Данііл Вяржынскі: “У сваім класе адкрыта гавару пра тое, што я – католік”

Напэўна, кожны хоць раз у жыцці чуў афарызм: “Скажы, хто твой сябар, і я скажу, хто ты”. У гэтых словах закладзеная вялікая жыццёвая мудрасць, бо па сябрах і акружэнні можна зразумець, чым жыве чалавек, што яго захапляе. Гэтую думку можна таксама крыху трансфармаваць: “Скажы, хто твой ідэал, і я скажу, хто ты”.

Амаль у кожнага чалавека ёсць асоба, да якой хочацца быць падобнай. Асабліва гэтая тэма актуальная для моладзі. Футбалісты, мадэлі, спявачкі становяцца прыкладам для дзяўчат і юнакоў, якія толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях. Аднак герой нашага сённяшняга матэрыялу – пятнаццацігадовы Данііл Вяржынскі з Ашмянаў – абвяргае гэты стэрэатып, бо для яго сапраўдным прыкладам стаў каталіцкі святар Юрый Санько, з якім юнак пазнаёміўся на дыяцэзіяльных днях моладзі, што праходзілі ў Смаргоні. Там жа Данік пазнаёміўся і са зладжанай камандай PAX.TV. Маладыя людзі мелі магчымасць зазірнуць за шырму здымак, даведацца пра тое, як нараджаюцца ідэі для ролікаў, а таксама пра алгарытм іх стварэння.

– Я вельмі добра памятаю той момант, калі сустрэўся з ксяндзом Юрыем на ДДМ (Дыяцэзіяльныя дні моладзі), – прыгадвае хлопец. – Не перадаць словамі, як я ўзрадаваўся, калі ўбачыў яго. У той дзень мы працавалі з творчай камандай, каторая расказала нам пра тое, як весці такія праекты і прапанавала падрыхтаваць некалькі прапаноў для новых відэа на канал. Вось тады я зразумеў, што хачу таксама весці свой канал у TikTok, дзелячыся сваімі разважаннямі на розныя каталіцкія тэмы.

Данік некаторы час хадзіў з гэтай думкай. Неабходна было пераступіць праз хваляванне, страх перад асуджэннем і іншыя моманты. Аднак вырашыў, што патрэбна дзейнічаць. Так ён запісаў свой дэбютны відэаролік.

– Першае відэа я запісаў з сёмай спробы. Канешне, тады ў мяне не было ніякага плану, я шмат блытаўся і запінаўся. Калі выклаў відэа, то не ведаў, чаго чакаць. Але вырашыў, што раблю гэта, каб праславіць Бога і дапамагчы тым, каму гэта патрэбна. На здзіўленне, відэа мела шмат станоўчых водгукаў як ад католікаў, так і ад тых асобаў, якія не вераць.

На сваім канале Данік закранае розныя тэмы: споведзі, пакаяння, прымірэння, адсутнасці адчування Бога ў сваім жыцці, малітвы. А кожны новы ролік пачынае традыцыйнай думкай: “Прывітанне! Калі ты ў TikTok, значыць у цябе ёсць час і для Бога”. Яго аўдыторыя – гэта людзі рознага ўзросту. Аднак большую частку складае моладзь. Даступнай і простай мовай юнак дзеліцца з аднагодкамі сваімі думкамі і разважаннямі пра Бога, заклікае да малітвы і добрага хрысціянскага жыцця.

– У сваім класе адкрыта гавару, што я – католік. На жаль, бываюць моманты, калі аднакласнікі не разумеюць мяне і кажуць, што мне проста “прамываюць мазгі”. Хоць гэтыя словы крыху мяне раняць, аднак я не крыўджуся на сваіх аднакласнікаў. Наадварот, спрабую спакойна пагаварыць пра гэта.

Данік лічыць, што каталіцкая моладзь павінна быць шчырай, добрай, жыццярадаснай і, канешне, поўнай жадання жыць з Богам. Юнак і сам прытрымліваецца гэтага прынцыпу: служыць пры алтары, удзельнічае ў пілігрымках, іграе ў пастаноўках, якія ладзяцца пры парафіі. Любімым святым называе Яна Боска. Пра яго жыццёвы шлях давялося даведацца ў пілігрымцы Смаргонь – Будслаў, у якой малады чалавек удзельнічаў сёлета.

– Ужо сёння маю шмат планаў на будучыню: хачу дасягнуць поспехаў у спорце, рэалізавацца ў робататэхніцы, мець шчаслівую і дружную сям’ю. Аднак зараз жадаю разабрацца, што для мяне падрыхтаваў Усемагутны. Ну і самая мая галоўная мэта – трапіць у рай, – адзначае хлопец. – Калі думаю пра гэта, то адразу прыгадваю свае грахі і недасканаласці.

Пасля размовы з хлопцам на сэрцы застаецца светлае і прыгожае адчуванне, бо пакуль прыкладамі для сучаснага маладога чалавека будуць духоўныя асобы, за нашу моладзь можна не хвалявацца.

Марта Венславовіч

для друку для друку