Што надзвычайнага ўчыніў Езус? Хадзіў па вадзе, аздраўляў, выганяў злых духаў …  альбо інакш “Конкурс на веданне Святога Пісання”

Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання, які распачаўся на пачатку красавіка сабраў больш за трыста ўдзельнікаў з дыяцэзій Беларусі. Першы этап праходзіў у парафіях, а вось другі ўжо адбываўся ў дэканатах. Так, у суботу 20 красавіка, катэхеты, дзеці разам з бацькамі Віцебскага дэканата сустрэліся ў парафіі Святога Антонія  ў Віцебску.

Усіх удзельнікаў прывітаў пробашч парафіі ксёндз Антон Лагунёнак. Зазначыў, што яго, як святара, радуе колькасць дзяцей, якія імкнуцца пазнаваць Святое Пісанне і пажадаў удзельнікам поспехаў. Пасля супольнай малітвы дзеці прыступілі да тэсту – самай галоўнай часткі мерапрыемства. На працягу 45 хвілін, а хтосьці і хутчэй, адказвалі на пытанні пра цуды Езуса Хрыста.

Бацькі хваляваліся не менш чым дзеці. Прыйшлі падтрымаць сваіх дзетак, бо большасць з іх разам, кожны вечар чыталі Новы Запавет, цуды Езуса вывучалі дакладна. Некаторыя дзеці рыхтаваліся самі, бо лічаць сябе самастойнымі і здольнымі пазнаваць тэксты без дапамогі дарослых. Некаторыя малодшыя дзеці расказалі, што ім падрыхтоўка да конкурсу давалася лягчэй, бо разам з сёстрамі Ірынай Грыгаровіч у Шуміліне і ў сястрой Мажэнай Вельгус у Віцебску разам чыталі і разбіралі тэксты, паўтаралі да “ташнаты”, а на наступны дзень ізноў блыталіся. Аксана Касцючэнка, катэхетка парафіі Святога Духа ў Віцебску, разам з  удзельнікамі конкурсу  ў нядзелю дадаткова пасля катэхезы разам чыталі ўрыўкі Евангелля пра цуды Езуса.

Удзельнікі конкурсу атрымалі падарункі: школьныя прылады, сувеніры і каляндары з Божым словам. Адна дзяўчынка выказала шчырую радасць, бо марыла мець такую кніжку як у мамы, у якой можа штосьці дапісаць і  прачытаць Словы Езуса.

Якое свята без пачастунку? Хоць надвор’е і не паспрыяла, каб з’есці смачныя каўбаскі пры вогнішчы, але да смаку яны былі і з патэльні.

У радасным настроі, сярод новых сяброў закончыўся другі этап конкурсу ў Віцебскім дэканаце. Словы шчырай падзякі выказалі ўдзельнікі гаспадарам месца за гасціну, пачастунак, падарункі і за тое, што  адчувалі сябе добра, як дома.

с.  Марыя Шамовіч, тэкст
с. Антонія Тарноўская, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі