Адродзім нашу музычную спадчыну

luchaj_organУ лістападзе 2014 года вось ужо ў другі раз у музычнай сталіцы Паазер’я быў праведзены фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны», які стаў не толькі важнай, але і вельмі адметнай культурнай падзеяй, новым праектам па адраджэнні багатай музычнай спадчыны Беларусі. Для яго рэалізацыі гэты рэгіён мае ўсе неабходныя падставы: і даўнія музычна-культурныя традыцыі, і адпаведную матэрыяльна-тэхнічную базу, і зацікаўленых арганізатараў. Можа таму і рыхтаваліся фестывалі хутка і з добрым настроем, з чакаемым поспехам.

У рамках фестывалю ў чатырох касцёлах у Паставах, Камаях, Лынтупах і Лучаі адбылося па 5 арганных канцэртаў, у якіх прынялі ўдзел лепшыя беларускія арганісты – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар Алоўнікаў і яго вучаніца, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Кацярына Мікалаева, лаўрэаты міжнародных конкурсаў саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Канстанцін Шараў і салістка канцэртнай залы «Сафійскі сабор» у Полацку Ксенія Пагарэлая, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кампазітар, лаўрэат міжнародных конкурсаў Вольга Падгайская, лаўрэат міжнародных конкурсаў саксафаніст Віталь Дарашук. Кожнае выступленне слухачамі ўспрымалася з непрытоенай увагай і вялікім задавальненнем. А гэтаму вельмі спрыяла грунтоўнае суправаджэнне канцэртаў вядомым мастацтвазнаўцам, аўтарам цыкла канцэртаў «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва» ў Белдзяржфілармоніі, кандыдатам мастацтвазнаўства Вольгі Савіцкай. Да выканаўцаў пасля канцэртаў падыходзілі зацікаўленыя слухачы, уручалі кветкі і падарункі. Сярод ганаровых гасцей фестывалю былі прэлат, прадстаўнік аднаго з касцёлаў Рыма Дон Карнэліа, ксёндз-магістр і кандыдат гістарычных навук, пробашч касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк, дыпламат і былы старшыня Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны.

Фестывалі не змаглі б адбыцца без зацікаўленай падтрымкі з боку мясцовых уладаў і работнікаў культуры. Намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрый Кісялёў стаў яго сапраўдным апекуном. Асаблівыя словы ўдзячнасці неабходна выказаць Пастаўскаму дэканату і ксяндзам-пробашчам касцёлаў, якія дбаюць аб арганах, спрыяюць захаванню іх у рабочым стане. Як адзначаў у час канцэртаў пробашч Камайскага касцёла Святога Яна Хрысціцеля кс. Яцэк Гутман, «арган — гэта жывы арганізм, з ім можна размаўляць, яго трэба штодзённа даглядаць»… А пробашч Пастаўскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Марыі і Святога Андрэя Падуанскага кс. Андрэй Возняк з паўслова падтрымаў ідэю фестываля, стаў яго актыўным і дасведчаным арганізатарам.

Важнай падставай для правядзення фестываляў арганнай музыкі ў Пастаўскім раёне з,явілася і тое, што ў мястэчку Камаі нарадзіўся, быў ахрышчаны і пачаў музыцыраваць на аргане мясцовага касцёла Браніслаў Руткоўскі — будучы вядомы польскі арганіст і кампазітар 20-га стагоддзя, прафесар Кракаўскай акадэміі музыкі і музычны крытык, арганізатар некалькіх міжнародных фестываляў арганнай музыкі ў Польшчы. Трэба было бачыць, з якой радасцю і зацікаўленасцю ехаў у Камаі знакаміты польскі арганіст, сённяшні прафесар Кракаўскай акадэміі музыкі Марэк Стэфаньскі, каб наведаць і пакланіцца родным мясцінам Руткоўскага, якога добра ведаюць і паважаюць у Польшчы. 1 чэрвеня бягучага года ў дзень 50-годдзя з дня смерці Руткоўскага ў Кракаве і ў Камаях адначасова адбыліся памятныя мерапрыемствы.

Сёння ў Беларусі налічваецца каля ста арганаў, якія былі ў свой час усталяваны ў каталіцкіх касцёлах. Некаторыя з іх, як напрыклад арган у касцёле Святога Тадэвуша ў в.Лучай, маюць больш за 200 гадоў. Дзякуй Богу, гэты арган як іншыя арганы ў Пастаўскім раёне, знаходзяцца ў добрым стане, бо ў свой час аб іх паклапаціліся і святары, і некаторыя мясцовыя кіраўнікі гаспадарак. Але трэба канстатаваць, што большасць з гэтых амаль ста касцельных арганаў знаходзяцца ў вельмі кепскім стане, або наогул не працуюць. Ад унікальнага аргана ў знакамітым Касцёле Дзевы Марыі ў Будславе, які быў усталяваны ў 18 стагоддзі і аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой у стылі ракако, захаваліся толькі прыгожы фасад і вонкавыя трубы. Як сказаў вядомы беларускі арганіст Канстанцін Шараў «адзінае, што касьцельныя арганы аб’ядноўвае, — гэта тое, што яны амаль усе ў вельмі дрэнным стане, патрабуюць рамонту».

І гэта з’яўляецца важнай праблемай і задачай не толькі для святароў і мясцовых парафій, але і для ўсяго грамадства, таксама як і для дзяржаўных органаў культуры. Касцёлы па сваёй сутнасці здаўна былі і застаюцца не толькі рэлігійна-духоўнымі, але і грамадска-культурнымі цэнтрамі, выконваючы высокую місію духоўна-эстэтычнага выхавання людзей. «Арганы вядуць урачыстую гармонію — казаў бы, зашумела пушча ад ветру, загаварыў бор, гоніць вецер удалечыню ўсенька…» — так пісаў Казімір Сваяк, святар і паэт, які нарадзіўся на пастаўскай зямлі.

Хочацца спадзявацца, што фестываль «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны», як і некаторыя іншыя фестывалі духоўнай музыкі стануць пачаткам рэалізацыі праграмы адраджэння старадаўніх арганаў у Беларусі, праект якой ужо рапрацаваны. Зацікаўленую падтрымку гэтага праекта выказалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўніцтва Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага фонду культуры, а таксама Польскага Інстытута ў Мінску. Правядзенне такіх фестываляў у розных рэгіёнах краіны паспрыяе захаванню саміх арганаў і збору фінансавых сродкаў на іх рэстаўрацыю. Упэўнены, што знойдуцца людзі, якія з радасцю ахвяруюць свае сродкі на аднаўленне старадаўніх, або набыццё новых арганаў. Тут добрым прыкладам можа быць актыўная святарская і грамадска-культурная дзейнасць ксяндза-пробашча Чырвонага касцёла ў Мінску Уладзіслава Завальнюка па збору сродкаў на набыццё новага аргана. Дзякуючы яму сёння Чырвоны касцёл стаў і выдатнай канцэртнай пляцоўкай, дзе пастаянна арганізуюцца канцэрты арганнай і духоўнай музыкі. Галоўнае, каб гэтая праца праводзілася з удзелам спецыялістаў, з прыцягненнем, пры неабходнасці, і замежных экспертаў. Старадаўнія і ўнікальныя арганы ў бліжэйшай перспектыве могуць быць уключаныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, стаць сапраўднымі музейнымі каштоўнасцямі.

Наяўнасць і рэгулярнае выкарыстанне арганаў паспрыяе фарміраванню канцэртных залаў у касцёлах для прэзентацыі і папулярызацыі класічнага музычнага мастацтва, падштурхне да пашырэння падрыхтоўкі беларускіх музыкантаў-арганістаў. Гэтая праграма стане адной з прыярытэтных і для Беларускага фонду культуры. Але яшчэ раз паўтаруся, вынікі гэтай дзейнасці стануць больш значнымі, калі да яе рэалізацыі далучацца ўсё, каму блізкая і дарагая наша багатая музычная спадчына.

Буду ўдзячны ўсім, хто прыме ўдзел у абмеркаванні гэтай праблемы і ўнясе канкрэтныя прапановы. Электронны адрас і тэлефон знаходзяцца ў рэдакцыі «Каталіцкага Весніка».

Тадэуш Стружэцкі, аўтар праекта і адзін з арганізатараў фестывалю, намеснік старшыні ГА «Беларускі фонд культуры»

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі