Папа распачаў летні адпачынак. Як ён збіраецца яго правесці?

Папа Леў XIV на балконе Апостальскага палаца ў Кастэль-Гандольфа

Папа Леў XIV ужо знаходзіцца ў летняй папскай рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа. Па прыбыцці ён паведаміў, што наступныя некалькі тыдняў правядзе адпачываючы, молячыся, чытаючы і трохі займаючыся спортам».

У нядзелю пасля абеду Святы Айцец пакінуў Ватыкан і накіраваўся ў папскі Апостальскі палац у Кастэль-Гандольфа, дзе правядзе перыяд летняга адпачынку. Як паведаміла прэфектура Папскага дома, знаходжанне Пантыфіка працягнецца да 27 ліпеня.

Кастэль-Гандольфа, размешчаны ў Альбанскіх гарах, знаходзіцца прыкладна ў 25 кіламетрах ад Рыма. Традыцыйна Папы праводзяць там частку летніх месяцаў, выкарыстоўваючы час, адведзены для адпачынку і малітвы.

«Добры вечар, Кастэль-Гандольфа!»

Прыбыўшы ў горад недалёка ад Рыма, Папа прывітаў жыхароў: «Добры вечар, Кастэль-Гандольфа!» — сказаў ён. Дзякуй, я вельмі рады быць тут, сярод вас і мець магчымасць правесці наступныя некалькі тыдняў, адпачываючы, молячыся, чытаючы і — будзем спадзявацца — займаючыся спортам тут, у Кастэль-Гандольфа! «Такая сустрэча заўсёды з’яўляецца важным момантам», — дадаў ён.

Святы Айцец падзякаваў людзям за гасціннасць. Ён назваў жыхароў Кастэль-Гандольфа сваімі братамі і сёстрамі. Ён абвясціў, што сустрэнецца з імі на нядзельнай малітве «Анёл Панскі», «а таксама», — дадаў ён, — «магчыма, пры іншых нагодах».

Папа прамовіў малітву «Ойча наш» перад вернікамі, сабранымі перад Апостальскім палацам, і даў ім сваё благаслаўленне.

Аўдыенцыі прыпыненыя

Прэфектура Папскага дома абвясціла, што ўсе агульныя, прыватныя і спецыяльныя аўдыенцыі прыпыненыя падчас знаходжання Папы ў Кастэль-Гандольфа.

Сустрэчы з вернікамі на плошчы Святога Пятра адновяцца 5 жніўня, калі Святы Айцец вернецца да свайго звычайнага графіка публічных выступаў.

Па матэрыялах stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку