Ці грэх забіраць з сабой з працы рэшткі ежы, якія засталіся нявыкарыстанымі і наўрад ці будуць выкарыстаны?

Ілюстрацыйнае фота

Ці грэх забіраць з сабой з працы (я працую кухаркай) рэшткі ежы, якія засталіся нявыкарыстанымі і наўрад ці будуць выкарыстаны?

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD.

Пастаўленае пытанне трэба разглядаць у кантэксце сумленнасці ў працы і марнавання ежы. Папа Францішак у адным з пасланняў заклікаў удзельнікаў сесіі Сусветнай харчовай праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (WFP) змагацца з “павярхоўнасцю, нядбайнасцю і эгаізмам, якія знаходзяцца ў аснове культуры адкідвання”, і сцвердзіў, што марнаванне прадуктаў харчавання “абцяжарвае жыццё вялікай колькасці людзей і перашкаджае развіццю народаў”. Менавіта марнаванне ежы ў сучасным свеце з’яўляецца вялікім і цяжкім грахом, які абцяжарвае сумленні людзей.

Папа вучыць: “Калі мы хочам пабудаваць будучыню, у якой ніхто не застанецца ззаду, мы павінны будаваць сучаснасць, якая будзе радыкальна не прымаць марнаванне прадуктаў харчавання”. Паводле дакладу Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (FAO), штогод ва ўсім свеце, як у багатых краінах, так і ў тых, якія развіваюцца, марнуецца 1,3 мільярда тон ежы.

Веруючы чалавек пакліканы быць сумленным ва ўсіх сферах свайго жыцця, як на працы, так і па-за ёй. Сумленнасць жа вынікае з любові да Бога і людзей. Паводзіны веруючай асобы грунтуюцца таксама на маральных законах, такіх, як запаведзі, і на нормах, згодных з Божым законам. Сёмая запаведзь не дазваляе прысвойваць тое, што з’яўляецца чужою ўласнасцю. Такім чынам, мы разумеем, што чужую ўласнасць можам або набыць, або атрымаць ад яе ўладальніка.

У святле каталіцкага маральнага вучэння, беручы пад увагу акалічнасць, калі харчовыя прадукты ў сталовай застаюцца нявыкарыстанымі і існуе пагроза іх марнавання, забіраць рэшткі дадому больш адпавядае прынцыпам ашчаднасці, міласэрнасці і салідарнасці, чым выкідваць іх на сметнік, і не з’яўляецца грахом. Касцёл заахвочвае да дзеянняў па барацьбе з беднасцю і аказанні дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, таму выкарыстанне ежы, якая магла б быць змарнаванай, разглядаецца як больш маральныя паводзіны.

Ідэальным рашэннем была б дамоўленасць паміж уладальнікам ці кіраўніком кухні і супрацоўнікамі ў гэтай матэрыі. Сумесна ўстаноўленыя правілы выкарыстання харчовых рэшткаў на працоўным месцы маглі б гарантаваць захаванне адпаведных маральных стандартаў і каштоўнасцяў.

З малітвай, а. Аркадзь

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі