Як праходзяць пасяджэнні ККББ? “Прыснуць тут не атрымаецца”

Ксёндз Юрый Санько – дапаможны сакратар ККББ, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) у Мінску

Сёлета споўнілася 25 годоў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. За гэты час ужо адбылося 89 пасяджэнняў, шматразова змяняўся склад органа, а цяперашні яго старшыня, біскуп Алег Буткевіч, яшчэ вучыўся ў семінарыі, калі ККББ сабралася ўпершыню. З гэтай нагоды мы вырашылі распытаць кс. Юрыя Санько, дапаможнага сакратара ККББ, як выглядаюць гэтыя сустрэчы і якім чынам прымаюцца агульныя рашэнні.

– Калі Вы ўпершыню патрапілі на пасяджэнне ККББ, што Вам запомнілася найбольш? Ці былі нейкія нечаканыя для Вас моманты?

– Я прымаю рэгулярны ўдзел у пасяджэннях Канферэнцыі біскупаў з 10 лістапада 2021 г., то бок з 81-га пасяджэння. Тады я быў прызначаны дапаможным сакратаром ККББ. Аднак раней мне ўжо даводзілася выступаць на канферэнцыі як прадстаўніку пэўных працоўных груп, таксама ўжо шмат гадоў я быў прэсавым сакратаром канферэнцыі. Таму я добра разумеў, як будзе выглядаць праца на новай пасадзе: запрашэнне гасцей, падрыхтоўка памяшкання, складанне пратакола, максімальная ўвага. Прыснуць тут не атрымаецца (смяецца, – заўв. аўт.)

– Магчыма, памятаеце і маглі б падзяліцца першымі заданнямі, якія Вы атрымалі ў сувязі з новай працай?

– Гэта было ўжо згаданае складанне пратакола. Я рыхтую гэты дакумент, перадаю яго генеральнаму сакратару і той ужо ўзгадняе яго са старшынёй ККББ. Пратакол пазней зачытваецца падчас пасяджэння і ўхваляецца біскупамі.

– Якім рэчам Вы навучыліся ў ККББ? Можа, ёсць пару жыццёвых урокаў, каторыя Вы атрымалі менавіта дзякуючы Канферэнцыі?

– Справа ў тым, што да гэтага я сямнаццаць гадоў працаваў у мітрапалітальнай курыі ў Мінску, быў сакратаром біскупа, быў цырымонімайстрам. Гэта няпростыя рэчы, шматбаковыя, і мне даводзілася вырашаць пытанні рознага кшталту. Да таго ж, як ужо было згадана, больш за дзесяць гадоў я з’яўляюся прэсавым сакратаром ККББ. Таму праца дапаможным сакратаром Канферэнцыі біскупаў – гэта, хутчэй, яшчэ адно служэнне, новая праца, чым новы досвед.

– Наколькі я разумею, усе рашэнні ў ККББ прымаюцца кансэнсусам. Ці заўжды яго проста дасягнуць? Ці здаралася, каб біскупы спрачаліся?

– Не ўсе пытанні павінны прымацца адзінагалосна. Часам па некаторых справах біскупы галасуюць і рашэнне прымаецца большасцю. Кожны біскуп мае права прагаласаваць «за», «супраць» ці «ўстрымацца». Канешне, спрэчак падчас пасяджэнняў няма. Калі пытанне вельмі складанае, то яно пераносіцца на наступнае пасяджэнне, каб можна было яшчэ падрыхтавацца ці запрасіць кампетэнтных людзей. Таксама пытанне можа быць знятае з галасавання зусім.

– А якая ўвогуле пануе атмасфера падчас пасяджэнняў? Гэта больш афіцыйны клімат ці сяброўскі? Ці штосьці пасярэдзіне?

– Атмасфера заўжды добрая, бо для біскупаў – гэта нагода сабрацца і паразмаўляць пра надзённыя пытанні. Кожны разумее, што пасяджэнні ККББ – гэта праца, якая павінна выконвацца.

– Зразумела, што ў публічную прастору падаецца толькі частка пытанняў, якія абмяркоўваюцца на пасяджэннях. Скажыце, наколькі вялікая гэта нябачная частка айсберга? Часам падаецца, што працы робіцца шмат, а вернікам прапануецца толькі мізэрная частка інфармацыі. Ці так гэта?

– Сапраўды, у публічную прастору трапляюць толькі рэчы, якія датычацца агульнага жыцця Касцёла, напрыклад, пра ўрачыстасці, дэвізы года і г.д. Няма сэнсу, дый гэта няправільна апублічваць, напрыклад, рашэнні па асабістых пытаннях, адказы на звароты святароў, манаскіх супольнасцяў ці нейкіх арганізацый, з якімі звяртаюцца да ККББ. У падобных выпадках фармулюецца адказ і дасылаецца непасрэдна да таго, хто звяртаўся.

Разам з гэтым магу запэўніць, што пасяджэнні канферэнцыі вельмі насычаныя, біскупы не збіраюцца, каб разглядаць толькі нейкае адно пытанне.

– З Вашых назіранняў, ці біскупы ўвогуле любяць збірацца на Канферэнцыю? З якімі эмоцыямі яны прыязджаюць на сустрэчы? З аднаго боку, можна падумаць, што такія мерапрыемствы заўжды прыемныя, бо гэта магчымасць паразмаўляць, падзяліцца меркаваннямі. З іншага, гэта руціна і вырашэнне не заўжды простых пытанняў.

– Кожны прыязджае са сваімі эмоцыямі, бо ў кожнай дыяцэзіі свае пытанні, якія патрабуюць вырашэння. Увогуле атмасфера добрая, складана назваць яе руціннай, бо пытанні заўжды разнапланавыя і патрабуюць увагі, а не проста паслухаць. Біскупы ставяцца да кожнай справы ўважліва, імкнуцца разгледзець яе розныя аспекты і як гэта можа паўплываць на развіццё агульнага Касцёла, пэўных асобаў ці арганізацый.

– Як прымаюцца рашэнні па пазачарговых пытаннях па-за пасяджэннямі? Калі, напрыклад, штосьці адбываецца істотнае і Канферэнцыя прымае рашэнне – рэагаваць на гэта ці не? Гэта ж трэба ўзгадніць усім пазіцыю, распрацаваць дакумент?

– Залежыць ад абставін. Калі пытанне можна вырашыць, напрыклад, па відэасувязі, ці праз мэйлы, то выкарыстоўваюцца і такія метады. Старшыня Канферэнцыі мае пастаянную сувязь з кожным біскупам. Трэба яшчэ падкрэсліць, што наша Бацькаўшчына не такая вялікая, таму мы маем усяго чатырох дыяцэзіяльных біскупаў. Яны хутка могуць узгадняць розныя пытанні.

Перад звычайнымі пасяджэннямі біскупы атрымліваюць пакет дакументаў і прыязджаюць ужо падрыхтаваныя. Таму падчас самой сустрэчы не трэба зачытваць нейкія доўгія тэксты ці прадстаўляць пэўныя справы.

– На пасяджэннях ККББ заўжды прысутнічае Апостальскі нунцый. Распавядзіце, як выглядае яго ўдзел? Часам уяўляецца, што ён як усёбачнае вока Ватыкана – сядзіць, слухае абмеркаванні біскупаў і занатоўвае. Гэта жарт, вядома, але ўсё ж такі, як простаму чалавеку зразумець ролю пасланніка Святога Пасаду?

– Сапраўды, нунцый прымае ўдзел у пасяджэннях ККББ як госць ці назіральнік. Ён не ўдзельнічае ў галасаванні, бо галасуюць толькі мясцовыя біскупы. Разам з гэтым прысутнасць Апостальскага нунцыя – гэта заўжды дадатковае меркаванне, а пачуць думку збоку заўсёды важна.

Нунцый звычайна выступае першым і прадстаўляе інфармацыю, якая датычыць жыцця Касцёла ўвогуле ў свеце. Напрыклад, цяпер ідзе падрыхтоўка да юбілею – 2025 гадоў хрысціянства, таму арцыбіскуп Антэ з першых вуснаў распавядае, што адбываецца ў Ватыкане. Гэта і карысна, і цікава. Разам з тым ён заахвочвае, каб Касцёл у Беларусі таксама неяк уключыўся ў юбілейныя святкаванні, і ўжо беларускія біскупы штосьці прапануюць.

Цяпер таксама трывае Сінод, гэта вельмі актыўная тэма. Таму ёсць шмат пытанняў адносна сінадальнасці: як у нас гэта адбываецца, якія крокі мы робім, каб прымаць актыўны ўдзел у Сінодзе.

– Скажыце, а калі б просты чалавек хацеў нешта прапанаваць ККББ ці звярнуцца з нейкай ідэяй, то як гэта зрабіць? І ці на ўсе звароты па сутнасці даюцца адказы?

– Усе лісты накіроўваюцца да старшыні Канферэнцыі. Ён прымае па пэўным пытанні рашэнне самастойна ці выносіць яго на парадак пасяджэння, каб абмеркаваць з усімі біскупамі. Зварот могуць перанакіраваць таксама да нейкай кампетэнтнай асобы. У любым выпадку звярнуцца да ККББ і атрымаць адказ магчыма.

 Гутарыў Арцём Ткачук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі