Выйшаў з друку Крымінальны Кодэкс Ватыкана

Новы Крымінальны Кодэкс Ватыкана

Ватыканскае выдавецтва (LEV) апублікавала Крымінальны Кодэкс Ватыкана – выданне, якое актуалізуе заканадаўства, прынятае яшчэ ў 1929 г. і неаднаразова рэфармаванае, каб адпавядаць рэаліям часу.

Па словах біскупа Хуана Ар’ета Ачоа, сакратара Папскай Рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, адказнага за падрыхтоўку выдання да друку, апублікаваны Крымінальны Кодэкс стаў вынікам аб’яднання так званага Кодэкса “Дзанардэлі” (па імені дзяржаўнага дзеяча Італіі канца XIX ст. – пачатку XX ст.), дзеючага ў Ватыкане з 1929 г., са шматлікімі папраўкамі, афіцыйна ўнесенымі ў яго з таго часу.

Іерарх патлумачыў, што Дзяржава Ватыкан з пункту гледжання прававой сістэмы з’яўляецца дзяржавай унікальнай (sui generis), таму што “яго адзіная мэта – гарантаваць незалежнасць пастырскага служэння Святога Айца ў Касцёле”. Тым не менш, Ватыкану ўласцівы асноўныя рысы любой дзяржавы і, адпаведна, ён мае ўласныя грамадзянскія і крымінальныя законы не рэлігійнага характару.

У момант свайго заснавання ў 1929 г. Дзяржава Ватыкан узяла за аснову заканадаўства Італіі, у тым ліку Крымінальны Кодэкс, які дзейнічаў у Італьянскай Рэспубліцы з 1889 г. па 1930 г. З таго часу ў многіх істотных частках дакумент быў рэфармаваны, каб прывесці яго ў адпаведнасць з патрэбамі часу.

Біскуп Хуан Ар’ета Ачоа ўдакладніў, што Крымінальны Кодэкс Ватыкана адрозніваецца ад Кодэкса Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла тым, што не распаўсюджваецца на рэлігійныя справы і не рэгулюе пытанні, што датычаць духавенства: ён разглядае толькі злачынствы, што караюцца і ў любой іншай краіне, каб гарантаваць справядлівасць і агульны парадак.

“Тым не менш, Кананічнае Права, як сцвярджае ватыканскі закон, заўсёды з’яўляецца першаснай нарматыўнай крыніцай і першым крытэрыем інтэрпрэтацыйнага арыенціру ў дзяржаве, а гэта значыць, што, хоць гаворка і ідзе пра нормы і пакаранні свецкага характару, суддзя па крымінальных справах Ватыкана павінен браць пад увагу крытэрыі гуманнасці і сістэму каштоўнасцей, прадугледжаных кананічнай дысцыплінай”, — патлумачыў ватыканскі супрацоўнік.

Ён дадаў, што папраўкі, якія ўносіліся ў Крымінальны Кодэкс на працягу мінулага стагоддзя, служаць доказам таго, што заканадаўства Апостальскай Сталіцы развіваецца ў духу хрысціянскай міласэрнасці. Пра гэта сведчаць, напрыклад, адмена ў 1969 г. смяротнага пакарання, змякчэнне норм пакарання для непаўналетніх злачынцаў, адмена такіх мер пакарання, як ссылка або пажыццёвае турэмнае зняволенне.

У той жа час, у апошнія дзесяцігоддзі ўзніклі новыя формы злачынства, звязаныя з развіццём інтэрнэта, з незаконным абаротам наркотыкаў, фінансавымі махінацыямі, якія падштурхнулі Ватыкан да прыняцця ў 2013 г. дадатковага да Крымінальнага Кодэкса закону, які разглядае, між іншым, злачынствы супраць чалавечнасці і супраць непаўналетніх, тэрарызм і падрыўную дзейнасць і вызначае меры пакарання ў кожным з пералічаных выпадкаў.

Падсумоўваючы, сакратар Папскай Рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў нагадаў, што “аднаўленне справядлівасці абавязкова прадугледжвае намаганні па выпраўленні злачынцы, таму прызначанае пакаранне павінна заўсёды ўключаць выхаваўчае і аднаўленчае вымярэнні”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

 

для друку для друку