22 і 23 красавіка ў законным доме айцоў вербістаў у Баранавічах адбылася сустрэча асобаў кансэкраваных ва ўзросце да 40 гадоў. Такое спатканне адбываецца ўжо не першы раз і яго мэтай з’яўляецца інтэграцыя маладых законнікаў і законніц Беларусі. У гэтым годзе падзея праходзіла пад назвай “Паслухмяныя волі Божай”, арганізатарамі якой былі салезіяне і салезіянкі.
У першы дзень маладыя кансэкраваныя мелі магчымасць больш пазнаёміцца праз супольныя гульні. Пасля інтэграцыі адбылася св. Эўхарыстыя, падчас якой а. Павел Лемех OMI прамовіў да сабраных гамілію. Пасля абеду законнікаў чакалі майстар-класы. Падчас аднаго з іх ілюзіяніст Эрнэст Літвіновіч падзяліўся з сабранымі прыёмамі, якія дапамагаюць канцэнтраваць увагу гледачоў і слухачоў, а таксама распавёў пра памылкі, якія чыняць вядучыя і лектары перад аўдыторыяй. Радасным момантам была прэзентацыя аўтарскіх фокусаў ілюзіяніста. Падчас другога майстар-класа с. Паўла Бобер MSF, якая з’яўляецца таксама псіхолагам, парушыла тэму манаскай паслухмянасці, якая паводле слоў законніцы павінна ствараць асабовасць, а не знішчаць яе. Заканчэннем дня быў вясёлы вечар, дзе манахі ўдзельнічалі ў “мазгабойні” і мелі магчымасць праверыць свае веды і эрудыцыю. Пытанні для гульні падрыхтавала моладзь з салезіянскага араторыя.
Другі дзень распачаўся ранішняй адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і Эўхарыстыяй, падчас якой гамілію прамовіў а. Павел Федаровіч MIC. Пасля супольнай “манаскай кавы”, удзельнікаў чакала канферэнцыя кс. Паўла Рудзьмана на тэму “Языком малюся і прапаведую волю Божую”. Пасля пасілку інтэлектуальнага і духоўнага, кансэкраваных чакаў пасілак добрых эмоцый. Удзельнікі мелі магчымасць атрымаць зарад пазітыву ў кантактным заапарку, дзе было вельмі шмат прыгожых жывёл і птушак.
Кс. Артур Ляшнеўскі SDB
для друку