысловымі крыжамі, якія зробленыя з абгарэлых пасля пажару бэлек перакрыццяў касцёла.
А палове дванаццатай у святыні распачалася ружанцовая малітва. Ахвотныя маглі таксама скарыстацца сакрамантам споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць удзел у святой Імшы.
А 12-ай гадзіне распачалася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На пачатку святой Імшы прысутных прывітаў пробашч Будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік. Святар узгадаў пра сумную падзею ў гісторыі Нацыянальнага санктуарыя і падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за прысутнасць і малітоўную падтрымку у гэты дзень.
У сваю чаргу старшыня беларускага епіскапату падкрэсліў, што святую Імшу цэлебруе ў інтэнцыі тых, хто дапамагаў тушыць пажар, ратаваў маёмасць, падтрымліваў малітоўна, прычыніўся да аднаўлення святыні. Таксама за ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы якім святыня паступова набывае новы выгляд.
У сваёй гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў прысутных быць сведкамі Змёртвыхпаўстання Пана і як апосталы абвяшчаць добрую навіну. Цытуючы словы Папы Францішка, прамоўца падкрэсліў, што мы павінны імкнуцца абвяшчаць змест Евангелля ў тым асяроддзі, дзе жывём. Завяршаючы гамілію іерарх пажадаў, каб у сэрцы кожнага верніка заўсёды гарэў агонь Божай любові.
Далучаючыся да супольнай малітвы, кожны пілігрым маліўся таксама ва ўласнай інтэнцыі: за сваю сям’ю, за родных і блізкіх, за парафію і святароў.
Напрыканцы Літургіі адбылося маёвае набажэнства, падчас якога перад Найсвяцейшым Сакрамантам супольна памаліліся Літаніяй да Маці Божай.
Пасля святой Імшы ахвотныя мелі магчымасць зрабіць фотаздымкі з арцыбіскупам і наведаць парафіяльную краму. Падсілкаваўшыся, вырушылі дадому.
На зваротным шляху наведалі касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі ў Параф’янаве. Святыня, якая пабудавана ў псеўдабарочным стылі, уразіла сваім аздабленнем. Прыгожыя вітражы, роспісы на сценах, дэкарацыі — ва ўсім бачны клопат пра касцёл. Пілігрымаў сустрэў пробашч кс. Уладзімір Шымковіч, які крыху расказаў пра парафію і святыню.
З цёплымі і прыемнымі ўражаннямі вярнуліся пілігрымы дадому. 44 пілігрымы рознага ўзросту яшчэ доўга не разыходзіліся. Многія накіроўваліся да пробашча парафіі кс. Андрэя Куліка, каб выказаць словы ўдзячнасці за цудоўную пілігрымку ў Будслаў, за тое, што ён разам маліўся і ўвесь час быў побач.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
