Новы касцёл асвечаны ў Бешанковічах (дадалося відэа)

Храм у гонар святых Пятра і Паўла асвяціў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Падзея адбылася ў нядзелю 29 чэрвеня, калі Каталіцкі Касцёл адзначае свята гэтых апосталаў.

Гэтай падзеі вернікі з Бешанковічаў чакалі вельмі даўно. Парафія аднавілася тут амаль два дзесяцігоддзі таму. Першым святаром, які распачынаў тут працу, быў ксёндз Казімір Гваздовіч. Ён успамінае, як першы раз прыехаў сюды ў 2000 годзе разам з біскупам Уладзіславам Бліном:

– Калі мы прыехалі сюды з біскупам, і ён кажа, што тут павінен быць касцёл. Я адказаў: “Цікава, а калі?” На што ён адказаў: “Не істотна калі, але павінен быць”. І вось цяпер ён ёсць.

Для вернікаў бешанковіцкай парафіі асвячэнне касцёла стала чаканай і радаснай падзеяй.

– Сённяшні дзень мы чакалі вельмі даўно, вельмі хваляваліся і вельмі рады, што ён нарэшце настаў, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Марыя Любачка. – У нашай парафіі даўняя гісторыя, але яна пачынала губляцца ў часе. Дзякуючы таму, што ў нас адбылося аднаўленне нашай парафіі і нашага касцёла, гэта гісторыя пачынае свой новы адлік.

Каталіцкая парафія ў Бешанковічах з’явілася яшчэ ў XVII стагоддзі, калі ў 1650 годзе Казімір Сапега пабудаваў тут касцёл. У тыя часы парафія налічвала больш за тысячу вернікаў. У 1876 годзе тут на месцы старога касцёла быў пабудаваны вялікі драўляны храм, які быў разбураны камуністычнымі ўладамі.

Тое, што аднаўляць парафію прыехаў менавіта кс. Казімір, святар бачыць у гэтым божы знак:

– Я маю імя Казімір, а ў маёй сятры ёсць сын Рафаіл. А касцёл у Бешанковічах, які бальшавікі ўзарвалі, насіў тытул Казіміра і Рафаіла.

Урачыстасці распачаліся а адзінаццатай гадзіне перад уваходам у храм. Акрамя вернікаў з Бешанковічаў на асвячэнне храма прыехала шмат гасцей з Віцебска, Улы, Паставаў, Камай, Ваўкалата і іншых парафій. Усе чакалі біскупа Алега перад зачыненымі дзвярыма касцёла.

Калі ўрачыстая працэсія са святарамі і міністрантамі падыйшла да храма, вернікі прывіталі іерарха хлебным караваем. Біскуп звярнуўся да прысутных з кароткім словам, у якім адзначыў важнасць гэтай падзеі для Бешанковічаў і ўсяго Каталіцкага Касцёла.

Потым пробашч парафіі кс. Аляксандр Півавар уручыў ардынарыю сімвалічны ключ ад святыні. Біскуп Алег тройчы ўдарыў ім у дзверы храма, пасля чаго ўрачыстая працэсія ўвайшла ў храм.

На самым пачатку ўрачыстай святой Імшы біскуп асвяціў ваду, якой былі акроплены алтар, сцены храма і самі вернікі. Робіцца гэта на знак пакаяння як успамін хросту, а таксама гэта ёсць знакам таго, што будынак, які збудаваны з матэрыялаў для свецкага ўжытку, ад гэтай пары становіцца домам Божым.

Сімвалічным выглядала і тое, што разам з біскупам у богаслужэнні ўдзельнічала дванаццаць святароў. Акрамя пробашча парафіі кс. Аляксандра Півавара на ўрачыстасць прыбылі кс. Казімір Гваздовіч з Літвы, які быў першым пробашчам у Бешанковічах, кс. Павел Самсонаў з Дунілавічаў, які таксама непрацяглы час працаваў у гэтай парафіі, кс. Славамір Самковіч з Пагошчы, які таксама тут працаваў і пры якім былі зробленыя асноўныя будаўнічыя работы, кс. Алег Півавар з Ваўкалата, які з’яўляецца братам кс. Аляксандра, кс. Мікалай Ліпскі з суседняй Чашніцкай парафіі, кс. Андрэй Аніскевіч, дырэктар віцебскага CARITAS, кс. Яцэк Хутман з Камай, роднай парафіі кс. Аляксандра Півавара, кс. Валерый Орсік з Віцебска, які ў мінулым годзе завяршыў будаўніцтва касцёла ў Оршы, кс. Уладзімір Шымковіч, які зараз працуе ў Оршы і Дуброўне, кс. Анджэй Бульчак з Паставаў, які зараз будуе там новы храм, і кс. Эдуард Сінкевіч з Паставаў. Трэба адзначыць і той факт, што ў свой час пробашчам парафіі ў Бешанковічах працаваў і кс. Алег Буткевіч, цяперашні віцебскі ардынарый.

У гаміліі біскуп Алег Буткевіч найперш падзякаваўусім святарам, якія працавалі тут, у Бешанковічах. Падзяку ад біскупа атрымаў і кс. Аляксандр, які зараз служыць у Бешанковічах.

Іерарх адзначыў, што Бог вяртае сваю прысутнасць нават там, дзе чалавек першапачаткова не хацеў, каб яна там была. Вельмі важна, што ў Бешанковічах пабудаваны новы храм, але яшчэ важней тое, што тут адбудаваны жывы касцёл, касцёл з людскіх сэрцаў.

– Бог не патрабуе нейкага асобнага для сябе месца, – падкрэсліў біскуп Алег, –бо Ён не змесціцца ў гэтых мурах. І гэта не столькі патрэбна Яму, але гэта патрэбна нам.

Ардынарый звярнуў увагу на важнасць алтара ў храме як стала Божага:

– Праз колькі хвілін адбудзецца асвячэнне алтара. Алтар – гэта стол Божы, дзе мы прымаем той хлеб, які ўмацоўвае нас на дарозе да неба. Гэта той хлеб, які нас непасрэдна яднае з Богам, з якога мы праз сваё сэрца прымаем Езуса Хрыста, хлеб, праз які ў нашай душы адбудоўваецца Божае валадарства.

Біскуп адзначыў, што гэта якраз тое, за што аддалі свае жыцці апосталы Пётр і Павел. Ён коратка нагадаў старонкі з іх жыцця.

Далей ён адзначыў, што кожны храм нагадвае нам, што мы самі павінны быць святыняй Духа Святога. Іерарх параўнаў гэты прыгожы белы касцёл з буслом, якога шмат хто лічыць сімвалам Беларусі. Бусел, калі ляціць, то сваім выглядам нагадвае нам крыж. А два крылы – гэта нашы дзве традыцыі – усходняя і заходняя, якія заўсёды суіснавалі на беларускай зямлі. Гэты сімвал паказвае, што наша вера адзіная, нягледзячы на людскія падзелы. І хрысціянам не трэба варагаваць між сабой, а знаходзіць кропкі для супрацоўніцтва.

Напрыканцы ён звярнуўся да вернікаў з заклікам памятаць словы арханёла Міхала: “Калі з намі Бог, то хто супраць нас”.

Перад намашчэннем алтара вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да ўсіх святых. Пасля гэтага біскуп намасціў алтар святым алеем. У гэты час кс. Аляксандр Півавар намасціў чатыры адмысловыя знакі ў выглядзе крыжоў, якія змешчаныя на сценах храма.

Затым на алтар была пастаўленая кадзільніца, у якую біскуп засыпаў пахучыя зёлкі. Агонь кадзіла нагадвае нам той агонь, які гарэў у кусце перад Маісеем, калі з ім размаўляў сам Бог. Іерарх акадзіў алтар, а затым і ўвесь храм.

Пасля гэтага кс. Аляксандр атрымаў з рук біскупа запаленую свечку, ад якой былі запаленыя свечкі перад алтаром. Затым алтар быў засцелены белым абрусам, пасля чаго распачалася святая Эўхарыстыя.

Пасля таго, як вернікі прынялі Камунію, усе разам праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”. Перад заканчэннем Імшы вернікі падзякавалі біскупу за асвячэнне гэтай святыні, а пробашчу кс. Аляксандру Півавару – за паспяховае сканчэнне будаўніцтва. Кс. Аляксандр таксама выказаў падзяку ўсім тым, хто спрычыніўся да яе будаўніцтва, а таксама тым вернікам і святарам, што прысутнічалі ў храме ў гэты знакавы дзень. Асаблівая падзяка ад пробашча і біскупа была выказаная сёстрам уршулянкам, якія ў свой час працавалі ў Бешанковічах, і асабіста сястры Чаславе, якая прысутнічала на гэтай урачыстасці.

Напрыканцы богаслужэння быў падпісаны дэкрэт аб асвячэнні святыні. Яго падпісалі біскуп Віцебскі, пробашч парафіі, а таксама святары, якія раней працавалі ў Бешанковічах і ў гэты дзень прысутнічалі на ўрачыстасці.

А на завяршэнне богаслужэння ўсіх блаславіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

– Для мяне гэта вялікая радасць. У свой час было цяжка і не верылася. Але Бог свае планы рэалізуе, нягледзячы на людскія абмежаванні, цяжкасці і складанасці. Таму сёння я адчуваю радасць і ўдзячнасць. Удзячнасць людзям, якія тут працавалі, ахвярадаўцам, дзякуючы якім паўстаў гэты касцёл. Хай ім усім адудзячыць Бог, – падзяліўся сваімі ўражаннямі іерарх. Наконт будучыні парафіі ён выказаўся так:

– З надзеяй гляджу ў будучыню. Сёння было шмат людзей. У параўнанні з той сітуацыяй, калі напачатку было пару чалавек, як хтосьці жартаваў, што на святой Імшы быў ксёндз, парафіянка і кот, то зараз гэты касцёл амаль поўны сваімі парафіянамі. Таму гэта дае надзею, што гэта парафія жывая, і яна будзе жыць і развівацца.

Што ж, хай Бог дапамагае гэтай парафіі! Веры ёй, надзеі і любові!

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

Больш здымкаў з урачыстасці тут

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі