Факсіміле старажытнай Аквілейскай Бібліі перадалі ў Ватыкан

Старонка факсіміле старажытнай Аквілейскай Бібліі

Папскім акадэміям у Ватыкане падаравалі першы том факсімільнага выдання Аквілейскай Бібліі. Поўны праект па выданні пяці тамоў старажытнага рукапісу завершаць да 2031 года.

У Ватыкане 14 верасня 2024 года адбылася ўрачыстая перадача першага тома дакладнай факсімільнай копіі Аквілейскай Бібліі. Каштоўны манускрыпт атрымалі кардынал Пітэр Тэрксан і мансеньёр Дарыа Вігано ад імя Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі грамадскіх навук.

Акцыю арганізаваў фонд «Scriptorium Foroiuliense ETS», які плануе аднавіць усе пяць тамоў помніка да 2031 года. На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі палітычных колаў Італіі.

Арыгінал манускрыпта захоўваецца ў катэдры італьянскага горада Гарыцыя і належаў да скарбаў Патрыярха Аквілеі. Сярэднявечны помнік напісаны гатычным пісьмом у XII–XIII стагоддзях і вылучаецца высокай якасцю ручной працы.

Падчас лічбавага даследавання эксперты выявілі незвычайную асаблівасць: старонкі кодэкса перагортваюцца справа налева, аднак пераплецены ён паводле заходняй традыцыі. Гэтая нестыкоўка навяла даследчыкаў на думку пра магчымае ўсходняе паходжанне рукапісу. Медыявісты аднавілі даўнія тэхналогіі: выкарысталі баваўняную паперу, натуральныя пігменты і скураны пераплёт з латуннымі дэталямі. Высокадакладнае сканаванне дазволіла зафіксаваць найдрабнейшыя дэталі манускрыпта.

Наклад абмежаваны васьмю асобнікамі для кожнага тома. Адзін з іх прададуць на аўкцыёне, а сродкі перададуць дзіцячай бальніцы ў Мілане.

Фонд таксама працуе над праектам адпраўкі старонкі факсіміле Аквілейскай Бібліі ў космас. Раней на арбіту ўжо трапіла старонка факсіміле Бібліі Гутэнберга, створанага тым жа фондам.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

Ад рэд. Аквілейская Біблія (італ. Bibbia di Aquileia) — гэта выбітны сярэднявечны рукапісны помнік XII–XIII стагоддзяў, які першапачаткова належаў да скарбаў Патрыярха Аквілеі.

для друку для друку