Папа заклікаў спыніць насілле і аднавіць перамовы па Украіне

Папа Леў XIV пасля малітвы “Анёл Панскі” выказаў боль з прычыны новых нападаў на гарады і грамадзянскую інфраструктуру Украіны і заклікаў спыніць насілле.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” ў нядзелю 6 верасня 2026 года Папа прызнаўся, што з болем сочыць за паведамленнямі пра нядаўнія гвалтоўныя атакі на розныя гарады і аб’екты грамадзянскай інфраструктуры ва Украіне, якія прывялі да гібелі нявінных людзей. “Маё сэрца далучаецца да пакут насельніцтва, якое ўжо шмат гадоў жыве ў трывозе і страху”, — сказаў Святы Айцец.

Папа Леў XIV зноў заклікаў спыніць насілле і разбурэнне, а таксама “адкрыць сэрцы для дыялогу і міру”. Ён выказаў надзею на тое, што намаганні, распачатыя ў гэтыя дні дзеля аднаўлення перамоў, прынясуць канкрэтныя вынікі і адкрыюць прастору для дыпламатыі. “Узнясём нашу малітву да Пана, каб згода перамагла ва ўсіх канфліктах свету”, — заклікаў Папа.

Пасля гэтага Папа Леў XIV прывітаў рымлян і пілігрымаў з розных краін, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра. Асобна ён вітаў супольнасць Міждыяцэзіяльнай семінарыі “Studienhaus Sankt Lambert” з Лантэрсгофена ў Германіі, пілігрымку парафіі святога Ульдэрыка Біскупа ў Музэстрэ каля Трэвіза, а таксама дыяцэзіяльны хор Дыяцэзіі Опіда-Мамерціна-Пальмі разам з біскупам.

Папа пажадаў усім добрай нядзелі і папрасіў Бога суправаджаць і падтрымліваць людзей сваім святлом, калі пасля летняга перапынку паступова аднаўляецца звычайны рытм жыцця.

Кс. Аляксандр Амяльчэня беларуская рэдакцыя — Vatican News

для друку для друку