“Касцёл жаноча-каталіцкі” – можна часта пачуць такую фразу, калі гаворка ідзе пра Хрыстовую супольнасць. Сапраўды, прыходзячы ў святыню, першае, што кідаецца ў вочы, – паўсюднасць верніц і дзе-нідзе адзінокі мужчына, які нібы стараецца застацца незаўважаным. Пра пасіўнасць мужчынскай паловы вернікаў і шляхі яе вырашэння разважаем з а. Віталем Сапегам ОР, які супрацоўнічае з рухам “Мужчыны святога Юзафа” ў Віцебску.
– Айцец Віталь, што справакавала памяншэнне колькасці мужчын у Касцёле, чаму іх так мала ў ім сёння?
– Праблема вельмі глыбокая і складаецца са шматлікіх фактараў. І і ІІ Сусветныя войны забралі мужчын з сем’яў, самых моцных з іх. Многіх знішчылі падчас бальшавіцкага тэрору і савецка-фінскай вайны. Жанчыны павінны былі самастойна спраўляцца з усімі цяжкасцямі. У гэтай сітуацыі ў іх фарміраваліся мужчынскія рысы характару, якія пасля перанялі іх дочкі і ўнучкі. Жаночы ўплыў станавіўся ўсё большы, а мужчынскія мадэлі функцыянавання ў межах сям’і зніклі.
Баліць душа за тое, што грамадства амаль не ўсведамляе гэтага. Дзеці вырастаюць усё больш інфантыльнымі, таму што няма мужчынскай фігуры ў сям’і, якая б сачыла за парадкам. Калі мы пачнём выходзіць з гэтых фальшывых паводзінаў, тады і грамадства пачне аздараўляцца.
Падобная сітуацыя адлюстравалася і на Касцёле. Духоўнасць жанчыны і мужчыны адрозніваецца. Жанчына атрымала цудоўны дар ад Госпада – здольнасць інтуіцыйнага падыходу да веры. Яна лягчэй успрымае духоўную рэчаіснасць і больш імкнецца да яе. Мужчына, у сваю чаргу, даходзіць да веры праз лагічнае мысленне, праз доказы. Ён мае свой духоўны шлях і патрэбы, якія Касцёл у дадзены момант не задавальняе.
– Вы маеце на ўвазе, што падыход Касцёла да евангелізацыі стаў больш фемінізаваны? Казанні сапраўды часта разлічаныя выключна на жанчын. Атрымліваецца, нават тыя мужчыны, якія прыходзяць у Касцёл, застаюцца без увагі…
– Яны становяцца маргінальнымі. Хтосьці з іх можа адчуваць: нешта не так. Пачаць задавацца гэтым пытаннем і праяўляць актыўнасць. А ў адказ атрымаць, што павінен паводзіць сябе такім чынам, як гэтага хоча большасць. Мужчына імкнецца да паводзін па-мужчынску, але не знаходзіць сябе ў жаночай супольнасці. Хаця Бог паставіў менавіта Адама, «каб той апрацоўваў сад» і браў на сябе адказнасць.
Рэакцыя жанчын таксама зразумелая. Яны параненыя мужчынскім гвалтам і алкагалізмам. Часта вобраз мужчыны ў іх зводзіцца да “недарэкі”, якім трэба кіраваць. У выніку мужчына сыходзіць з храма. Ідзе дарогай да выключэння. І гэты працэс адбываецца даўно.
– Амерыканская арганізацыя “The New Evangelization”, якая займаецца евангелізацыяй мужчын, сцвярджае, што сёння біскупы і святары не ставяць сабе адной з галоўных задач працу з мужчынамі. Чаму?
– Святары выходзяць з тых жа сем’яў, дзе жанчына мае аўтарытэт, а роля мужчыны слабая. Яны таксама не мелі бацькі, які б мог перарваць празмерную сувязь з маці і адкрыць іншыя гарызонты. Іх выхаванне – жаночае, пачуццёвае. Таму і падыход да евангелізацыі ў іх адпаведны. Ім складана супрацоўнічаць з мужчынамі. Яны могуць нават не заўважаць, што дапускаюць пэўныя памылкі.
– Вышэйзгаданая арганізацыя таксама падкрэслівае, што, паводле праведзеных апытанак, мужчыны гатовыя ісці за святаром, калі той возьме на сябе адпаведную ініцыятыву. Што можа стаць пачаткам?
– Дух Святы дае здольнасць распазнаваць знакі часу. Найперш варта спытацца ў сябе, ці распазнаю я гэтыя знакі? Ці бачу, што мужчыны вельмі разгубленыя і адзінокія? Ці заўважаю, што іх ідэнтычнасць страчаная настолькі, што яны з задавальненнем ідуць на вайну, каб загінуць? Першы крок – усвядоміць: тое, што, адбываецца, ненармальна.
– Што можа зрабіць пробашч, каб мужчына адчуў сябе больш уключаным у жыццё парафіі?
– Як святар вывучае адметнасці сужэнскага жыцця і духоўнасці, таксама ён павінен ведаць адрозненні ўспрымання свету жанчынамі і мужчынамі. Узброены – значыць, папярэджаны. І калі ён будзе гэта разумець, то і стаўленне да мужчын зменіцца. Ён ужо не запросіць верніка проста папіць гарбаты пасля св. Імшы, але прапануе адпаведную актыўнасць.
Калі ў семінарыі не навучылі, як працаваць адмыслова з мужчынамі, то прынамсі там паказалі, як вучыцца. Перастаючы шукаць, мы дэградуем. Існуе шмат адкрытых крыніц, добрых кніг, дасведчаных людзей. Кожны душпастыр пры жаданні можа самаадукавацца ў гэтай тэме.
– Ці мог бы такі пробашч ці вікарый узяць на сябе ролю мужчынскай фігуры ў выхаванні для хлопцаў, якія растуць у няпоўных, раз’яднаных сем’ях?
– Кожны дарослы павінен узрастаць так, каб быць педагогам. Зразумела, прыярытэт у выхаванні мае сям’я. Але калі ў гэтай сям’і дэфіцыт мужчынскай увагі, то роля святара ў выхаванні можа стаць дапаможнай. Аднак гэта будзе адбывацца натуральна. Як я сказаў, калі святар адпаведна ўзрос, ён будзе ўплываць пазітыўна на тых, хто побач. Мы заўсёды ўплываем адно на аднаго.
– Якім павінна быць душпастырства для мужчын?
– Мужчыны амбітныя, у іх характар упісана пастаноўка мэтаў і іх дасягненне. Таму яны павінны знаходзіць там выклікі для развіцця сваёй духоўнасці. Яны любяць спаборніцтвы, таму варта прапаноўваць розныя спартыўныя ідэі. Важна працаваць над тым, каб прысутнічаў дух мужчынскай салідарнасці, бо ім трэба мець магчымасць дзяліцца ў бяспечнай прасторы. Чаму так шмат мужчын памірае ад інфарктаў, інсультаў? Бо яго не навучылі ўсведамляць і выражаць свае пачуцці. І ён гіне ў гэтай адзіноце. Пры арганізацыі душпастырства для мужчын трэба ўлічваць усе псіхалагічныя фактары.
– Калі вернік хоча далучыцца да ініцыятывы ці стварыць уласную, што яму рабіць?
– Можна пачаць удзельнічаць у праграме руху “Мужчыны св. Юзафа”. Гэта два разы на год адмысловыя выезды. Адзін з іх на байдаркі, напрыклад. І частыя тэматычныя сустрэчы.
У другім выпадку можна звярнуцца да свайго пробашча. Растлумачыць, што ёсць натхненне стварыць ініцыятыву для мужчын і што існуе запатрабаванне на яе. Калі мужчыны знаходзяцца побач з мужчынамі, то і тэстастэрон актыўней выпрацоўваецца.
– Апішыце, калі ласка, мужчын, якія прыходзяць да Вас, і іх запыты.
– У большасці – гэта людзі, якія добра стаяць на нагах і ўмеюць зарабляць. Ёсць і айцішнікі, і сталяры з уласнай справай. Часта шматдзетныя. Ім цікава разабрацца, хто яны такія як мужчыны, як не загубіцца і ўзрастаць у гэтай ідэнтычнасці. Канешне, іх турбуюць напружанне ў сужэнскіх адносінах і праблемы выхавання дзяцей.
Калі мужчына пачынае адкрывацца на нашых сустрэчах, гэта поспех. Калі пачынае спавядацца – перамога. Памятаю, мы ездзілі ў Расію на рэкалекцыі. Зайшлі там у храм – і дзесяць мужчын стала на калені перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Для ўсіх прысутных гэта быў шок!
Для мужчыны важная супольнасць. Асабліва цяпер, калі ўвесь свет у ізаляцыі. Найперш для хрысціянскіх мужчын, якіх і без таго мала хто разумее.
– Падагульняючы, што рабіць, каб мужчын у Касцёле стала больш?
– У прыярытэце павінна быць душпастырства. Варта пачаць працу з тымі, хто адчувае сябе адзінокім, шукае і хоча адбудоўваць сваю ідэнтычнасць. На жаль, узоры вернікаў па прыкладзе св. Юзафа зніклі. Таму трэба прыкладаць намаганні і выпрацоўваць адпаведныя цноты. Калі будзе з’яўляцца больш мужчын, якія вярнулі сваю тоеснасць і радуюцца сваёй “мужчынскасці”, то гэта будзе прыцягваць іншых. Таму тут толькі карпатлівы шлях – праца і малітва.
Ангеліна Марцішэўская
