У апошняе дзесяцігоддзе ў розных сродках масавай інфармацыі, а таксама ў вусным маўленні ўсё часцей адзначаецца паралельнае ўжыванне назоўнікаў каляска і вазок са значэннем “невялікая павозка спецыяльнага прызначэння”. І калі першы з названых варыянтаў выкарыстоўваўся і ў савецкі перыяд, то другі можна лічыць яшчэ ў пэўным сэнсе неалагізмам. Чаму варта аддаваць перавагу сёння з пункту гледжання культуры мовы? Паспрабуем разабрацца.
Назоўнік каляска падаецца ў “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (Т. 2, с. 596. Мінск, 1978) адразу з чатырма значэннямі, у тым ліку і як “лёгкія калёсікі, звычайна крытыя, для катання дзяцей”. Лексема вазок у гэтым слоўніку фіксуецца са значэннем “лёгкія сані, спецыяльна абсталяваныя для выезду” і як памяншальна-ласкальная форма да слова воз. Зразумела, што, зыходзячы з замацаваных у дадзеным слоўніку варыянтаў, мы павінны былі б лічыць памылковымі і неўласцівымі нашай мове канструкцыі кшталту Купіць дзіцячы вазок або Людзі ў інвалідных вазках.
Але мова няспынна развіваецца, а з моманту выхаду памянёнага слоўніка прайшло амаль сорак гадоў. Сённяшняя практыка канстатуе даволі высокую частотнасць ужывання назоўніка вазок у значэнні “каляска”. Прывядзём колькі прыкладаў з публіцыстычных тэкстаў: У Капенгагене з дзіцячымі вазочкамі ў большасці гуляюць таты, а не мамы (Звязда, 13.10.10); … Пешым прыходзілася лавіраваць з-за веласіпедаў, скейтараў, ролераў і матуль з вазкамі (Звязда, 5.04.11); У адным з вагонаў выдзелена зона для пасажыраў у інвалідных вазках, з дзіцячымі вазкамі, роварамі і грувасткім багажом (Наша ніва, 30.03.11); Каб убачыць немаўля, шчаслівы бацька прыехаў у радзільню на інвалідным вазку (Наша ніва, 23.01.13). Павышэнне частотнасці выкарыстання назоўніка вазок, разам з тым, не азначае, што лексема каляска парушае літаратурныя нормы. Гаворка ідзе пра тое, што адметны беларускі назоўнік вазок сапраўды паступова выцясняе кальку з рускай мовы каляска, але сёння абодва варыянты існуюць паралельна, і нярэдка гэта дазваляе аздобіць кантэкст стылістычна, пазбегнуць таўталогіі: Вялікі вазок – вялікія выдаткі. Пустая прастора каляскі выклікае ўнутраны дыскамфорт… (Звязда, 25.06.11); У цягніку прадугледжаны кандыцыяванне паветра, мяккія зручныя сядзенні, пляцоўкі для дзіцячых вазкоў, веласіпедаў, інвалідных калясак (Звязда, 28.06.11). Як бачна, вазок можа быць не толькі дзіцячы, але і прызначаны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Такім чынам, канстатуючы паралельнае ўжыванне на сённяшнім этапе развіцця беларускай мовы двух варыянтаў – каляска і вазок, – варта ўсё ж аддаваць перавагу назоўніку вазок, які мае выразную нацыянальнамоўную афарбоўку, празрыстую матывацыю (вазок – ад “вазіць”) і па-сапраўднаму ўпрыгожвае любы кантэкст.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
