Ці можна карыстацца несумленна атрыманым дыпломам?

spisvanne“Хвала Хрысту! Амаль усе дарослыя скончылі школу, атрымалі вышэйшую ці сярэднюю адукацыю. Але, на жаль, большасць людзей атрымала гэтую адукацыю несумленна, ужываючы сродкі падману (шпаргалкі, занядбанне і да т.п.). Да такіх людзей належу і я сам.

Цяпер я працую, атрымліваю грошы, выкарыстоўваючы дыплом, які атрымаў нядобрасумленна. Ці маю я права з хрысціянскага пункту гледжання карыстацца тым, чаго не заслужыў?” Аляксей.

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Кожны чалавек атрымлівае ад Бога розныя дары, дзякуючы якім можа Яго праслаўляць, служыць бліжнім, а таксама развіваць самога сябе. Менавіта імкненне да развіцця глыбока ўкаранёнае ў прыродзе чалавечай асобы, якая ўжо з дзяцінства прагне пазнаваць тое, што вакол яе.

Гэта натуральная схільнасць пацвярджаецца таксама самім Богам, Які, ствараючы чалавека паводле свайго вобраза, аб’явіў яму сваю волю, даў “наказ кіраваць светам у справядлівасці і святасці, падпарадкоўваючы сабе зямлю з усім, што на ёй ёсць, а таксама прызнаючы Бога Стваральнікам усяго, суадносіць з Ім сябе самога і ўсе рэчы, каб праз падпарадкаванасць чалавеку ўсяго Божае імя было цудоўным па ўсёй зямлі” (Другі Ватыканскі Сабор, “Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце”, 34).

Таленты і здольнасці чалавека, а таксама дасягненні чалавецтва – гэта праявы Божай велічы і плён Яго невыказнага намеру (пар. Тамсама, 33). Хрысціянскае вучэнне абавязвае рупліва выконваць добрыя справы і свае абавязкі. З Евангелля ведаем прыпавесць пра таленты, якую Езус расказаў жыхарам Ерусаліма (пар. Мц 25, 14 – 30).

Калі праз аналогію аднесці гэтую прыпавесць да натуральных здольнасцей, дароў, талентаў, якія кожны чалавек атрымаў ад Бога, то неабходна сцвердзіць, што чалавечая асоба падобна да евангельскіх слугаў, якія атрымалі капітал дзеля яго павелічэння.

Слугі карыстаюцца дараваным, давераным, а не сваім! Іх заданне – памнажаць атрыманае. Тут можам казаць пра сумленнасць і працавітасць чалавека. Агульнавядома, што недастаткова мець нейкія здольнасці, але дзеля гарманічнага развіцця неабходна супрацоўнічаць з Божай ласкай таксама ў сферы агульначалавечых магчымасцей, г. зн. трэба іх развіваць.

Кожны чалавек атрымаў ад Бога сумленне, у глыбіні якога “адкрывае закон, які не сам ён устанавіў, але якому павінен падпарадкоўвацца і голас якога, што кліча яго заўжды там, дзе неабходна, павінен любіць і рабіць дабро, а зла пазбягаць” (Тамсама, 16). Менавіта правільна сфарміраванае сумленне, якое абапіраецца на Бога, можа дапамагчы чалавеку на працягу ўсяго жыцця пастаянна развівацца згодна з Божай воляй, дзеля асабістага шчасця і на карысць іншым. Чалавек, які паступае згодна з праведным сумленнем – сапраўды свабодны і робіць усялякае дабро таму, што так хоча, а не таму, што да гэтага прымушаны.

Вучымся не дзеля школы, а дзеля жыцця

Аўтар пытання закранае вельмі важную сферу жыцця чалавека – перыяд развіцця, звязаны са здабываннем ведаў і прафесій. Агульнавядомае лацінскае выказванне Non scholae, sed vitae discimus (вучымся не дзеля школы, а дзеля жыцця) паказвае мэту вучэння, якое павінна служыць чалавеку ўсё жыццё.

На жаль, чалавечая натура схільная не толькі да дабра, і не заўсёды атрымліваецца трымацца абранага шляху праведнасці, што ў сваю чаргу прыводзіць да граху, маральная катэгорыя якога залежыць ад матэрыі чыну, стану свядомасці і свабоды чалавека. Аднак, незалежна ад узросту асобы, несумленнасць у школе ці ВНУ (падобна як і ў працы), ашуканства, падман, у тым ліку выкарыстанне шпаргалак, спісванне (таксама з інтэрнэту) з’яўляецца грахом, які раніць Бога, бліжніх ды самога чалавека.

Нескладана ўявіць, да чаго магла б прывесці адсутнасць неабходных тэарэтычных ці практычных ведаў у выпадку адказных за жыццё і здароўе іншых медыкаў, настаўнікаў, работнікаў спажывецкай вытворчасці або аператараў розных відаў машын. Несумленнасць і абыякавасць у здабыванні ведаў звязана часта з грахом ляноты, а таксама нявернасцю сваім абавязкам. Можна часам пачуць апраўданне несумленнасці ў гэтай сферы нязначнасцю ўчынку.

Аднак нельга забываць, што малое занядбанне, якое часта паўтараецца, вядзе да граху, каторы можа стаць прычынай іншых цяжкіх грахоў і знішчае сумленне. Езус вельмі выразна сказаў: “Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім“ (Лк 16, 10).

Як выправіць шкоду з мінулага?

Пытанне, якое разглядаем, закранае таксама цноту справядлівасці, што вызначае жыццю чалавека адпаведны напрамак і дапамагае жыць разам з іншымі людзьмі ў праўдзе і згоднага з ёю вырашаць шматлікія маральныя праблемы. Несправядлівасць патрабуе выпраўлення. Пры разглядзе граху заўсёды трэба браць пад увагу маральны стан чалавека, матэрыю і акалічнасці чыну.

Магчыма, што чалавек не ўсвядоміў зло, якое рабіў, знаходзіўся пад дрэнным уплывам іншых ці кіраваўся толькі меркантыльнымі памкненнямі. У мінулым здаралася і так, што хтосьці “купляў” дыплом або нейкае пасведчанне дзеля лепшай працы ці пасады. Такія ўчынкі – вялікая несправядлівасць, якую можна прыраўняць да крадзяжу. Вернік, які з цягам часу ўсведамляе зло сваіх мінулых паводзін, добра зробіць, калі вызнае на споведзі ўчыненае і папросіць парады святара, як выправіць грэх.

Маральная тэалогія вучыць, што незаўсёды магчымае поўнае і непасрэднае выпраўленне прычыненай шкоды. У нашым выпадку ідзе гаворка пра несправядлівасць адносна бліжніх ці дзяржавы – нашага агульнага дабра. Існуе магчымасць заменнага выпраўлення, напрыклад, праз ахвяраванне часткі заробленых грошай на патрэбы дабрачынных арганізацый, удзел у дапамозе тым, хто мае патрэбу, ці нешта падобнае. Безумоўна, адным з элементаў выпраўлення мінулых дрэнных учынкаў, пра якія тут гаворыцца, ёсць сумленнасць у працы і выкананні сваіх абавязкаў, добры прыклад маладому пакаленню ці малітва за бліжніх.

На заканчэнне варта дадаць, што мінулае ў нейкай, часам значнай ступені фарміруе нашу будучыню, аднак не дэтэрмінуе яе. Вернік, памятаючы пра мінулае, з Божай дапамогай сваім “сёння” творыць сваю будучыню, часам цалкам іншую, чым ранейшае жыццё. Застаецца маліць Бога аб ласцы пастаяннага навяртання і чыстым, праведным сумленні як для сябе, так і для бліжніх.

Куплянне дыплому – вялікая несправядлівасць, якую можна прыраўняць да крадзяжу

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі