Знайсці свайго чалавека сярод тысяч людзей – справа складаная. Нашы вочы бачаць толькі знешнасць, якая прываблівае і прыцягвае да сябе. Аднак за вонкавым не заўсёды заўважаецца душа, погляды чалавека і яго жыццёвыя намеры. Каб зрабіць правільны выбар, многія звяртаюцца па параду да людзей старэйшага веку, да псіхолагаў. Але найлепшым дарадцам у справах сям’і з’яўляецца Багародзіца. Маладыя людзі спакон вякоў прыходзілі пад трон Маці Божай, просячы дапамогі і апекі ў асабістых справах. Хлопцы маліліся на ружанцы аб добрай жонцы, дзяўчаты – аб плоднасці, нараджэнні здаровых дзетак. Сем’і, якімі апякуецца Марыя, з’яўляюцца самымі трывалымі і моцнымі. Маці Божая дапамагае вырашаць маладым людзям складаныя пытанні, ахінае сваім плашчом у часы нягодаў і сямейных крызісаў.
Гісторыя сям’і Тарасюк. Зрабіць прапанову ў касцёле
Дзявятага мая. Пасля ўдзелу ў гарадскім свяце Максім і Марта едуць у Тракелі. Стаіць прыгожае надвор’е, навокал – гармонія і спакой. Марта заглыбленая ў свае думкі, яе непакояць бытавыя справы. Дзяўчыне хацелася перанесці падарожжа на іншы дзень, аднак яе хлопец настойліва запрашаў паехаць у госці да знаёмага святара. Думкі блытаюцца, а дарога падаецца бясконца доўгай. Максім, наадварот, вельмі ўсхваляваны. Гэтае хваляванне выдаюць рэзкія і парывістыя рухі.
Нарэшце маладыя людзі прыехалі ў мястэчка Марыі. Калі выйшлі з машыны, іх ахапіла незвычайнае пачуццё спакою. Максім і Марта прайшліся па тэрыторыі, палюбаваліся яе прыгажосцю, зрабілі некалькі фотаздымкаў. Затым насустрач выйшаў знаёмы святар, запрасіў закаханых зайсці ў храм. Пара ўкленчыла перад абразом Маці Божай Тракельскай, на некалькі хвілін заглыбілася ў малітву. Пасля хлопец аддаў свой тэлефон святару, папрасіў зрабіць фота, а сам дастаў з кішэні пярсцёнак і прапанаваў Марце стаць яго жонкай. Дзяўчына была здзіўленая і ўсхваляваная такім учынкам. На яе вачах з’явіліся слёзы. Марта ведала, што Маці Божая Тракельская з’яўляецца апякункай сем’яў. Гэтая акалічнасць яшчэ больш узрушыла. Усхваляваў і той факт, што прапанову малады чалавек вырашыў зрабіць у маі, які лічыцца Марыйным месяцам. У жніўні 2023 года, ва ўрачыстаць Маці Божай Чанстахоўскай, пара ўзяла шлюб, даручыўшы сваю будучыню Багародзіцы.
Марта адзначае, што па-іншаму ў іх выпадку быць і не магло, бо месцам іх знаёмства стаў Божы дом. Дзецьмі яны прыходзілі ў касцёл на заняткі па рэлігіі. Акрамя таго, Максім выконваў абавязкі міністранта. Не раз на занятках катэхезы ён кідаў сарамлівыя позіркі на бялявую дзяўчынку. А праз некаторы час наважыўся і загаварыў. Так Максім і Марта сталі сябраваць, дзяліцца радасцямі і смуткам, праводзіць разам час. Тры гады таму Максім вырашыў, што яму патрэбная менавіта такая жонка – разважлівая, сціплая і лагодная. Тады пара пачала сустракацца. Бог звёў закаханых людзей, уклаў у іх сэрцы шчырае і ахвярнае пачуццё. Маладая жонка адзначае, што ў сям’і няма сварак і звадак, а спрэчныя пытанні сужэнцы вырашаюць за размовай. Маці Божая ахінае сваім плашчом маладую сям’ю ад жыццёвых нягодаў, дае трываласць, сілы і цярпенне.
Гісторыя сям’і Грышкевіч. “Вымаліць” жонку за сем месяцаў
Вікторыя і Віталь пазнаёміліся на сустрэчы каталіцкай моладзі. У той час хлопцу было сямнаццаць, дзяўчыне – чатырнаццаць. Юнаку адразу спадабалася ўсмешлівая Вікторыя. Пасля заканчэння сустрэчы хлопец патэлефанаваў новай знаёмай і жартам прапанаваў стаць яго жонкай. Яна жартам згадзілася. З таго часу прайшло шмат гадоў, маладыя людзі пасталелі. Аднак працягвалі падтрымліваць сувязь. Хлопец зразумеў, што Віка – той чалавек, з якім ён хоча звязаць уласнае жыццё. Дзяўчына тады не марыла пра шлюб і добрага хлопца. У яе парафіі служылі законныя сёстры-шарыткі. Іх дзейнасць захапляла Вікторыю. Час ад часу яна нават думала пра кансэкраванае жыццё. Магчыма, сяброўства маладых людзей так і засталося б на ўзроўні прыязных адносін. Аднак Віталь не пакідаў думкі, каб Віка стала яго жонкай. Культ Багародзіцы заўсёды быў у хлопца на першым месцы. Ён часта звяртаўся да Маці Божай у розных патрэбах. Нябесная Мама дапамагала, згладжвала розныя сітуацыі і здзяйсняла маленькія цуды ў жыцці хлопца.
На гэты раз малады чалавек прыйшоў пад трон Марыі з чарговай просьбай. Ён пачаў штодня маліцца на ружанцы пра тое, каб Вікторыя стала яго жонкай. Сем месяцаў трывала яго ахвярная малітва. Пасля юнак адчуў, што прыйшоў час сур’ёзнай размовы з абранніцай. Ён купіў пярсцёнак і паехаў на сустрэчу. Пара выехала за горад, Віталь узяў ружанец і прапанаваў сумесна памаліцца. Калі маладыя людзі скончылі маліцца, хлопец дастаў пярсцёнак і прапанаваў Вікторыі стаць яго жонкай. Спачатку дзяўчына збянтэжылася, абяцала падумаць над прапановай, а пасля згадзілася.
У сям’і Грышкевіч нарадзілася чацвёра дзетак – Якуб, Лазар, Уршуля-Марыя і Тарэза. Сужэнцам давялося прайсці праз складанасці і выпрабаванні: адышоў у вечнасць сын Лазар. Аднак бацькі ўпэўненыя, што іх чацвёртае дзіцятка зараз у небе, разам з Багародзіцай. Сёння сям’я часта збіраецца на сумесны ружанец, дзеці разам з бацькамі спяваюць Марыйныя песні, вучацца ад дарослых паважліва ставіцца да Нябеснай Мамы, Якая атуляе іх сям’ю шчырым клопатам.
Гісторыя сям’і Малец. Найвялікшы падарунак ад Нябеснай Мамы
Сяргей і Хэлена Малец ажаніліся восем гадоў таму. Як і ўсе маладыя сем’і, яны чакалі патомства. Хэлена марыла пра той дзень, калі зможа ўзяць немаўлятка на рукі. Зацяжарыўшы, жанчына вельмі ўзрадвалася. Аднак праз некаторы час цяжарнасць перастала развівацца. Для маладой жанчыны гэта акалічнасць стала сапраўдным шокам. Яна шмат плакала і перажывала. Праз пэўны час наступіла наступная цяжарнасць. Родныя і блізкія вельмі радаваліся гэтай падзеі, якая вярнула жанчыну да жыцця, дала сілы цешыцца і чакаць сустрэчы са сваім дзіцяткам. Аднак і другая цяжарнасць скончылася трагічна. У нейкі час Хэлена адчула, што знаходзіцца ў глыбокай дэпрэсіі. Раны ад страты яшчэ баляць і крывавяць, а жыццёвых сіл зусім няма. Тады жанчына пачала штодзённа маліцца на ружанцы, просячы Маці Божую аб падтрымцы і апецы. Да ружанца праз некаторы час жанчына дадала навэнну да святой Рыты. Хэлена не пакідала мары пра дзяцей. І Маці Божая прыняла яе інтэнцыю: праз шэсць месяцаў Хэлена даведалася, што яна зноў чакае дзіця. На вачах жанчыны з’явіліся слёзы, а ў сэрцы – сапраўдная радасць. Аднак час ад часу мільгала пытанне: ці захаваецца гэта цяжарнасць?
Трэцяя цяжарнасць праходзіла дастаткова складана, у жанчыны здараліся крывацёкі, таму амаль увесь тэрмін даводзілася ляжаць. З ружанцам у руках яна чакала нараджэння дачушкі.
Аліцыя з’явілася на свет шэсць гадоў таму, напоўніўшы сэрца жанчыны сапраўднай радасцю. Нараджэнне дачкі стала вялікім падарункам для Хэлены, якая была ў роспачы. Аднак на гэтым падарункі ад Багародзіцы не скончыліся. Чатыры гады таму ў сям’і нарадзіўся сын Ігнат. Праз некаторы час у хлопчыка выявілі новаўтварэнне на печані. У бацькоў было шмат пытанняў, аднак дакладных адказаў урачы не маглі даць. Маладая мама ведала што рабіць: з першага дня пастаноўкі дыягназу яна пачала маліцца на ружанцы, просячы пра аздараўленне для свайго хлопчыка. Праз год новаўтварэнне поўнасцю знікла, а сын стаў цалкам здаровым. Хэлена ўпэўненая, што Багародзіца і ў гэты раз здзейсніла для яе цуд, закрыла ад жыццёвых нягодаў, дапамагла развязаць сур’ёзныя жыццёвыя вузлы.
З таго часу мінула некалькі гадоў. Хэлена адзначае, што за гэты перыяд яе адносіны з Багародзіцай сталі надзвычай блізкімі і цёплымі: Нябеснай Маме як Жанчыне можна даверыць любыя праблемы, папрасіць дапамогі ў складаных сітуацыях, выказаць самыя патаемныя думкі. А Маці Божая ніколі не пакіне без увагі гэтыя шчырыя просьбы, бо клапоціцца пра кожнае сваё дзіця.
Марта Венславовіч
Фота з архіву герояў