Інтэрв’ю: Папа Леў XIV пра міграцыю, мір і магчымасць візіту ў ЗША

Папа Леў XIV у інтэрв’ю тэлеканалам “NBC” і “Telemundo” заклікаў мігрантаў не губляць надзею, падкрэсліў місію пастыра Паўсюднага Касцёла і выказаў жаданне наведаць Злучаныя Штаты.

Пасля малітоўнай сустрэчы “Гімн міру”, якая прайшла 29 ліпеня 2026 года ў садах Кастэль-Гандольфа, Папа Леў XIV даў інтэрв’ю сеткам “NBC” і “Telemundo”.

Святы Айцец падкрэсліў, што спеў дзяцей розных веравызнанняў заклікае людзей зірнуць вышэй за адрозненні і ўбачыць супольнае багацце. Паводле яго слоў, дарослыя павінны пераняць у малых здольнасць шукаць мір і адмовіцца ад нянавісці.

“Я веру, што дзеці могуць шмат чаму нас навучыць і што мы павінны наноў адкрыць каштоўнасць, схаваную ў кожным чалавеку”, — адзначыў Пантыфік. Ён дадаў, што супольная праца на карысць міру дапаможа пераадолець канфлікты і нянавісць.

Гаворачы пра сваё паходжанне, Папа Леў XIV удакладніў, што ўспрымае сябе найперш як Пантыфіка, які толькі па волі выпадку з’яўляецца амерыканцам. Ён падкрэсліў глыбокую любоў да сваёй Радзімы, але адзначыў, што яго галоўнае служэнне – гэта роля пастыра Паўсюднага Касцёла.

Пры гэтым Святы Айцец прызнаў прынцыпы свабоды і магчымасцей, якія стварылі гісторыю Злучаных Штатаў Амерыкі. Нагадваючы пра сваю сям’ю, дзе былі як імігранты, так і рабы, Ён назваў гэты вопыт важным багаццем. “Мяне ўбачаць там”, — сказаў Папа пра магчымы будучы візіт у сваю краіну, дадаўшы, што вывучае каляндар на наступныя два гады і спадзяецца на хуткую паездку.

Асобную ўвагу ў гутарцы Святы Айцец удзяліў тым, хто пакінуў родны дом. Ён заклікаў мігрантаў захоўваць мужнасць і імкнуцца да спакойнага і ўпарадкаванага жыцця. Папа Леў XIV падкрэсліў, што для будаўніцтва здаровага грамадства неабходна пазбягаць правапарушэнняў і злачынстваў.

“Не губляйце надзеі”, — звярнуўся Пантыфік да людзей у дарозе, заклікаючы іх да мірнага суіснавання. Ён нагадаў, што менавіта надзея і адвага дапамагаюць пераадольваць найбольш складаныя выпрабаванні.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку