Як варта ставіцца да бацькі, калі ён алкаголік?

“Хвала Хрысту! Падкажыце, што рабіць, калі няма сіл і жадання размаўляць з маім бацькам-алкаголікам, які зрабіў шмат дрэннага для сям’і?” Павел.

На пытанне адказвае ксёндз Ян Раманоўскі:

– Калі мы пытаем пра тое, якімі павінны быць нашы адносіны да іншага чалавека, узгадваецца фрагмент Евангелля паводле Лукі. Вучоны ў праве (кніжнік) запытаў у Езуса, што трэба зрабіць, каб атрымаць жыццё вечнае. Хрыстос у сваю чаргу прыгадаў запаведзь любові: любіць Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усім розумам сваім, а бліжняга свайго, як самога сябе (пар. Лк 10, 25-29). У гэтым кантэксце на пытанне, хто з’яўляецца маім бліжнім, Езус адказвае пры дапамозе прытчы пра добрага Самараніна, паказваючы, што кожны чалавек, якога мы сустракаем на нашым жыццёвым шляху, з’яўляецца нашым бліжнім, нашы адносіны з ім павінны характарызавацца любоўю, якой нас навучае і да якой заклікае Збаўца (пар. Лк 10, 30-37).

Аднак бываюць такія сітуацыі, напрыклад, узгаданая вышэй, калі па-сапраўднаму вельмі цяжка захоўваць запаведзь любові ў адносінах да блізкага нам чалавека, які зрабіў вельмі многа зла і крыўды для іншых і, у першую чаргу, для сваіх родных. Як быць у такой сітуацыі?

Па-першае, заўсёды трэба памятаць, што алкагалізм з’яўляецца хваробай, каторая ў апошні час вельмі моцна праяўляецца ў нашым грамадстве. Многія сем’і церпяць, калі з’яўляецца гэтая праблема. Адносіны паміж блізкімі развальваюцца, пачынаюцца пастаянныя канфлікты, звады. Надта часта, на жаль, даходзіць да прымянення фізічнай сілы. У такіх сітуацыях чалавек, які трапляе ў алкагольную залежнасць, патрабуе дапамогі спецыялістаў. Аднак у большасці выпадкаў такія асобы не хочуць прызнаць, што ім патрэбная дапамога і неабходна нешта змяніць у сваім жыцці. Вельмі складана дапамагчы гэтым людзям, бо яны не бачаць або не хочуць бачыць праблемы. Такім чынам нічога не змяняецца, а часам, наадварот, становіцца яшчэ горш. Вядома, што можна гаварыць пра прымусовае лячэнне гэтага чалавека, якое таксама з’яўляецца праяўленнем таго, што ён для нас неабыякавы, і таго, што мы хочам дапамагчы дадзенай асобе, асабліва калі жывём разам пад адным дахам.

З іншага боку, вельмі часта алкагалізм становіцца прычынай разбітых сем’яў, нянавісці, праклёнаў паміж блізкімі. Вядома, што трэба быць рэалістам і, сказаць па-праўдзе, надта цяжка часам прабачыць нават блізкаму чалавеку, які зрабіў многа шкоды для сваёй сям’і.

Часта сустракаемся з сітуацыямі, калі дарослыя дзеці на працягу свайго жыцця трымаюць крыўду на сваіх бацькоў, каторыя мелі або маюць праблемы з алкагалізмам. Як хрысціяне мы і ў такой сітуацыі павінны памятаць пра запаведзь любові, да якой нас заклікае наш Збаўца, пра Божую запаведзь, якая нам гаворыць аб павазе да нашых бацькоў, аб прабачэнні іншым так, як і мы просім аб прабачэнні нашых правінаў у малітве “Ойча Наш…” Сапраўды, гэта не так лёгка, але гэтаму нас вучыць Езус: любіць свайго бліжняга, усім сэрцам прабачаць яму. Таксама і ў сітуацыі з бацькам, які зрабіў многа крыўды для сваёй сям’і праз алкагалізм. А дапамогай у такой справе нам можа паслужыць малітва за гэтага чалавека, ахвяраванне святой Камуніі ў яго інтэнцыі, пілігрымкі, а таксама іншыя рэлігійныя практыкі. І яшчэ малітва за сябе аб дары прабачэння, з якім, можа, не заўсёды бывае так лёгка, але якое з’яўляецца праяўленнем сапраўднай хрысціянскай любові, да чаго нас заклікае Езус.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі