Ксёндз Здзіслаў Вэдэр SDB: “Духоўная фармацыя не скончыцца ніколі!”

Ксёндз-салезіянін Здзіслаў Вэдэр SDB з’яўляецца духоўным айцом у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. У сённяшнім інтэрв’ю святар распавядае “Каталіцкаму Весніку” пра духоўную фармацыю будучых святароў і пра сваю паслугу для іх.

 – Айцец Здзіслаў, калі Вы сталі духоўным айцом семінарыі?

– У 2015 годзе на спатканні святароў біскуп Гродзенскі прапанаваў мне стаць духоўным айцом у семінарыі. Прыехаўшы сюды, напачатку я ўвесь час думаў, чаго на гэтым месцы ад мяне чакае Бог і як правільна выкарыстаць час, дадзены мне? Бо ў жыцці нічога не адбываецца выпадкова. Я думаў і маліўся, каб Бог нейкім чынам даў пазнаць, што менавіта Ён хоча. І вось аднойчы сюды з Польшчы прыехаў святар, які распавёў пра блаславёную мучаніцу Марыяну Бярнацкую, тую, якая пайшла на смерць падчас вайны замест цяжарнай нявесткі. Разам з іншымі закладнікамі Мар’яну Бярнацкую расстралялі на Навумавіцкіх фартах пад Гародняй 13 ліпеня 1943 года.

Папа Ян Павел ІІ у 1999 годзе далучыў мучаніцу Мар’яну і іншых мучанікаў часоў Другой сусветнай вайны да ліку бласлаўлёных. Я быў на гэтай беатыфікацыі і бачыў, як дары да алтара несла тая нявестка, якая была ўратаваная.

Святар, што прыехаў у семінарыю, пакінуў таксама кнігу пра бласлаўлёную. Я калі праглядаў яе, на вочы трапіўся фотаздымак, на якім былі луг і прыгожыя кветкі з надпісам: “Квітней там, дзе цябе пасадзіў Бог” (усміхаецца). Я лічу, гэтае маё прызначэнне не было выпадковым.

– Духоўны айцец семінарыі – хто гэта?

 – Духоўная семінарыя – месца, дзе рыхтуюцца стаць святарамі тыя людзі, якія адчуваюць пакліканне. Фармацыя будучага святара трывае шэсць гадоў. Аднак гэта час не толькі для навучання. Зразумела, што навука неабходная, каб потым эфектыўна абвяшчаць Евангелле і дапамагаць у вырашэнні складаных пытанняў людзям, для якіх служыш. Але, апроч навукі, ёсць яшчэ адна рэч: каб мы самі былі сапраўднымі вернікамі. Важна, каб мы не шукалі сваёй выгады, карысці. Трэба, каб вучыліся забываць пра сябе, а шукалі толькі Божай волі. У гэтых рэчах і дапамагае будучым святарам духоўны айцец семінарыі.

– А якія функцыі ў якасці духоўнага айца Вы выконваеце?

 – Найважнейшым заданнем духоўнага айца з’яўляецца дапамога семінарыстам у духоўным узрастанні, каб яны маглі стаць святарамі, цалкам адданымі Богу. У мае абавязкі ўваходзіць спавядаць семінарыстаў, прамаўляць ім канферэнцыі, праводзіць індывідуальныя размовы на тэмы духоўнага жыцця, дапамагаць у развязванні розных няпростых пытанняў, клапаціцца пра супольную малітву, пра набажэнствы для іх.

Я праводжу канферэнцыі для клерыкаў кожны тыдзень, спавядаю ў любы момант, калі гэта патрэбна. Для навучэнцаў першага курса вяду заняткі “Уводзіны ў духоўнае жыццё”. Увогуле, калі ёсць патрэба ў нейкай духоўнай парадзе, семінарысты заўсёды могуць да мяне прыйсці, у кожны момант.

– Як можна ахарактарызаваць духоўную фармацыю? І якое месца яна займае ў падрыхтоўцы да святарства?

 – Фармацыя будучых святароў мае некалькі вымярэнняў. Чалавечая фармацыя навучае культуры адносін да іншых. Істотным элементам падрыхтоўкі з’яўляецца інтэлектуальная фармацыя з атрыманнем ведаў. Вылучаецца таксама духоўная фармацыя, якая не скончыцца ніколі. Яна скончыцца з астатнім днём чыстца (усміхаецца). Да канца жыцця неабходна працаваць над сабой. Гэта самы доўгі і пастаянны працэс.

Будучыя святары павінны ўмець і імкнуцца вырашыць усе праблемы не так, як дыктуе мода, не так, як іншыя ўяўляюць, але так, як навучае Езус.

Няма пэўнага адпачынку ў працэсе духоўнай фармацыі. Яна трывае заўсёды. Не толькі ў семінарыі, не толькі тады, калі ходзім у сутане або знаходзімся ў касцёле. Але ўсюды павінны так сябе захоўваць, каб даваць выразнае сведчанне таго, што найвялікшай любоўю з’яўляецца Хрыстос і што мы сваё жыццё аддаём Яму.

– Распавядзіце, калі ласка, падрабязней, у якіх духоўных практыках удзельнічаюць будучыя святары?

 – Заўсёды ёсць малітва ранкам (ютрань) і ўвечары, штодзённа семінарысты ўдзельнічаюць у святой Імшы, разважаюць над Словам Божым. Ёсць прыватная малітва на ружанцы, Вяночак да Божай Міласэрнасці і іншыя. У некаторыя дні адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Штомесяц ёсць дзень вольны ад навукі, калі праводзяцца духоўныя канферэнцыі і ёсць час на споведзь. Ладзяцца таксама адвэнтавыя і вялікапосныя рэкалекцыі. Штотыдзень клерыкі старэйшых курсаў ідуць са служэннем у парафіі ў Гродне. З двума малодшымі курсамі ідзём у катэдру на святую Імшу. Клерыкі таксама часам выязджаюць у дзіцячы дом, у дом састарэлых.

– Вялікі пост у Каталіцкім Касцёле – гэта асаблівы час для навяртання, для духоўнага росту. Што б Вы пажадалі чытачам “Каталіцкага Весніка” для годнага перажывання гэтага перыяду?

– Мы ведаем, калі найбольш падаем, з чаго найчасцей спавядаемся. І Вялікі пост – гэта час на тое, каб пазбавіцца тых рэчаў, якія вядуць нас да граху. Не трэба ўваходзіць у зону небяспекі. Кожны мае права быць вясёлым і радасным, але там, дзе пахне грахом, заўсёды варта сказаць – стоп. Пражываць час Вялікага посту трэба так, каб мы навялі парадак у нашым жыцці не толькі на гэтыя 40 дзён, але і на далейшы час. Каб мы ўпарадкавалі сваё жыццё і не ўпадалі ў гэтыя слабасці, у якія часцей за ўсё ўпадаем. Усё гэта можна перамагчы пры дапамозе Божай ласкі. Важнай будзе з’яўляцца праца над сабой і малітва. Кожнаму з Вас раю ў часе Вялікага посту мець больш часу на Пана Бога, часцей думаць пра Яго і мець пастаянную любоў да Яго. Бо Госпад ёсць крыніцай праўдзівай радасці, а грэх ніколі не прывядзе да шчасця.

Падрыхтавала Ірына Радзевіч

для друку для друку