Папа ў Ватыкане: завяршыўся адпачынак у Кастэль-Гандольфа

Папа Леў XIV завяршыў летні адпачынак. Увечары 27 ліпеня 2026 года ён пакінуў Кастэль-Гандольфа і прыбыў у Ватыкан. У бліжэйшыя дні Святы Айцец вернецца да звычайнага рытму сваёй дзейнасці.

Ужо ў сераду, 5 жніўня, Папа ўзначаліць першую пасля адпачынку агульную аўдыенцыю ў Ватыкане, а на наступны дзень паедзе ў Асізі, дзе сустрэнецца з некалькімі тысячамі маладых людзей з розных краін Еўропы, якія сабраліся ў гэтым невялікім італьянскім горадзе з нагоды 800-годдзя з дня смерці яго самага знакамітага ўраджэнца – святога Францішка.

Перад гэтым, 29 ліпеня, Папа Леў XIV зноў наведае Кастэль-Гандольфа, дзе ўзначаліць малітоўную сустрэчу ў інтэнцыі міру з удзелам італьянскага тэнара Андрэа Бачэлі і маладых харыстаў з краін, якія пакутуюць ад канфліктаў і глыбокіх сацыяльных праблем. 15 жніўня, зноў жа ў Кастэль-Гандольфа, Папа правядзе малітву “Анёл Панскі” з нагоды ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Святога Айца чакае таксама падрыхтоўка да важных падзей бліжэйшых месяцаў: паездкі ў Францыю, запланаванай на канец верасня, і кастрычніцкай сустрэчы са старшынямі епіскапатаў з усяго свету, прысвечанай душпастырству сем’яў.

Ліпень у Кастэль-Гандольфа: адпачынак, малітва і пастырская блізкасць

У ліпені Папа Леў XIV правёў у Кастэль-Гандольфа каля трох тыдняў, прысвяціўшы гэты час адпачынку, малітве, чытанню і спорту. У гэты перыяд не праводзіліся аўдыенцыі. Папа сустракаўся з вернікамі на нядзельнай малітве “Анёл Панскі” і скіраваў да каталіцкіх супольнасцей у розных частках свету некалькі пасланняў і відэазваротаў.

Падчас адпачынку, 11 ліпеня, Святы Айцец прыняў удзел у абедзе з каля 200 падапечнымі дабрачынных структур Рымскай дыяцэзіі, які адбыўся на тэрыторыі папскіх віл, а 18 ліпеня наведаў канцэрт сімфанічнай музыкі, арганізаваны ў яго гонар дыяцэзіяй Альбана, на тэрыторыі якой месціцца папская летняя рэзідэнцыя.

У перыяд канікул Пантыфік не заўсёды знаходзіўся ў Кастэль-Гандольфа. 20 ліпеня ён здзейсніў прыватны візіт у бэнэдыктынскае абацтва Монтэ-Касіна, дзе памаліўся аб міры, а 22 ліпеня наведаў санктуарый Найсвяцейшай Тройцы ў Валеп’етры і кляштары святога Бэнэдыкта і святой Схаластыкі ў Субіяка.

Папа Леў XIV часта адпачывае ў Кастэль-Гандольфа на працягу года. Звычайна ён прыязджае туды кожны панядзелак увечары і вяртаецца позна ў аўторак. У папскай летняй рэзідэнцыі ёсць магчымасць гуляць у тэніс, плаваць у басейне і нават займацца верхавой яздой.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку