Парафіяльны касцёл, у якім служыў а. Жак Амель, павольна становіцца месцам ушанавання сярод пілігрымаў, іх пастаянна становіцца больш. Сюды прыязджаюць групы школьнікаў, удзельнікаў розных рухаў, святары — з Паўночнай Францыі, Парыжскага рэгіёну і нават з Англіі і Японіі.
Пра іх распавядае 92-гадовы сакрыстыянін, якога асабіста прызначыў а. Жак. Ён згадвае, што раней гэты касцёл часта быў зачынены. А цяпер ён адкрыты ўвесь дзень. Пілігрымы прыбываюць у Сэн-Эцьен-дзю-Рувр, ушаноўваюць крыж, які быў пашкоджаны падчас нападу забойцы а. Амеля і цалуюць просты драўляны алтар, на якім бачныя сляды нажавых удараў.
Пра жыццё святара-мучаніка распавядае с. Даніэль, якая ўдзельнічала ў святой Імшы 26 ліпеня 2016 г., калі тэрарысты ўварваліся ў касцёл. Ёй удалося ўцячы праз сакрыстыю і выклікаць міліцыю. Сёння яна неахвотна ўспамінае тыя падзеі. Сястра аддае перавагу расказваць пра нечаканыя плёны гэтага мучаніцтва — таксама ў мясцовай мусульманскай супольнасці. Лепшым сведчаннем духоўнай сувязі з а. Жакам Амелем з’яўляецца кніга інтэнцый, у якой пілігрымы пішуць свае просьбы.
Звычайна гэта падзякі за яго сведчанне і просьбы аб яго малітоўным заступніцтве за хворага дзіцяці, сябра ці сяброўку. «Няхай пакорная вернасць сваёй місіі дапаможа нам быць хрысціянамі да канца», — напісаў адзін з пілігрымаў.
Парафія і Камітэт сяброў а. Амеля хочуць адрамантаваць сціплы парафіяльны дом, у якім жыў забіты святар. Тут будзе дзейнічаць невялікі паломніцкі цэнтр, дзе можна будзе даведацца пра жыццё святара-мучаніка, паглядзець фільм, паслухаць сведчанні, а таксама адпачыць. «Людзі часта прыязджаюць сюды з цікаўнасці, а вяртаюцца ўмацаваныя ў веры і больш глыбока ўпэўненыя ў сваім пакліканні», — кажа старшыня Камітэта Ален Квібель.
Пробашч парафіі падкрэслівае, што для яго важна як мага дакладней прадстаўляць забітага а. Жака, паводле праўды, без ідэалізацыі. Гэта быў ужо пажылы святар, у яго бывалі перапады настрою, ён не любіў імправізаваць, асабліва ў Літургіі. Аднак з яго казанняў вынікае пэўная «святасць штодзённасці» і «сапраўдная духоўнасць дыяцэзіяльнага святара», — дадае кс. Жак Сімон.
Нагадаем, што падчас святой Імшы 26 ліпеня 2016 г. у касцёле св. Стэфана ў Сэн-Эцьен-дзю-Рувр увайшлі двое ўзброеных нажамі. Яны ўзялі закладнікаў: святара, дзвюх сясцёр і двух вернікаў. Па невядомых прычынах зламыснікі жорстка забілі святара, перарэзаўшы яму горла. Айцу Жаку Амелю было 86 гадоў. Тэрарысты былі застрэленыя супрацоўнікамі службы бяспекі.
Неўзабаве пасля смерці а. Жака Амеля Папа Францішак адмяніў абавязковае прадпісанне аб тым, што паміж смерцю кандыдата і пачаткам яго беатыфікацыйнага працэсу павінна прайсці не менш за пяць гадоў. Адкрыты ў красавіку 2017 г. працэс а. Жака Амеля цяпер лічыцца адным з самых хуткіх у навейшай гісторыі Касцёла.
Па матэрыялах credo.pro
пераклад Марыны Ткач
