Першы ў Беларусі касцёл святога Ігнацыя Лаёлы асвечаны ў Віцебску (+відэа)

9 ліпеня 2022 года – асаблівы дзень у гісторыі Віцебска таму што менавіта ў гэты дзень у парафіі св. Уладзіслава быў асвечаны новы касцёл у гонар св. Ігнацыя Лаёлы. Абрад пасвячэння здзейсніў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Гэтая парафія была заснавана біскупам Уладзіславам Блінам яшчэ ў 2008 годзе, але доўгі час пасля заснавання не мела свайго будынку і здымала памяшканне ў бізнэс-цэнтры. Гэта было вельмі нязручна, бо нават у нядзелю яно не змяшчала ў сабе усіх вернікаў, не гаворачы пра вялікія ўрачыстасці.

Парафія св. Уладзіслава была заснавана біскупам Уладзіславам Блінам яшчэ ў 2008 годзе, але доўгі час пасля заснавання не мела свайго будынку і здымала памяшканне ў бізнэс-цэнтры. Гэта было вельмі нязручна, бо нават у нядзелю памяшканне не змяшчала ў сабе ўсіх вернікаў, не гаворачы пра вялікія ўрачыстасці.

У чэрвені 2019 года парафія перайшла пад апеку айцоў-езуітаў. Пробашчам быў прызначаны а. Віктар Жук SJ, вікарыем заставаўся а. Станіслаў Памыкала SJ, які тады ўжо некалькі гадоў служыў разам з кс. Віктарам Місевічам, папярэднім пробашчам.

Будова касцёла пачалася два гады таму, але ў сувязі з некаторымі цяжкасцямі некалькі разоў тэрмін яго здачы, на жаль, пераносіўся. Трэба таксама адзначыць, што пры будове і ўнутраным афармленні касцёла ўзнікла дастаткова дыскусій. Але, усё ж, яго асвячэнне стала вялікай радасцю для парафіі.

Падзяліць гэтую радасць з вернікамі парафіі прыехалі святары з усёй дыяцэзіі, вернікі з іншых парафій Віцебска. Таксама на ўрачыстасці прысутнічаў правінцыял Вялікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса а. Збігнеў Лячкоўскі SJ.

Урачыстасць пачалася малітвай на вуліцы перад храмам, падчас якой біскуп Алег адчыніў дзверы новай святыні і запрасіў усіх увайсці. Пасля гэтага пачалася сама літургія і асвячэнне. Напачатку якога сцены будынка былі акроплены святой вадой.

Падчас казання біскуп Алег нагадаў вернікам, што гэтая ўрачыстасць – выключная падзея, прыемны момант, каб дзякаваць Богу. Добры знак таго, што мы ўсё ж шукаем шляхі, якія будуць асвячаць нашае жыццё, шляхі, якія вядуць нас да Божага Валадарства. “Пасвячэнне– патлумачыў біскуп Алег – азначае, што з гэтага моманту будынак пераходзіць у выключную ўласнасць Бога і ўжо не прыналежыць гэтаму свету, праз пасвячэнне гэтае месца становіцца тым месцам, дзе адбываюцца святыя рэчы”.

Біскуп Алег таксама сказаў і пра незвычайнасць архітэктурнага стылю новага будынка. Ён адзначыў, што такія формы дазваляюць сёння пазбегнуць стварэння вобраза касцёла як выключна аб’екта культуры. Гэтая незвычайнасць дае магчымасць новаму касцёлу быць месцам, куды я не прыходжу як у музей, але дзе я сустракаю Таго, хто мяне чакае і любіць. Любіць настолькі, што зноў і зноў ахвяруе Сябе на алтары. Аддае жыццё. “Так, гэты будынак не будзе абуджаць у нас такіх эмоцый, як іншыя, больш традыцыйныя сакральныя будынкі, але ён больш накіроўвае нашыя думкі на тое, як выглядае наша душа, бо мы ёсць будоўля Божая,” – сказаў пастыр дыяцэзіі.

Таксама біскуп Алег параўнаў асвячэнне святыні з хростам чалавека, але адзначыў, што новы касцёл сёння хрысціцца знутры, бо з ім усё зразумела, яго асвяцяць і ён будзе месцам культу. Нас хрысцілі звонку, каб гэты хрост мог перамяніць нас знутры, бо з намі ўсё цяжэй, мы маем вольную волю, таму нашым абавязкам з’яўляецца тое, каб мы гэтую Божую будоўлю, закладзеную падчас хросту, у сабе захавалі. І гэтаму паслужыць новы касцёл.

Пастыр дыяцэзіі звярнуў увагу на месца размяшчэння алтара ў касцёле, бо ён знаходзіцца блізка амаль у роўнай ступені ад кожнага ўдзельніка Літургіі. “Будынак запрашае да таго, каб я паспрабаваў аднавіць свае адносіны з Богам. Прыгадаў сабе, што азначае быць веруючым чалавекам, быць, а не называцца. Каб я вызначыў ужо для сябе, хто ж такі для мяне Бог,” – сказаў іерарх.

Біскуп Алег яшчэ раз нагадаў, што менавіта сэрцы людзей з’яўляюцца ці павінны з’яўляцца найпрыгажэйшай святыняй Бога, але каб збудаваць яе трэба практыка і павелічэнне досведу адносінаў з Богам. У гэтым нам павінна дапамагчы гэтае святое месца.

Пасля казання асвячэнне працягнулася. Зводны хор парафій Святога Духа і святога Уладзіслава разам са святарамі і вернікамі праспявалі Літанію да ўсіх святых, якая звычайна спяваецца касцёлам падчас вырашэння важных спраў. Сцены і алтар касцёла былі памазаны святым алеем. Затым на алтары было запалена кадзіла, яго дым сімвалізуе малітвы вернікаў, якія яны будуць узносіць да Бога. Потым пробашч а. Віктар Жук SJ атрымаў з рук біскупа Алега запаленую свечку, каб запаліць свечкі на сценах храма. Таксама святло было запалена ва ўсім касцёле.

Пасля літургіі вернікі падзякавалі Яго Эксцэленцыі біскупу Алегу Буткевічу за асвячэнне храма. Падзякавалі ўсім святарам, якія ўклалі свае сілы ў стварэнне парафіі і будоўлю касцёла. Са словамі падзякі да прысутных звярнуліся а. Віктар Жук і а. Клеменс Верт, які менавіта і займаўся арганізацыяй будоўлі. Яны падзякавалі ўсім, хто дапамагаў справе на розных этапах: спонсарам, арганізатарам, актыўным парафіянам, а таксама тым, хто дапамагаў у падрыхтоўцы ўрачыстасці і яе ўпрыгожванні.

Затым кс. Віктар Місевіч прачытаў дэкрэт асвячэння касцёла ў гонар святога Ігнацыя Лаёлы, які праз некалькі хвілінаў быў падпісаны біскупам Віцебскім, канцлерам Віцебскай дыяцэзіі, пробашчам парафіі святога Уладзіслава, правінцыялам Вялікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса, прадстаўніком парафіяльнай рады і кіраўніком будовы айцом Клеменсам Вертам.

Святкаванне працягнулася ў адміністрацыйнай частцы будынка, дзе быў падрыхтаваны стол для ўсіх жадаючых.

Большы фотарэпартаж па спасылцы>>

Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі