Конкурс батлеек прайшоў у Віцебску (+відэа)

5 студзеня 2024 года ў доме культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны адбыўся конкурс батлеек, які ўжо традыцыйна праводзіцца ў Віцебскай дыяцэзіі пасля свята Божага Нараджэння.

Каб прадставіць свае батлейкі на конкурс сабраліся 7 парафій з усёй дыяцэзіі: парафія Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі (Удзела), парафія св. Антонія (Віцебск), парафія св. Уладзіслава (Віцебск), парафія Езуса Міласэрнага (Віцебск), парафія Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны (Гарадок), парафія Нараджэння Маці Божай (Браслаў), парафія Святой Тройцы (Глыбокае).

Ацэньвалі тэатральнае майстэрства ўдзельнікаў кампетэнтнае журы: а. Клеменс Верт SJ — мадэратар курыі Віцебскай дыяцэзіі, а. Міхаіл Ермашкевіч OP, Іосіф Пятровіч Антонаў — былы дырэктар Астравенскай сярэдняй школы, Ірына Вацлаўна Саматай — літаратуразнаўца, Алег Рыхтэр — акцёр беларускага тэатра «Лялька».

На пачатку конкурсу біскуп Алег Буткевіч памаліўся разам з удзельнікамі і пажадаў усім поспехаў і радасці ў выкананні іх творчай працы.

Першымі выступілі ўдзельнікі з парафіі Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі з Удзела. Яны прадставілі гісторыю стварэння францішканскага ордэну. Менавіта францішкане 800 год таму здзейснілі першую ў свеце батлейку.

Парафія святога Антонія з Віцебска ўзялі за аснову сваёй батлейкі легенду пра чацвёртага караля — Арбатана, які быццам таксама збіраўся ісці за Бэтлеемскай зоркай да Божага Сына, але тая прывяла яго зусім у іншае месца… Праз сваю батлейку ўдзельнікі з парафіі св. Антонія запрасілі гледачоў больш глыбока паразважаць над сучаснымі праблемамі чалавецтва і па прыкладзе караля Арбатана адкрыць свае сэрцы на патрэбы бліжніх.

Наступнымі сваю батлейку прадставілі ўдзельнікі з парафіі святога Уладзіслава з Віцебска. Гэта сцэнка распавядала падзеі, якія адбываліся напярэдадні Божага Нараджэння. Праз яе гледачы ўбачылі як магла выглядаць падрыхтоўка анёлаў, што рабілі пастухі і тры мудрацы ў ноч перад Божым Нараджэннем. Дарэчы, у гэтай батлейцы ўдзельнічала самая вялікая колькасць актораў.

Батлейка парафіі Езуса Міласэрнага (Віцебск) вярнула гледачоў у школу, у той самы «самы кепскі клас у паралелі»… Але з’яўленне анёла і сузіранне цуда Божага Нараджэння дапамаглі гэтаму класу выправіцца.

Пасля кароткага перапынку чаргу выступаў працягнула парафія Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны (Гарадок). Асноўным сімвалам гэтай батлейкі была Бэтлеемская зорка, а асноўнай ідэяй можна лічыць словы з Евангелля: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

У чым сутнасць Божага Нараджэння? Што ці Хто стаіць у цэнтры гэтага дня? Пра што так лёгка забыцца ў прадсвяточнай падрыхтоўцы?  — на гэтыя пытанні ў сваёй батлейцы адказалі ўдзельнікі з парафіі Нараджэння Маці Божай з Браслава.

Божае Нараджэнне, гэта не толькі прыгожае сямейнае свята, перш за ўсё гэта — дзень нараджэння Езуса. Аб гэтым гледачам нагадала батлейка парафіі Святой Тройцы з Глыбокага, падчас каторай акторы праз жарты і танцы запрасілі іх глыбей паразважаць над пытаннем: «Што я падарыў Езусу на Яго дзень нараджэння?»

Пасля заканчэння асноўнай часткі ўсіх удзельнікаў чакаў гарачы абед і экскурсія ў анатамічны музей. Журы ў гэты час займалася падвядзеннем вынікаў.

Дыпломы за найлепшае акцёрскае майстэрства атрымалі:

  • Ксенія Конахава і Вікторыя Хованская — вядучыя-анёлкі з Глыбокага
  • Уладзіслаў Марціноўскі — роля нячысціка (Віцебск, катэдра)
  • Данііл Федчанкаў — роля слугі Арбатана (Віцебск, св. Антонія)
  • Кацярына Татарыновіч — танец (Глыбокае)

Дыпломамі былі таксама ўзнагароджаны:

  • Браслаў — за высокі ўзровень пастаноўкі спектакля
  • Гарадок — за адметнасць сюжэта і ідэю пастаноўкі
  • Віцебск, св. Уладзіслава — за арыгінальнасць сцэнічных касцюмаў
  • Удзела — за арыгінальны пераказ гісторыі стварэння ордэна братоў францішканаў

Месцы ў гэтым годзе размеркаваліся наступным чынам:

  • 1 месца — парафія Езуса Міласэрнага (Віцебск)
  • 2 месца — парафія святога Антонія (Віцебск)
  • 3 месца — парафія Святой Тройцы (Глыбокае)

На заканчэнне конкурсу біскуп Алег Буткевіч падзякаваў удзельнікам, арганізатарам і спонсарам і даў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.

Вялікі фотарэпартаж па спасылцы>>
Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі