Гутарка са святаром, які вядзе душпастырскую дзейнасць сярод глухіх людзей

verejki3У Гродзенскай дыяцэзіі ў парафіі Вярэйкі Ваўкавыскага дэканата працуе кс. Валерый Лісоўскі. Акрамя звычайнай святарскай паслугі ён ужо 15 гадоў вядзе душпастырскую дзейнасць сярод глухіх людзей. “Каталіцкі Веснік” завітаў у госці да гэтага знакамітага святара і дзеліцца са сваімі чытачамі пачутым і пабачаным у Вярэйках.

– Кс. Валерый, як даўно Вы займаецеся такой незвычайнай працай?

– З 1998-га года. У той час я навучаўся ў Духоўнай семінарыі ў Гродне. Будучы клерыкам*, у сваёй вёсцы заўважыў хворую жанчыну. Яна была глухая. І я задумаўся: чаму яна не можа прымаць сакрамантаў? Чаму яе ніхто не падрыхтаваў да гэтага? Так і з’явілася ідэя працаваць сярод глухіх людзей. Я вывучыў жэставую мову і, ужо будучы студэнтам, праводзіў заняткі па рэлігіі для глухіх.

– Раскажыце больш падрабязна пра жэставую мову.

– Жэставая мова (не блытаць з мовай жэстаў, гэта розныя паняцці) распрацаваная для людзей, якія не маюць слыху або вельмі кепска чуюць. Колькасць жэстаў набліжаецца да трох тысяч. Але гэта не адзіная складанасць. Справа ў тым, што адзін жэст можа перадаваць 5 або нават 7 паняццяў. І вось тут патрэбныя вопыт і прафесіяналізм, каб добра зразумець суразмоўцу. Вядома, адразу вывучыць столькі жэстаў немагчыма. У асноўным для нармальнай камунікацыі дастаткова ведаць 500-600 жэстаў. Такімі ведамі можна авалодаць за 2-3 месяцы інтэнсіўнай падрыхтоўкі.

verejki2

– Я чуў, што жэставая мова ў розных краінах розная, гэта праўда?

– Так, сапраўды. Ёсць, напрыклад, нямецкая і французская. У Беларусі мы карыстаемся рускай жэставай мовай. Падчас вучобы і практыкі ў Польшчы мне давялося авалодаць яшчэ і польскай. Былі спробы стварыць міжнародную мову кшталту эсперанта. Яе назвалі жэстуна. Аднак, на маю думку, яе чакае лёс таго ж эсперанта. Яна не запатрабаваная.

– А што наконт беларускай жэставай мовы?

– Беларуская жэставая мова рапрацоўваецца ў Мінску ва ўніверсітэце імя Максіма Танка. Але гэта ўсё ідзе вельмі павольна. Ну, і трэба прызнаць, што беларуская жэставая мова на сённяшні дзень нават калі і з’явіцца, будзе мёртвай. Ёй не будуць карыстацца глухія людзі.

– Адкуль такая ўпэўненасць?

– Разумееце, у спецыяльных школах, дзе даюць адукацыю глухім людзям, наогул няма такога прадмета – “беларуская мова”. Вучні проста не ведаюць, як на ёй чытаць, не ведаюць значэння беларускіх слоў. Глухі чалавек не ўмее чытаць у нашым разуменні, так, як чытаем мы. У школе ён проста на памяць вывучае, як выглядае адно ці іншае слова. Другі момант. Настаўнікі ставяць націск праз увагу да вуснаў. Глухі чалавек павінен даць сабе раду ў грамадскім жыцці, дзе большасць людзей не ведае жэставай мовы. Таму ён павінен навучыцца чытаць па вуснах. А хто ў нас гаворыць па-беларуску на вуліцах? Мала хто. Таму беларуская жэставая мова – гэта пакуль што ўнікальны навуковы праект і не больш за тое.

– Я чуў, што Вы не спыніліся на Гродне і, каб дапамагчы людзям, наведваеце розныя беларускія гарады.

– Раз на месяц бываю з паслугай у Брэсце. Нейкі час ездзіў у Мінск. Цяпер там мясцовы святар адпраўляе Св. Імшу для глухіх. Быў таксама ў Віцебскай дыяцэзіі, у Докшыцах, каб дапамагчы падрыхтаваць дзяўчыну да Першай Святой Камуніі. Адлегласць не праблема. Сярод глухіх людзей ёсць вельмі шмат тых, хто шукае Бога і, на жаль, шмат тых, хто мае скрыўленае паняцце пра Бога.

– Што Вы маеце на ўвазе?

– Для мяне на самым пачатку маёй працы, калі толькі стаў святаром, было шокам чуць ад сваіх падапечных, што гэта Бог іх пакараў, і таму яны не чуюць. Такое перакананне многія з іх атрымалі ў сектах. Я прысвяціў шмат часу, каб давесці ім, што Бог ёсць любоў, што ён іх не пакараў, а палюбіў дарэшты, прыняўшы смерць крыжовую. І доказам праўдзівасці маіх слоў была мая прысутнасць. На сустрэчах яны пыталіся ў мяне: чаму ты сярод нас, чаму ты вывучыў нашу мову? Я ім адказваў: “Таму што Бог вас любіць, і Ён паслаў мяне да вас”.

verejki5– Кс. Валерый, Вы маеце ўнікальную магчымасць параўнаць звычайных вернікаў са сваімі падапечнымі ў Гродне. Ёсць якая-небудзь розніца ў падыходзе да справаў веры і рэлігіі?

– Канешне, мы ўсе вучымся быць святымі, і я не хачу ідэалізаваць асяроддзе глухіх. Але некаторыя факты гавораць самі за сябе. За пятнаццаць гадоў маёй працы супольнасць глухіх вернікаў у Гродне павялічылася да тысячы чалавек. Уявіце сабе: ні адна пара, якую я павянчаў, не развялася. Яны даражаць тым, што маюць, тым, што падарыў ім Бог. Хачу таксама адзначыць праўдзівасць і дысцыплінаванасць гэтых людзей. Глухі чалавек вельмі рэдка ідзе на падман, і таму ён сам не любіць падману. З ім трэба быць гранічна шчырым. Аднойчы кажу сваім парафіянам з супольнасці: “У Вербную Нядзелю – свята, і ўсім трэба быць у споведзі”. Аглядаюся – усе семдзесят чалавек, што былі ў касцёле, стаяць каля спавядніцы. Да такой арганізаванасці ў звычайных парафіях вернікам далёка.

– Што б Вы маглі параіць тым, хто сутыкаецца з глухімі людзьмі, — свецкім або духавенству?

– Калі чалавек толькі глухі і ў астатнім яго здароўе ў норме, то пераважна ён сам справіцца са сваімі заданнямі. Асноўнай патрэбай гэтых людзей ёсць камунікацыя. Разумееце, яны жывуць у вельмі звужаным асяроддзі такіх самых, як яны. Таму чалавек са слыхам, калі рэальна хоча дапамагчы глухому, першае, што павінен зрабіць, – гэта вывучыць жэставую мову. Хаця б сто жэстаў. Я зусім не разумею тых бацькоў, у якіх ёсць глухое дзіця і яны не ведаюць жэставай мовы. Я ім кажу: “Гэта родная мова вашага дзіцяці! Як вы можаце яе не ведаць?! Што, калі б англічанін гаварыў са сваім дзіцём па-нямецку? Ці гэта было б нармальна?..” Ну, а што датычыцца духавенства, то тут таксама ўсё проста. Святар павінен ведаць сваіх парафіянаў. І калі сярод іх ёсць хтосьці з асаблівасцямі развіцця, то трэба зрабіць усё, каб дапамагчы такому чалавек сустрэць Бога. Хацелася б, каб ва ўсіх абласных цэнтрах быў душпастыр для глухіх. Пакуль што ў Віцебску, Гомелі і Магілёве гэтага няма.

Развітваючыся, кс. Валерый падзяліўся сваімі планамі наконт арганізацыі Усебеларускай сустрэчы глухіх людзей у 2015 годзе. А пакуль тое, на заўтрашні дзень пасля нашай гутаркі ён са сваімі падначаленымі паехаў у аўтобусную пілігрымку ў Польшчу. “Яны вельмі любяць падарожнічаць”, – сказаў ён з усмешкай. Прыязджайце і вы да нас на Усебеларускую сустрэчу.”

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

 

Для зацікаўленых падаём кантактныя звесткі кс. Валерыя Лісоўскага.

 Адрас:

вул. Гродзенская, 13
231905 в. Вярэйкі
Ваўкавыскі р-н
Гродзенская вобл.
Тэл.: (8-01512) 7-36-29, +375296753309

*клерык – студэнт духоўнай семінарыі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі